10 траўня 2024, Пятніца, 10:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гонар за краіну

27
Гонар за краіну
Наталля Радзіна

Увесь свет зноў з надзеяй і сімпатыяй глядзіць на беларусаў.

Дні Волі я святкую з 1997 года. У тым годзе я, студэнтка-другакурсніца, стала працаваць журналісткай і прыйшла ў гэты дзень на першую акцыю. Потым усе наступныя Дні Волі я адзначала толькі на вуліцы - з людзьмі, якія хацелі волі ў несвабоднай краіне. Найлепшыя знаёмствы з самымі выдатнымі беларусамі адбыліся ў маім жыцці менавіта там. Гонар за сваю краіну, павага да яе гісторыі і нацыянальная самасвядомасць прыйшлі да мяне таксама там. Чамусьці менавіта 25 сакавіка Менск заўсёды быў асабліва светлым і сонечным горадам, нягледзячы на надвор'е і шэрыя міліцэйскія мундзіры.

Вядома, такое свята можна адзначаць і дома, і ў канцэртных залах, і абавязкова (дачакаемся!) - у дзяржаўных установах. Але больш за 20 гадоў я адзначаю Дзень Волі толькі на вуліцы. Першыя 13 гадоў - абавязкова ў цэнтры Менска, потым, у вымушанай эміграцыі, на плошчах розных еўрапейскіх гарадоў. Веру, што неўзабаве я змагу зноў адсвяткаваць Дзень Волі на радзіме, у цэнтры сталіцы.

Для мяне асабіста гэта не толькі дзень абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, фактычны Дзень незалежнасці. Гэта дзень пераадолення. Узгадайце, у якіх умовах бацькам-заснавальнікам БНР давялося абвяшчаць аб стварэнні нашай дзяржавы: пасляваеннае спусташэнне, перадзел свету, ціск з усіх бакоў, наступ бальшавікоў. Але беларусы знайшлі ў сабе сілы і рызыкнулі. Здаецца, што яны былі волатамі, але яны былі звычайнымі людзьмі, такімі ж як і мы - са сваімі сумневамі і слабасцямі. Але яны здолелі іх пераадолець.

Што імі рухала? Любоў да радзімы, адказнасць перад гісторыяй і будучыняй, жаданне быць свабоднымі і жыць годна ў сваёй краіне? Напэўна. Мы ж таксама сёння, праз 103 гады, перажываем тыя ж пачуцці, яны падштурхоўваюць нас да дзеянняў, не даюць спыніцца, надаюць сілы, сілкуюць надзеі.

Дзень Волі - гэта пункт адліку, повязь часоў, падзяка слаўным і смелым продкам, працяг нашай агульнай барацьбы за свабоду. Так, перад намі стаяць сур'ёзныя выклікі, але, нягледзячы на ўсе складанасці, шанцы на перамогу велізарныя. У гэты дзень нельга хавацца, гэта нашае дзяржаўнае свята. У 2020 годзе мы ўразілі ўсіх. Свет зноў з надзеяй і сімпатыяй глядзіць на беларусаў.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка Charter97.org

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках