7 траўня 2024, aўторак, 21:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адмоўнае сяброўства: як гандаль з Кітаем б'е па беларускай прамысловасці

5
Адмоўнае сяброўства: як гандаль з Кітаем б'е па беларускай прамысловасці

Грубая кітайская мадэль развіцця эканомікі згуляла з Менскам злы жарт.

Выданне «Бусел» аналізуе эканамічныя ўзаемадачыненні Кітая і Беларусі, якое прывяло да з'яўлення адмоўнага сальда.

Беларусь не з'яўляецца краінай з сыравіннай эканомікай, але цяпер аснову экспарту тавараў на кітайскі рынак складае сыравінная група. Так, у 2020 годзе аснову экспарту склаў хларыд калію (43%), прадукцыя жывёлагадоўлі (27%) і астатняе - драўніна, цэлюлоза, лесаматэрыялы, цукар, лён і вырабы з графіту (1,7%). За мінулыя 15 гадоў Кітай цалкам замясціў на ўнутраным рынку ўсю раней экспартаваную з Беларусі прадукцыю з высокім дададзеным коштам: шыны, палімерныя паўфабрыкаты і грузавыя аўтамабілі.

У структуры таварнага імпарту з Кітая найбуйнейшымі таварнымі групамі з'яўляюцца тэлефонныя апараты для мабільных сетак, ЭВМ, апрацоўчыя станкі, кузавы аўтамабіляў, рухавікі і ўвесь спектр вырабаў лёгкай прамысловасці - ад дзіцячых ровараў і да абутку.

Разгром па плане

Прычыны эканамічнай экспансіі КНР ляжаць не толькі ў савецкім мінулым Беларусі, якая стала зборачным цэхам усяго СССР, але і мадэлі эканамічнай палітыкі, якой Лукашэнка пільнаваўся з 1995 года. Беларусь, якая страціла частку ланцужкоў кааперацыі ўнутры СНД, замяніла іх пастаўкамі з Кітая. На пачатковым этапе гэта дазволіла часткова скараціць выдаткі вытворчасці і зрабіць беларускую прадукцыю яшчэ больш прывабнай на рынку СНД у параўнанні з заходнімі ўзорамі, але толькі ў тых нішах, дзе ў беларускіх тавараў не было кітайскіх канкурэнтаў. У далейшым грубая кітайская мадэль развіцця эканомікі згуляла з Беларуссю злы жарт. Грувасткі дзяржаўны сектар, ад якога Кітай, дарэчы, адышоў у пачатку нулявых, не дазволіў аператыўна рэагаваць на імклівыя змены рынку і саступіў у канкурэнцыі з таннымі кітайскімі таварамі.

«Дадала разгрому» і камандна-планавая сістэма эканомікі Беларусі. Прадыктаваная урадам вытворчасць неканкурэнтаздольных тавараў прыводзіла да затаварвання прадпрыемстваў, росту крэдыторскай запазычанасці і наступнага банкруцтва. Гісторыя не ведае ўмоўнага ладу, але ў выпадку змены формы ўласнасці ці свабоды дзейнасці мэнэджмэнту прадпрыемстваў разбураныя цяпер заводы і фабрыкі Беларусі хаця б мелі шанец на існаванне. Гэта ў самым найгоршым варыянце сцэнару, а ў рэальнай сітуацыі змаглі б запоўніць ўнутраны рынак Беларусі ўласнай прадукцыяй.

Нягледзячы на тое, што ў 2020 годзе Кітай стаў трэцім паводле значнасці эканамічным партнёрам Беларусі (пасля Расеі і Украіны) з тавараабарачэннем на $4,5 млрд, фактычна рост тавараабарачэння забяспечаны толькі каласальнымі аб'ёмамі кітайскага імпарту.

Адмоўная дружба

Адзіным вынікам збліжэння Беларусі і КНР стаў маштабны ўвоз кітайскіх тавараў у Беларусь, што цалкам знішчыла перспектывы беларускай прамысловасці. Стратэгічнае партнёрства Пекіна і Менска нельга назваць роўным хаця б таму, што да збліжэння гэтых дзяржаў Беларусі ўдавалася захоўваць парытэт у замежным гандлі з КНР. Адмоўны гандлёвы баланс з Кітаем прыводзіць да адтоку валюты з краіны і, як вынік, да нестабільнасці нацыянальнай валюты Беларусі.

Вынікам такой эканамічнай «дружбы» стала адмоўнае сальда, якое перавысіла ў 2020 годзе $3 млрд, што складае 80% усяго адмоўнага гандлёвага сальда Беларусі ў замежным гандлі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках