7 траўня 2024, aўторак, 16:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Кватэра са сцягам стаічна трымалася»: Як адважны мянчук «паставіў на вушы» лукашыстаў

48
«Кватэра са сцягам стаічна трымалася»: Як адважны мянчук «паставіў на вушы» лукашыстаў

Жыхар «Пірса» вывесіў на гаўбцы нацыянальны сцяг – і «тараканы» забегалі, не ведаючы, што рабіць.

З учорашняга вечара ў сеціве абмяркоўваюць не зусім звычайныя падзеі ў жылым квартале «Пірс» пад Менскам: адзін з жыхароў павесіў на гаўбцы БЧБ-сцяг, калі каля дома з'явіліся невядомыя, сцяг ён не зняў, дзверы адчыняць адмовіўся, а праз некаторы час да дома пад'ехаў эвакуатар і звёз аўтамабіль жыхара. Сёння раніцай здымаць сцяг прыехала ўжо аўтавышка, але ў выніку гаспадар кватэры зрабіў гэта сам.

Адзін з жыхароў квартала «Пірс» расказаў tut.by, што сцягі ў той вечар вывешвалі не толькі ў гэтай кватэры. Але аднекуль з'явілася інфармацыя пра візіт невядомых, і людзі сімволіку знялі.

– Адна гэтая кватэра стаічна трымалася, – расказвае нам відавочца ўчорашніх падзеяў. – Невядомыя туды так і не патрапілі, вартавалі пад вокнамі ў машыне. Тамсама быў наш участковы. Жыхары ім дзверы не адчынялі. У раёне дзясятай вечару прыехаў эвакуатар. Жыхары квартала, чалавек 30-40, выйшлі на двор, некаторыя проста ў начнушцы выбеглі. На пытанні, што адбываецца, ніхто адказаць не мог... Нас усіх здымалі на камеры ўбудаваныя. Ну, і мы іх у адказ на тэлефоны.

Яшчэ адна жыхарка квартала расказала, што машыну ў выніку забралі ў 23.44. Аўтамабіль стаяў на паркавальным месцы, які належыць уладальнікам кватэры са сцягам.

– Мы патэлефанавалі ў міліцыю, паведамілі, што супрацоўнікі ДПС не назваліся, у іх былі перавернутыя жэтоны, але на выклік ніхто не адрэагаваў.

Журналісты здолелі пагутарыць з жыхаром той самай кватэры, які назваўся Іллёй. Ён расказаў, што блізу сёмай гадзіны вечару ўчора ў двор прыехалі нейкія людзі. Гаспадар кватэры выйшаў на гаўбец. Знізу нейкія невядомыя пачалі крычаць: «Малады чалавек з трэцяга паверха, выйдзіце пагутарыць. Гэта вы вывесілі сцяг?»

– Я адказаў, што сцяг вывесіў я. Яны спыталі, ці ведаю я, што парушаю нейкі там закон. Я не стаў адмаўляць і сказаў, каб складалі пратакол, выклікалі позвай. Я прыйду і адкажу на ўсе пытанні, дам любыя тлумачэнні. Яны на гэта адказалі: «Мы вас зразумелі», і ўсё. Ніякіх дзеянняў больш не рабілі. Гадзіны чатыры сядзелі ў машыне каля пад'езда. Потым прыехаў эвакуатар, пагрузілі машыну і павезлі яе.

Раніцай у тамбуры, дзе знаходзіцца кватэра Іллі, адключылі святло і пачалі стукаць у дзверы.

– Я пытаюся, хто стукае – не адказваюць. Падазраю, што міліцыя. Ключавы момант ва ўсім гэтым – я ніякіх патрабаванняў не чуў, толькі прапановы выйсці, праехаць у аддзяленне пагутарыць. Я лагічна адмовіўся. А далей у нас было нямое супрацьстаянне – ні ад іх патрабаванняў, ні ад мяне.

Толькі пасля таго, як у двор прыгналі аўтавышку, Ілля зняў сцяг.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках