7 траўня 2024, aўторак, 9:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Акела не проста прамахнуўся

7
Акела не проста прамахнуўся

Як рэжым патрапіў у яму.

З пятнічнага перфомансу вынікае, што група турыстаў, якая захраснула на памежным складзе, ужо крытычна важная для беларускіх улад. Бо мігрантаў становіцца менш, а выдаткаў ад міграцыйнага крызісу ўсё больш.

І, атрымліваецца, што з міграцыйным крызісам Акела не проста прамахнуўся. Казаць, што Акела прамахнуўся можна было месяц таму. А цяпер Акела прамахнуўся ўжо проста ў яму, з якой можна выбрацца толькі моцна выпацкаўшыся.

Вось калі атрымаецца хаця б частку турыстаў перапіхнуць туды, куды яны хочуць, то гэта дасць беларускім уладам шанец захаваць твар. Можна будзе адлюстраваць у тэлевізары, што ў гэтым і палягала мэта. А не ў тым, каб прымусіць ЕЗ саступіць і пакаяцца. Таму што здзеклівую прапанову Польшчы даць грошай на адпраўку мігрантаў па дамах цяжка адлюстраваць як перамогу.

Калі даць заданне тэлевізару ён, вядома, пастараецца, але нават сведкі стабільнасці не павераць. Ну не дзеля ж аплаты зваротных квіткоў гэта ўсё ладзілася, насамрэч.

А Акела цяпер не ў тым становішчы, калі ён можа дазволіць сабе публічныя зневажальныя промахі. Яго, відаць, чакае складаная аперацыя ў трансплантацыі далікатных уладных паўнамоцтваў ва ўсебеларускі сход. І калі прамашка атрымаецца занадта прыкметнай, то аперацыю давядзецца праводзіць без наркозу, а скальпель можа завагацца нават у самай цвёрдай руцэ.

Так што ў пятніцу беларускія ўлады задзейнічалі ўвесь арсенал вербальных інтэрвенцый, які ў іх застаўся. Ад жаласных просьбаў «вазьміце іх сабе калі ласка, хоць хто-небудзь», да пагрозы афганскімі бежанцамі са зброяй.

Але пагрозы не дзейнічалі нават, калі яны былі свежымі і не зашмальцаванымі. Тым больш, што з дастаўкай афганскіх бежанцаў да еўрапейскіх межаў ёсць некаторыя лагістычныя праблемы. І, як я сабе разумею, наступны пункт праграмы - зноў пагрымець уласнай зброяй ля еўрапейскіх межаў. Яно, праўда, дагэтуль ні разу не дапамагло, але гэта ж не нагода, каб зноў не паспрабаваць.

І неяк само сабой атрымліваецца, што замест таго, каб выбірацца ўжо на паверхню, беларускія ўлады толькі капаюць яму яшчэ глыбейшую. І неўзабаве, відаць, закапаюцца так глыбока, што выбрацца без старонняй дапамогі ўвогуле не атрымаецца.

І дарэчы. Я тут паглядзеў і пачытаў усякага за апошнія некалькі дзён і павінен табе строга сказаць: нельга асуджаць чалавека праз асаблівасці ягонай трыбуны. Непаліткарэктна. Дыскрымінацыя атрымліваецца па катэдральнай прыкмеце.

У кожнага свая трыбуна і асаблівасці індывідуальнай трыбуны - не нагода для кпінаў. Вось у аднаго трыбуна - бранявік, а ў другога паддоны. У кагосьці трыбуна стаіць у Еўрапарламенце, а ў кагосьці на складзе. Але ўсе трыбуны роўныя і ўсе важныя. І кожны мае права на тую трыбуну, якую ён можа сабе дазволіць.

Telegram-канал «Лісты да дачкі»

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках