9 траўня 2024, Чацвер, 1:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Чэргі з'явіліся не толькі на станцыях тэхагляду»

8
«Чэргі з'явіліся не толькі на станцыях тэхагляду»
ФОТА: ABW.BY

Як транспартны падатак дадаў клопату беларускім кіроўцам.

Беларускія аўтааматары ўжо не першы месяц стаяць у чэргах на станцыях дзяржтэхагляду, працягваючы ставіць рэкорды ў колькасці выдадзеных дазволаў. "Аўтабізнэс" даведаўся, як гэтак заўзятае жаданне прайсці тэхагляд паўплывала на некаторыя сферы аўтамабільнага бізнэсу.

Каля траціны аўто "разварочваюць"

Са звестак статыстыкі УП "Белтэхагляд", за сакавік было выдадзена 265 702 дазволаў на допуск транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года прырост склаў 373,7%. Характэрна, што гэты паказчык на 110,9% большы, чым вынік за сакавік 2013 года. І гэта пры тым, што 2013-ы пакуль застаецца рэкордным паводле колькасці аўто, якія прайшлі тэхагляд (1 869 723).

Пры гэтым блізу 30% аўтамабіляў, якія наведалі станцыі тэхагляду, не ўдаецца з першага разу атрымаць запаветны дазвол. Топ-3 няспраўнасцяў, з якімі "разварочвалі" аўтамабілістаў, выглядае наступным чынам:

у больш чым 10% МС былі выяўленыя непаладкі, звязаныя з тармазной сістэмай;

у 6,5% былі праблемы з рухавіком і элементамі ходу;

6% аўто мелі непаладкі са знешнімі светлавымі прыборамі.

Шыбы мяняюць дапазна

Шматразовае павелічэнне колькасць ахвочых прайсці тэхагляд проста не магло не паўплываць на рынак паслуг. Да прыкладу, са слоў начальніка аддзела раздробных продажаў кампаніі "Іванка" Андрэя Леўчанкі, новаўвядзенні, звязаныя з тэхаглядам, выклікалі рост попыту на аўтамабільныя шыбы ў 2-3 разы.

"За апошнія месяцы работы мы вельмі добра адчулі на сабе тое, што беларускія аўтамабілісты сталі масава праходзіць тэхагляд. З пачатку года было ўжо тры хвалі, прычым апошняя дагэтуль не сціхае.

Першы значны рост попыту назіраўся адразу пасля Новага года, калі выплата дзяржаўнага збору была адвязаная ад праходжання тэхагляду. Другі званочак быў пасля таго, як увайшоў у дзеянне абноўлены КоАП. Трэцяя хваля пайшла ўжо пасля таго, як у СМІ з'явілася інфармацыя, што першыя "лісты шчасця" за няпройдзеным тэхагляд дайшлі да сваіх адрасатаў.

Істотнае ажыўленне на рынку аўташкла мы бачым як па сетцы сваіх ўсталявальных цэнтраў, так і паводле колькасці адгрузак тавару нашым аптовым партнёрам. У пікавыя дні былі чэргі, даходзіла да таго, што апошнія кліенты выязджалі з нашага сэрвісу не а 20.00, а 21.00-21.30. Акрамя таго, праз вялікі наплыў кліентаў трохі вырас і час чакання, але агулам рост попыту ўдаецца задаволіць".

Дарэчы, яшчэ ў снежні мінулага года мы правялі апытанне сярод падпісчыкаў нашай групы Вконтакте. З яго выніках высветлілася, што ў траціны апытаных пярэдняя шыба патрабуе замены.

Чарга на зварку і афарбоўку

Кузаўшчык Міхаіл з Гародні прызнаўся «Аўтабізнэсу», што такой колькасці ахвотных пераварыць парогі ён яшчэ не сустракаў.

"З надыходам вясны традыцыйна расце колькасць ахвотных заняцца кузаўным рамонтам, але ў гэтым годзе ажыятаж пачаўся яшчэ ў лютым. Цяпер прыкладна палова кліентаў - тыя, хто не змог прайсці тэхагляд праз вонкавы выгляд. Людзі прыязджаюць і пачынаюць скардзіцца, што не атрымалі допуск праз гнілыя парогі і г.д. Дзесьці з канца студзеня ёсць пастаянная чарга на 2-3 тыдні. Калегі, з якімі падтрымліваю кантакт, таксама адзначаюць, што працы гэтай вясной прыкметна больш, чым годам раней".

Небывалая цікавасць да рэгулявання фар

Са слоў кіраўніка аддзела продажаў кампаніі "Аўтасетка" Андрэя Бокшы, найбольш прыкметна вырас попыт на паслугі рэгулявання святла фар.

"Калі раней на працягу месяца было ўсяго некалькі зваротаў з нагоды рэгулявання святла фар, то цяпер іх блізу дваццаці. Другой паводле папулярнасці паслугай, на якую вырас попыт праз тэхагляд, выявілася праверка і рамонт тармазной сістэмы.

Менш прыкметна вырас попыт на рамонт падвескі і стырнавога кіравання. На продажы шын і паслугах шынамантажу гэты ажыятаж практычна не адбіўся".

Наш вердыкт

Як бачым, тэхагляд даў працу некаторым сферам беларускага аўтабізнэсу. Колькасць заказаў у многіх значна павялічылася, у шкляроў і кузаўшчыкаў з'явіліся чэргі. Вялікай папулярнасцю сталі карыстацца паслугі карэктавання святла фар. Аўтамабілісты сталі надаваць больш увагі тармазной сістэме, падвесцы і стырнавому кіраванню.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках