11 траўня 2024, Субота, 5:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У крыжы вугорскага сабора знайшлі 176-гадовую капсулу часу

1
У крыжы вугорскага сабора знайшлі 176-гадовую капсулу часу

На яе напароліся майстры, якія рэстаўравалі старадаўні крыж, размешчаны на 100-метровай вышыні.

У крыжы самага вялікага каталіцкага сабора Вугоршчыны - Базілікі Маці Божай і Святога Адальберта ў Эстэргоме - выявілі цыліндрычную капсулу з дакументамі, якім 176 гадоў, піша «Вокруг света. Украина».

На яе напароліся майстры, якія рэстаўравалі старадаўні крыж, размешчаны на 100-метровай вышыні.

Як распавёў Чаба Торак, дырэктар казначэйства Эстэргомскай базілікі, крыж застаўся цэлым нават пасля шматлікіх бамбёжак часоў Другой сусветнай вайны. Пры гэтым на саборы засталося нямала пашкоджанняў ад бамбаванняў.

На запячатанай меднай капсуле таксама меліся множныя сляды аскепкаў ад набояў. Але калі гісторыкі знайшлі кантэйнер, яны выявілі дакументы, якія захаваліся ў амаль ідэальным стане. У іх расказвалася пра будаўніцтва базілікі ў 1822 годзе.

ФОТА: REUTERS

А змясціў капсулу ў крыж арцыбіскуп Ёжэф Капачы ў 1845 годзе. Са слоў Чабы Торака, арцыбіскуп Капачы ведаў, што не зможа скончыць будаўніцтва сабора пры жыцці. Калі крыж быў скончаны, ён захацеў пакінуць унутры памяць пра будаўнікоў той эпохі. У выніку ў капсулу змясцілі кнігу з імёнамі святароў і дакументы па гісторыі збудавання базілікі.

Яны сведчаць, што каталіцкі сабор узвялі на месцы царквы, пабудаванай больш за 1000 гадоў таму. Жалезны купал з крыжам вырабілі ў Вене, а затым перавезлі ў Эстэргом на баржах па Дунаі.

ФОТА: REUTERS

Для цырымоніі асвячэння сабора ў 1856 годзе вугорскі кампазітар і піяніст Феранц Ліст напісаў імшу. Аднак цалкам базіліку дабудавалі толькі да канца XIX стагоддзя.

Дырэктар казначэйства сабора распавёў, што неўзабаве ў крыж змесцяць новую капсулу часу для будучых пакаленняў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках