11 траўня 2024, Субота, 5:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як звольнены з БелАЗа інжынер прадаўжае барацьбу

3
Як звольнены з БелАЗа інжынер прадаўжае барацьбу
ФОТА: «БЕЛСАТ»

Гісторыя Станіслава Рэпкіна, які ўдзельнічаў у Маршах.

29 лістапада па ўсёй Беларусі праходзіў мірны Марш суседзяў. Выходзілі раёны і ў Жодзіне. Сярод удзельнікаў маршу быў Станіслаў Рэпкін, цяпер ужо былы інжынер БелАЗа, паведамляе «Белсат».

«Мы сустрэліся з хлопцамі каля банка. Прайшлі па вуліцы, спыніліся ля прыступак літаральна на 10–15 хвілінаў, пагутарылі. Ніякіх сцягоў, нічога падобнага не было».

Раптам пачаўся хапун, людзей забіралі без разбору. Сілавікі затрымалі амаль усіх хлопцаў, а таксама дзяўчатаў, якія кінуліся за імі, каб даведацца, што здарылася. Схапілі і Станіслава.

Праз 72 гадзіны Станіслава Рэпкіна выпусцілі з пратаколам, складзеным паводле народнага артыкула – 23.34 КаАП. 3 снежня ён выйшаў на працу – на БелАЗ.

«Праз гэтую адсутнасць мяне пакаралі пазбаўленнем выплатаў за бесперапынны працоўны стаж, дэпрэміяваны за лістапад на 100 адсоткаў, пазбавілі матэрыяльнай дапамогі за адпачынак і так званых паўгадавых за агульны вынік працы за год. У цэлым гэта склала блізу траціны заробку. Магчыма, і больш».

Гэтую вымову наш герой пастанавіў абскардзіць, таму звярнуўся ў завадскую канцылярыю па копію пастановы.

«Працоўная змена пачынаецца ў 07:30. Я зайшоў у канцылярыю недзе блізу 07:28. Там падаў дакументы. У сваім працоўным кабінеце я быў у 07:37».

Вось за гэтыя 7 хвілінаў адсутнасці на працоўным месцы Станіславу Рэпкіну выпісалі другую вымову.

«Урэшце мяне звольнілі паводле артыкула. 13 студзеня 2021, – кажа былы інжынер вытворчага гіганта. – Звольнены за невыкананне без важкіх прычынаў працоўных абавязкаў. Як працаўнік, у якога ёсць нявыплачаныя дысцыплінарныя спагнанні. Артыкул 42.6 Працоўнага кодэкса РБ».

Адстойваць свае правы Станіслаў Рэпкін пайшоў у суд. Усяго адбылося сем судовых пасяджэнняў, пасля пятага прадстаўнікі БелАЗа зразумелі, што пацерпяць паразу ў судзе, і прапанавалі Станіславу мірнае пагадненне. З прадпрыемства хлопцу патэлефанавалі толькі праз месяц, за пару дзён да аднаўлення суда.

«Запісалі мае ўмовы – што я магу разгледзець кампенсацыю замест аднаўлення на працы і адмовіцца ад маральнай шкоды, калі мы пойдзем на мірнае пагадненне».

Толькі на судзе Станіслаў даведаўся, што ягоных умоваў мірнага пагаднення не прынялі.

Суддзя ж мяркуе дзеянні БелАЗа законнымі. Станіслаў бачыць у гэтым адну прычыну.

Ігар Комлік, рэгіянальны прадстаўнік прафзвязу РЭП, у такіх выпадках раіць звяртацца па дапамогу ў незалежныя прафзвязы і несці пазоў у суд.

«Прайсці гэтую лесвіцу трэба. Таму што ўсё ж у судовай сістэме ёсць асобы, якія прафесійна ставяцца да свайго абавязку, і можна знайсці абарону. Ну, а калі не... Гэта пакажа карціну таго, што цяпер адбываецца, і зробіць зачын на тое, што ўрэшце справа будзе перагледжаная, калі ў краіне будзе адноўленая прававая сістэма».

Рэальную прычыну звальнення Станіслаў Рэпкін, былы інжынер БелАЗа, бачыць у сваёй актыўнай грамадзянскай пазіцыі.

«Я збіраў подпісы на абарону пацярпелых працаўнікоў БелАЗа. Таксама мяне затрымлівалі паводле артыкула 23.34. Таму за мною быў кантроль. Ну, адпаведна, БелАЗ пастанавіў пазбавіцца ад непажаданага супрацоўніка».

Калі раней Станіслаў хацеў аднавіцца на працы, то цяпер жадае проста дамагчыся справядлівасці.

«Хаджу на сумоўі, спрабую ўладкавацца ў жыцці. Але не забываюся пра гэтую сітуацыю, усё роўна буду падаваць на абскарджанне ў суды».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках