4 траўня 2024, Субота, 19:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што расказалі людзі, якія падалі заяву на Лукашэнку ў пракуратуру Нямеччыны

15
Што расказалі людзі, якія падалі заяву на Лукашэнку ў пракуратуру Нямеччыны
фота: dpa

Дыктатара могуць абвесціць тэрарыстам.

Нядаўна ў Федэральную пракуратуру Нямеччыны была пададзеная заява на Аляксандра Лукашэнку аб здзяйсненні ім злачынстваў супраць чалавечнасці ад імя 10 чалавек. «Нямецкая хваля» расказала гісторыі двух з іх.

«Не адчуваў рук да локця»

«Я амаль не сплю, мне выпісваюць антыдэпрэсанты і снатворнае. Я да гэтага часу не адчуваю кончыкаў пальцаў пасля катаванняў... Расказваць пра тое, як цябе білі, прыніжалі, пагражалі засунуць дубінку ў анальную адтуліну, – гэта не тое, чым хацелася б дзеліцца. Мне непрыемна пра гэта ўспамінаць», – кажа Валерый Самалазаў амаль трагічным голасам.

Валерый Самалазаў – айцішнік з Беларусі, з ліпеня 2020 года ён працаваў у Вялікай Брытаніі, а ў жніўні прыехаў у адпачынак у Беларусь. 10 жніўня яго затрымалі, калі ён ішоў на сустрэчу з калегам.

«Я ішоў па ходніках. Мяне атачылі, сталі задаваць пытанні. Я адказваў ветліва, паказаў ім пасведчанне. Але мая майка (з чэрапам. – Рэд.) стала трыгерам. На ёй быў проста дыснэеўскі сімвал фільма "Карнік". Але ён іх так зачапіў. Сказалі, што гэта яшчэ і сімвал батальёна "Азоў". І ўвесь час нагадвалі пра гэтую майку перад тым, як біць», – успамінае Валерый.

Увагу сілавікоў звярнулі і знойдзеныя ў яго брытанскія банкаўскія карты, сім-карта на ангельскай, званкі ў Вялікую Брытанію на тэлефоне: «Яны меркавалі, што ўзялі арганізатара пратэсту». Першы ўдар у грудзі Самалазаў атрымаў у дворыку непадалёк ад вакзала, далей, перадаючы з рук у рукі, сілавікі прасілі аддаць «замежнаму шпіёну» асаблівую ўвагу.

«Самае жорсткае абыходжанне было ў РУУС Заводскага раёна і ў аўтазаку па дарозе з РУУС у СІЗА ў Жодзіна. Аўтазак – гэта катавальная камера на колах. У аўтазаку многія людзі крычалі, плакалі, маліліся, кагосьці званітавала. Я сам два разы свядомасць страчваў ад болю», – расказвае Валерый. Ягоныя рукі, складзеныя за спінай, пераціснулі шырокай сцяжкай і, бачачы, што ён моўчкі пераносіць боль, іх выкручвалі яшчэ мацней, суправаджаючы ўдарамі.

«Нада мной нахіляліся і шапталі: "Я бачу, ты болю не баішся. Зробім так, каб было балюча". Кровазварот спыніўся, праз нейкі час я не адчуваў рук да локця. Станавілася невыносна балюча. Тады я сабраўся з духам папрасіць іх аслабіць сцяжкі. Сказаў, што ў мяне трое дзяцей і я не змагу іх пракарміць без рук. Але да мяне падляцелі і загнулі рукі за спінай яшчэ больш да галавы. Тады першы раз ад болю страціў прытомнасць», – прадаўжае Валерый. Пасля другой просьбы ўсё паўтарылася.

Калі яго прывезлі ў СІЗА горада Жодзіна, яму адзінаму загадалі застацца ў аўтазаку: «Сказалі стаяць на каленях, потым трэба было ўстаць. Я не змог, упаў. Мяне паднялі, паставілі да сцяны і пачалі біць па галаве, па грудзях, па жываце, па нагах. Потым выштурхнулі з аўтазака. Потым стаяў на каленях, пакуль не назвалі прозвішча. Зноў жа людзі ў масках сказалі, каб мне «аддалі асаблівую ўвагу».

Валерыя Самалазава выпусцілі з СІЗА ў Жодзіна праз 84 гадзіны пасля затрымання. Два наступныя тыдні ён правёў у шпіталі з чэрапна-мазгавой траўмай і траўмай рук. Акрамя даведкі з СІЗА і лякарні дакументы, якія тычацца яго затрымання, не выяўленыя.

«Не знайшлі пратакол. Маёй справы няма ні ў РУУС, ні ў Жодзіне. Суда не было», – кажа Валерый. Ён падаў скаргу на МУС за пабоі, але ў пачатку крымінальнай справы адмоўлена «ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства». Вярнуўшыся ў Лондан, Самалазаў звярнуўся да юрыстаў, каб у Вялікай Брытаніі распачаць справу ў рамках універсальнай юрысдыкцыі. Але паводле законаў гэтай краіны такое магчыма, толькі калі абвінавачаны знаходзіцца на яе тэрыторыі.

Таму Валерый пастанавіў далучыцца да пазову, пададзенага на нямецкую пракуратуру. «Я спадзяюся, што юрыдычна гэтыя факты будуць задакументаваныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю, і, беручы да ўвагі, што гэтыя злачынствы без тэрміну даўнасці, справядлівасць будзе адноўленая», – адзначае Валерый.

Справядлівасці ён дамагаецца не толькі для сябе: «У Беларусі людзі баяцца выказацца, таму што адразу ж прыйдуць да іх дадому, забяруць дзяцей, звольняць з працы, закрыюць у турме. Беручы да ўвагі, што я знаходжуся ў адноснай бяспецы, мне хацелася б, каб злачынствы супраць усіх маіх суграмадзянаў былі зафіксаваныя».

«Абвінавачвалі ў тым, што мы "лялькаводы"»

Кацпер Сініцкі – журналіст-фрылансер з Варшавы, які ў жніўні прыехаў у Менск, каб асвятляць падзеі ў Беларусі. Яго затрымалі 10 жніўня ў цэнтры Менска ў раёне вуліцы Няміга. «Я проста ішоў па вуліцы з сваім сябрам-фотарэпарцёрам. Нас забралі ў бусік да аўтазака, а потым у аўтазаку перавезлі ў Фрунзенскі РУУС Менска. Там мы пацярпелі ад збіцця, наслухаліся розных абразаў, звязаных з нашай нацыянальнасцю. Нас абвінавачвалі ў тым, што мы "лялькаводы", якія прыехалі кіраваць пратэстам і ладзіць каляровую рэвалюцыю», – дзеліцца Капцер.

У выніку ён правёў крыху больш за 72 гадзіны ў Фрунзенскім РУУС і СІЗА ў Жодзіне. Збіваць яго пачалі яшчэ да таго, як даставілі ў РУУС. «Майго сябра збівалі ўжо ў бусіку, ён страціў прытомнасць. Мяне збівалі ў аўтазаку. Але горш за ўсё было менавіта ў РУУС. Там нас клалі тварам у падлогу з шчыльна замацаванымі рукамі за спінай, трымалі ў нязручных позах. Мы не маглі рухацца, нас неаднаразова палохалі, казалі, што калі будзем рухацца, то выб'юць усе зубы. Таксама прымушалі стаяць на каленях тварам у падлогу. Ногі зацякалі», – успамінае Кацпер.

Паводле ягоных словаў, таго, хто не мог у такой позе вытрымаць, дадаткова збівалі дубінкай: «Нас неаднаразова выводзілі ў калідор, там збівалі. Мы чулі крыкі іншых людзей. Была бачная кроў. Быў псіхічны ціск: супрацоўнікі хадзілі, размахваючы бейсбольнай бітай, і мы не ведалі, чаго чакаць. Нам не дазвалялі піць ваду, не давалі есці, спаць, выйсці ў прыбіральню. Дзеялася поўнае беззаконне».

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках