11 траўня 2024, Субота, 5:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Расеі самалёт з 206 пасажырамі абледзянеў падчас палёту і пачаў падаць

У Расеі самалёт з 206 пасажырамі абледзянеў падчас палёту і пачаў падаць

Паводле адной з версій, замест антыфрызу супрацоўнікі аэрапорта выкарыстоўвалі этылавы спірт.

Самалёт Airbus A320neo авіякампаніі S7, які ляцеў з Магадана ў Новасібірск, абледзянеў падчас палёту і за чатыры хвіліны знізіўся на 2,5 кіламетра, пасля чаго прызямліўся ў Іркуцку. Пра гэта паведамляе «Коммерсант» са спасылкай на Расавіяцыю.

На борце самалёта знаходзіліся 199 пасажыраў і сем чальцоў экіпажа. Самалёт вылецеў з Магадана 2 снежня. Неўзабаве пасля ўзлёту камандзір экіпажа паведаміў аб абледзяненні датчыка хуткасці самалёта і наважыў вярнуцца ў Магадан. Неўзабаве лёдам таксама пакрыліся паверхні крылаў і паветразаборнікі рухавікоў, праз што ў самалёта ўпала пад'ёмная сіла.

Праз гэта самалёт пачаў разгойдвацца ў паветры і за чатыры хвіліны страціў амаль 2,5 кіламетра вышыні. Экіпажу ўдалося ўтрымаць самалёт у паветры, аднак вярнуцца на аэрапорт у Магадане не атрымалася праз мяцеліцу. Пасля няўдалай пасадкі камандзір паведаміў, што адпраўляецца ў Якуцк.

Над Якутыяй самалёт набраў мінімальна неабходную вышыню 3 тысячы метраў, а камандзір паведаміў, што гатовы прадоўжыць рэйс. У выніку рэйс прызямліўся ў Іркуцку, не даляцеўшы да Новасібірска, бо на палёт да канчатковага пункта ў самалёта не ставала паліва, піша «Коммерсант».

Праверку здарэння распачала ўправа СК на транспарце. Суразмоўца «Коммерсанта» заявіў, што, паводле адной з версій, абледзяненне магло адбыцца праз няякасную апрацоўку самалёта ў аэрапорце Магадана. Паводле звестак суразмоўцы выдання, замест антыфрызу на аснове прапіленгліколю супрацоўнікі аэрапорта Сокал маглі выкарыстаць сродак на аснове этылавага спірту.

У S7 заявілі, што самалёт перад вылетам прайшоў супрацьабледзяняльную апрацоўку, а «метэаўмовы для ўзлёту адпавядалі дапушчальным».

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках