21 красавiка 2021, Серада, 8:43
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Робат Boston Dynamics прыняў удзел у вайсковых вучэннях у Францыі

Робат Boston Dynamics прыняў удзел у вайсковых вучэннях у Францыі

Выкарыстанне робатаў запавольвала праходжанне ўчастка, але дазваляла захаваць жыцці салдатам.

Чацвераногі робат Spot кампаніі Boston Dynamics прыняў удзел у вучэннях, якія праводзіла французскае войска. Як паведамляе The Verge, якую ролю выконваў робат, дакладна невядома, але імаверна, што ён выкарыстоўваўся для разведкі.

Фатаграфію з удзелам робата апублікавала вайсковая школа École Spéciale Militaire de Saint-Cyr. Там заявілі, што робата выкарыстоўвалі «для павышэння дасведчанасці студэнтаў аб выкліках заўтрашняга дня», між іншым, рабатызацыі поля бою.

Паводле звестак газеты Ouest-France, Spot быў адным з многіх робатаў, якія выкарыстоўваліся школай, для разумення таго, наколькі такія апараты могуць быць карысныя для правядзення аперацый. У самой Boston Dynamics заявілі, што робата паставіў еўрапейскі дыстрыбутар і кампанія нічога не ведала аб яго выкарыстанні падобным чынам.

Падчас двухдзённых вучэнняў французскія салдаты даследавалі некалькі сцэнарыяў, кожны з якіх паўтаралі з удзелам робатаў і без іх. Выявілася, што выкарыстанне робатаў запавольвала праходжанне ўчастка, але дазваляла захаваць жыцці салдатам.

Адным з негатыўных момантаў выкарыстання робата вайскоўцы назвалі тое, што яго батарэя высільваецца і неабходны час на яе падсілкоўванне.

Як адзначае выданне, выкарыстанне робата падчас вучэнняў падымае пытанне пра тое, якім чынам ён будзе выкарыстоўвацца ў будучыні. Так, умовы выкарыстання Spot забараняюць прычыняць шкоду людзям або жывёлам з яго дапамогай, а таксама выкарыстоўваць яго ў якасці зброі і ўсталёўваць зброю на яго. Выкарыстанне робата ў разведвальных мэтах, на першы погляд, не нясе ніякай шкоды, але калі такая выведка ладзіцца перад наступам, гэта можа змяніць погляд на сітуацыю.

фотa: twitter.com/SaintCyrCoet
Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».