11 траўня 2024, Субота, 4:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея забараніла ўезд генпракурору ЗША і дырэктару ФБР

21
Расея забараніла ўезд генпракурору ЗША і дырэктару ФБР

Масква таксама прапануе дзесяці дыпламатам ЗША ў РФ пакінуць краіну.

Масква ўвяла санкцыі супраць васьмі высокапастаўленых чыноўнікаў адміністрацыі ЗША, а таксама прапануе дзесяці дыпламатам ЗША ў Расеі пакінуць краіну, заявілі ў МЗС. Сяргей Лаўроў таксама назваў іншыя «люстраныя захады», якія Расея ўводзіць у адказ на санкцыі ЗША, паведамляе ВВС.

"Дзесяць дыпламатаў былі ўключаныя ў спіс, які нам быў перададзены з просьбай, каб яны з'ехалі. Мы адкажам на гэты захад люстрана. Прапануем таксама дзесяці дыпламатам ЗША ў РФ пакінуць нашу краіну", – сказаў Лаўроў.

Таксама Расея заявіла пра санкцыі супраць дзейных і былых амерыканскіх высокапастаўленых чыноўнікаў і дзеячаў, "датычных да рэалізацыі антырасейскага курсу" – ім забаронены ўезд у краіну. У іх ліку генеральны пракурор ЗША Мэрык Гарланд, міністр унутранай бяспекі Алехандра Маёркас, дырэктар ФБР Крыстафер Рэй, дарадца прэзідэнта ва ўнутранай палітыцы Сьюзан Райс, дырэктар Нацыянальнай выведкі Эўрыл Хэйнс і кіраўнік Федэральнага бюро турмаў Майкл Карвахаль. Таксама ўезд зачынены для Джона Болтана, экс-памочніка прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы і сталага прадстаўніка пры ААН, і Роберта Вулсі, былога дырэктара ЦРУ, гаворыцца ў паведамленні МЗС.

Лаўроў дадаў, што Масква запускае працэдуру, якая спыніць практыку найму на працу ў амерыканскія дыппрадстаўніцтвы ў Расеі грамадзянаў Расеі і трэціх краінаў. Гэтыя захады сталі адказам на амерыканскія санкцыі, уведзеныя супраць суверэннай пазыкі 15 красавіка.

Амбасадар Расеі ў ЗША Анатоль Антонаў прадаўжае кансультацыі ў Маскве, заявіў Лаўроў. Яго запрасілі ў расейскую сталіцу 21 сакавіка пасля таго, як прэзідэнт Джо Байдэн адказаў станоўча на пытанне, ці ўважае ён Пуціна за забойцу. 7 красавіка ў расейскім МЗС заявілі, што вяртанне Антонава – гэта не "пытанне найбліжэйшых дзён".

У Расеі няма магчымасці супастаўна адказаць на санкцыі ЗША ў дачыненні да суверэннай пазыкі, але гэтыя амерыканскія санкцыі пад сілу расейскай эканоміцы, заявіў кіраўнік МЗС.

Санкцыі супраць Расеі

У чацвер, 15 красавіка, прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў указ, які забараняе амерыканскім фінансавым інстытутам удзельнічаць у набыцці на першасным рынку расейскіх суверэнных аблігацый. Гэтая дырэктыва дае ўраду ЗША права ў выпадку неабходнасці пашырыць санкцыі і на расейскую дзяржаўную пазыку. Да гэтага часу ў дачыненні да расейскай дзяржпазыкі дзейнічала адно абмежаванне – са жніўня 2019 года амерыканскія інвестары не могуць удзельнічаць у першасным размяшчэнні суверэнных еўрааблігацый.

Міністэрства фінансаў ЗША таксама ўнесла ў чорны спіс шэсць расейскіх тэхналагічных кампаній, якія, як гаворыцца ў заяве, падтрымліваюць кіберпраграму расейскіх спецслужбаў, уключаючы кансультацыі экспертаў, распрацоўку праграмаў і прапанову тэхнічнай базы для спрыяння шкоднасным дзеянням у кіберпрасторы.

Мінфін ЗША наклаў санкцыі на 32 юрыдычных і фізічных асоб, якія, на думку Вашынгтона, на ўказанне ўрада Расеі спрабавалі паўплываць на прэзідэнцкія выбары ў ЗША ў 2020 годзе, а таксама праводзілі іншыя акцыі дэзынфармацыі і ўмяшання.

ЗША таксама вышлюць з краіны 10 супрацоўнікаў расейскай дыпламатычнай місіі ў Вашынгтоне.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках