19 траўня 2024, Нядзеля, 2:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У ААН перададуць звесткі аб катаваннях у Беларусі

9
У ААН перададуць звесткі аб катаваннях у Беларусі

Створаная спецыяльная платформа для Беларусі прыцягнення вінаватых да адказнасці.

Міжнародная платформа для Беларусі прыцягнення вінаватых да адказнасці (IAPB) перадасць сабраныя сведчанні для далейшага расследавання пад эгідай ААН, паведаміў кіраўнік платформы Енс Модвіг.

IAPB была створаная для збору, правярання і захоўвання звестак аб сур'ёзных парушэннях правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх, каб затым выкарыстоўваць іх для незалежнага крымінальнага расследавання і пакарання вінаватых. Платформа аб'ядноўвае праваабарончыя арганізацыі збольшага з краін Еўропы. Узначальвае яе данскі інстытут супраць катаванняў Dignity і яго медыцынскі дырэктар Енс Модвіг.

Як адзначыў DW Модвіг, інстытут Dignity наважыў удзельнічаць у гэтым праекце, бо ў ім працуюць эксперты ў медыцынска-прававым дакументаванні катаванняў. "Гэта добрая магчымасць для экспертных арганізацый унесці свой уклад у дакументаванне і расследаванне грубых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, нароўні з міжурадавымі механізмамі пад эгідай ААН, і дапамагчы ў зборы довадаў, пакуль яны яшчэ існуюць, - заявіў эксперт. - Так, медыцынскі агляд ужывання катаванняў і жорсткага абыходжання магчымы толькі на працягу некалькіх дзён або тыдняў, таму дакументаванне мае адбывацца як мага хутчэй».

Платформа пачала дзейнасць 24 сакавіка. На гэтым этапе, са слоў Модвіга, «распрацоўваюцца фарматы і працэдуры, якія затым будуць ужываць для правярання ўжо існых выпадкаў, а таксама для бесперапыннага збору новых звестак».

Збор і спраўджвання звестак ажыццяўляецца «ў шчыльным супрацоўніцтве з беларускімі праваабарончымі арганізацыямі, якія ўжо сабралі шмат выпадкаў ужывання катаванняў і далей гэтым займаюцца, нягледзячы на рэпрэсіі». «Гэтыя звесткі знаходзяцца ў нашым распараджэнні, і ў наступныя месяцы яны будуць папаўняцца. У рамках платформы мы будзем далей працаваць над паляпшэннем эфектыўнасці іх збору і аналізу», - адзначыў кіраўнік IAPB.

Паводле ягоных слоў, платформа будзе дзейнічаць як падрыхтоўчы механізм, пакуль распачаты ў ААН механізм збору довадаў аб парушэнні правоў чалавека ў Беларусі не пачне дзейнічаць. «Адпаведна, мы перадамо сабраныя сведчанні для далейшага расследавання пад эгідай ААН. Гэта значыць, мэты адны і тыя ж», - пракаментаваў Модвіг.

Ён падкрэсліў, што «гэтая платформа з'яўляецца беспрэцэдэнтнай». «І хоць усе арганізацыі-удзельніцы маюць вялікі досвед у дакументаванні парушэнняў правоў чалавека, упершыню такі кансорцыюм пры падтрымцы вялікай колькасці краін створаны для таго, каб запоўніць прагал, пакуль не пачне дзейнічаць міжнародны механізм дакументацыі і расследавання на базе ААН», - заявіў эксперт.

Са слоў Модвіга, 19 краін, якія падтрымалі стварэнне платформы, даюць толькі фінансаванне, аднак «ніяк не ўцягнутыя наўпрост у яе дзейнасць». «Я ўпэўнены, што ўсе яны будуць уважліва сачыць за ёй, але не могуць на яе ўплываць», - сказаў ён.

У ліку цяжкасцяў у дзейнасці платформы прадстаўнік Dignity назваў «бяспеку ахвяр катаванняў, сведак і праваабаронцаў у Беларусі», якія, з ягоных слоў, «знаходзяцца пад пагрозай праз рэпрэсіі з боку рэжыму». «Платформа мае працаваць, пры гэтым рызыка для ўсіх залучаных мае быць мінімальная», - уважае эксперт.

Ён таксама падкрэсліў, што «платформа ні ў якім разе не заменіць функцыю пракурораў і суддзяў». «Мы будзем збіраць матэрыял, які можна будзе выкарыстоўваць у якасці довадаў у наступных крымінальных расследаваннях. Тады абвінаваўцы змогуць даць гэты матэрыял у судзе, - сказаў Модвіг. - На жаль, мы не чакаем, што беларускія ўлады ў агляднай будучыні будуць удзельнічаць у крымінальным пераследзе тых, хто вінаваты ў парушэннях правоў чалавека. Таму справядлівасць можа быць дасягнутая альбо з дапамогай міжнародных механізмаў, альбо шляхам універсальнай юрысдыкцыі. Калі гэта стане магчымым, то тыя, каго аб'ядноўвае платформа, будуць супрацоўнічаць у рамках такіх механізмаў».

Модвіг выказаў спадзяванне, што «ўсіх вінаватых у сур'ёзных парушэннях правоў чалавека неўзабаве аддадуць правасуддзю тым альбо іншым шляхам».

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках