11 траўня 2024, Субота, 4:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маладыя футбалісты, якія выходзілі на пратэсты пад бел-чырвона-белым сцягам

Маладыя футбалісты, якія выходзілі на пратэсты пад бел-чырвона-белым сцягам

Яны ўпарта працавалі над сабой.

Размовы пра тое, што беларускі футбол здрабнеў і ў ім практычна не засталося гульцоў-асоб, даўно ператварыліся ў штамп. Але, здаецца, у гэтым плане цяперашні сэзон рызыкуе стаць унікальным. Перад пачаткам чэмпіянату Мікалай Хадасевіч заўважыў, што ў «вышцы» больш няма футбалістаў-зорак. Маўляў, мінулі часы, калі адразу шпурляеш фразу: «Будзе цікава глядзець за Мілем у Берасці, а за Глебам у БАТЭ», піша для «Трыбуны» Аляксандр Івулін.

Івулін наважыў не бедаваць і знайсці патэнцыйных зорак сярод маладых футбалістаў. Аўтар самага папулярнага YouTube-праекта пра наш спорт апавядае аб перспектыўных гульцах з пазіцыяй, за якіх будзе персанальна хвалявацца ў цяперашнім сэзоне.

Іван Бахар, 22 гады, «Дынама» Менск

Пры належным падыходзе мянушку «Прафесар», якая ў свой час прыліпла да Віталя Радзівонава, можа перавандраваць да Бахара. І гэта не толькі праз тое, што Іванка скончыў школу з сярэднім балам блізу дзевяць. Ён, адрозна ад шмат якіх аднагодкаў, выглядае стала не толькі на полі, але і за яго межамі. Пад 22 гады Бахар займеў цудлоўную жонку, уласнае жытло і аўтамабіль. Праўда, значна больш асабіста мяне летась уразіла ягоная смеласць: маладзён падтрымаў жонку ў вылучэнні ў выбарчую камісію (натуральна, улады не пусцілі) і выйшаў на поле з сімвалам сумленных выбараў - белым бранзалетам на запясці.

Пазней праз гэта ў яго ўзніклі сур'ёзныя праблемы. Аднаму з самых перспектыўных футбалістаў краіны сур'ёзна пагражалі войскам. Але, паводле маіх звестак, за Бахара заступіўся і галоўны трэнер «Дынама» Леанід Кучук, і непублічны куратар «бела-блакітных» Юры Вяргейчык, а адмаўляць іхняе разуменне футбола папросту недарэчна. Бахар сапраўды добры на полі, хоць пакуль у яго не ўсё выходзіць у «Дынаме».

Затое шчырасць, з якой Іван падыходзіць да свайго рамяства, не можа пакінуць абыякавай. Просты прыклад: пасля матчу з камандаў Нідэрландаў, у якім беларусы мінімальна саступілі 1:2, ён выглядаў самым панурым чалавекам у мікст-зоне. «Убачыў свой узровень і зразумеў, куды трэба імкнуцца. Пераканаўся, што трэба працаваць яшчэ больш», - сказаў тады форвард. І ён працуе. Спадзяюся, сёлета яго нарэшце прарве.

Даніла Нячаеў, 21 год, БАТЭ

Флангавы абаронца «жоўта-сініх», які атрымаў шмат авансаў пасля дыхтоўнага матчу ў Супэркубку, падкупляе сваёй упартасцю. Пра такіх кажуць: зрабіў сябе сам. Пасля зліцця «Дняпра» з «Праменем» у 2019-м ён не здолеў уразіць трэнерскі штаб Івана Біёнчыка. Але не засмуціўся і паціснуў у арэнду ў першалігавую «Ліду», а пасля сэзону ў Д2 адправіўся ў сціплую «Белшыну». Увесь гэты час Нячаеў, які здатны есці па шэсць разоў на дзень, далей рабіў і рабіў як чорны вол.

Здаецца, што такая загартоўка пайшла на карысць гульцу, які ўвосень паўдзельнічаў у звароце футбалістаў супраць гвалту. Узімку хлопец перабраўся ў БАТЭ, дзе, здаецца, на яго сур'ёзна разлічваюць. Толькі паглядзіце, як шчыра Даніла апавядае пра свае першыя замежныя зборы (адзнака 1:26).

Спадзяюся, гэта толькі пачатак. Падабаю такія гісторыі пра імкненне і ўпартасць.

Павел Клянье, 21 год, «Тарпеда-БелАЗ»

У 2018-м Клянье яскрава бліснуў у найвышэйшай лізе: забіў некалькі шыкоўных галоў за менскае «Тарпеда» і даў пару інтэрв'ю на беларускай мове. Шкада, пасля раскідання «аўтазаводцаў» перспектыўны хлопец знік з элітных радараў.

Калі шчыра, даўно хацелася пагаварыць з ім пра князя Вітаўта, Кастуся Каліноўскага і 25 сакавіка. У выніку наша знаёмства выйшла максімальна незвычайным. Мы спаткаліся ў Менску 23 жніўня 2020. У той дзень па праспекце Скарыны шпацыравала шмат прыгожых людзей, і тут з-за спіны я пачуў сарамлівы голас:

- Аляксей, прабачце, а можна фота?

- З Аляксеем не, а з Аляксандрам можна.

Як я ачмурэў, калі павярнуўся і ўбачыў перад сабой Клянье! Хлопец выявіўся на рэдкасць адэкватным. Пагаварылі пра траўмы, гомельскі «Лакаматыў», за які летась ён забіў 10 галоў у 25 матчах, і, вядома, сітуацыю ў Беларусі. Спадзяюся, сёлета ў Жодзіне нападнік займее давер Юрыя Пунтуса і выдасць якасны сэзон.

Алег Нікіфарэнка, 19 гадоў, «Рух»

22 жніўня Алег забіў гол у Гарадзеі і прыгожа адсвяткаваў яго знакам victory і ўзнятым угору кулаком. Стала ясна, за гэтым хлопцам, які не баіцца шпацыраваць па Менску з бел-чырвона-белым сцягам, дакладна варта сачыць. Нікіфарэнка не расчараваў. Алег валодае выдатнай хуткасцю, пастаўленым стрэлам і добрым разуменнем гульні.

Праз два месяцы Нікіфарэнка зноў прымусіў гаварыць пра сябе. Гэтым разам пасля гола ў браму берасцейскага «Дынама». Даслаўшы мяч у сетку, форвард памкнуўся да трыбун, спыніўся паблізу ўскрайку поля і засунуў указальныя пальцы ў вушы - святкаванне а-ля Мэмфіс Дэпай. Але прыхільнікі «сіне-белых» успрынялі такі жэст як правакацыю ад гульца, які дэбютаваў у 1-м дывізіёне менавіта ў «Дынаме». Пасля гэтага матчу Нікіфарэнка шчыра не разумеў, чаму трыбуны абрынуліся на яго з нянавісцю. Я даведаўся пра гэта, калі мы пасля матчу ў суседніх купэ вярталіся з Берасця ў Менск. Шчырасць і адэкватнасць Алега прыемна ўразілі. Нездарма аднаклубнікі Нікіфарэнкі з «Руху» выдалі яму станоўчую характарыстыку.

Дзяніс Шчарбіцкі, 24 гады, БАТЭ

Чыста па-чалавечы хочацца, каб Дзяніса нарэшце перасталі марнаваць траўмы. Калі б Шчарбіцкі не меў праблем са здароўем, ён даўно б гуляў у значна мацнейшым чэмпіянаце. Размовы пра цікавасць да брамніка расейскіх топаў - дакладна не блеф. Найлепшы галкіпер найвышэйшай лігі 2017 года не толькі ўмее ратаваць партнёраў, але і валодае выдатнымі чалавечымі якасцямі. Шчарбіцкі быў адным з першых, хто выказаў публічную падтрымку Антону Сароку, а затым не збаяўся асудзіць гвалт.

Галоўны актыў БАТЭ павольна, але пэўна таннее: за паўтара года правёў толькі 19 матчаў, мардуецца траўмай, затое калі гуляе, то вельмі магутна

Дзмітрый Лісаковіч і Руслан Лісаковіч, 21 год і 18 гадоў, «Іслач»

Пакуль Віталь Лісаковіч дае чаду ў «Лакаматыве», ягоныя браты настроеныя прыгожа гуляць у «Іслачы». Ад розных футбольных спецыялістаў даводзілася чуць, што і Дзмітрый, і Руслан валодаюць не меншым талентам.

- У плане футбольных якасцяў я мяркую, што Руслан проста звер. У маім разуменні футбола гэта топ-футбаліст, проста топ. Калі яму дапамогуць і накіруюць, я вас запэўніваю, ён будзе гуляць і ў Англіі, і ў Гішпаніі, і ў Нямеччыне, 100 адсоткаў, - нахвальваў брата Лісаковіч-старэйшы.

У гэтым сэзоне буду хвалявацца за абодвух. Па-першае, і Дзмітрый, і Руслан могуць на роўным месцы выдаць шэдэўр. Па-другое, хочацца, каб Дзмітрый пасля траўмы звязак і не самай удалай спробы праявіць сябе ў міні-футболе яшчэ даў чаду ў вялікім футболе. Па-трэцяе, такога вялікага сямейнага найму адразу з трох файных братоў-гульцоў на элітным узроўні ў нашым футболе пакуль не надаралася.

Напішыце ў каментарах, каго ў гэтым сэзоне будзеце падтрымліваць вы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках