11 траўня 2024, Субота, 4:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэжым Лукашэнкі страляе па ўласных нагах

17
Рэжым Лукашэнкі страляе па ўласных нагах

Цяпер сотням тысяч рэвалюцыянераў будуць спачуваць мільёны.

Атака на праваабаронцаў і журналістаў выглядае не больш як імітацыяй бурнай дзейнасці. Нават калі ўсе праваабаронцы і журналісты апынуцца за кратамі або пакінуць краіну, на пратэсты прынцыпова гэта ўжо не паўплывае.

Генералы МУС і КДБ могуць даць справаздачу Лукашэнку аб «паспяхова праведзенай аперацыі». Заадно часова прыпыненыя самімі людзьмі пратэсты прыпісаць сабе як перамогу ў выніку плённай дзейнасці «сілавікоў».

У рэальнасці ў варунках прававога дэфолту не толькі ператрусы, але нават арышты праваабаронцаў не саб'юць пратэстных настрояў, але яшчэ больш абураць людзей.

Грошы і далей будуць перадаваць пацярпелым. Толькі беларусам давядзецца паскорана разбірацца, як атрымліваць фінансы праз разнастайныя інтэрнэт-сэрвісы.

А цяпер самае непрыемнае для ўладаў. Краіны старой дэмакратыі могуць доўга думаць і не спяшацца рэагаваць на разгоны дэманстрантаў і нават на катаванні ў засценках. Але як толькі дзесьці ідзе атака на журналістаў і праваабаронцаў, ва ўрадах дэмакратычных краін спрацоўвае сігнал «Аларм!» і пачынае міргаць чырвоная лямпачка сур'ёзнай пагрозы.

Калісьці краіны сучасных дэмакратый перажылі свае дыктатарскія рэжымы, і цяпер журналісты і праваабаронцы - гэта гаранты таго, што дыктатуры ніколі не вернуцца. І як вынік для Беларусі - «далейшыя санкцыі будуць прынятыя адзінагалосна».

Чым хутчэй генералы перастануць жыць мінулай вайной (у нашым выпадку разгромам дэмакратычнай апазіцыі пасля Плошчы-2010), тым будзе лепш для ўсіх.

Тады дзясяткам тысяч гатовых выходзіць на пратэст спачувалі сотні тысяч. Цяпер сотням тысяч - мільёны.

Севярын Квяткоўскі, «Радыё Свабода»

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках