На выездзе з Беларусі - шматкіламетровыя чэргі грузавікоў
4- 30.05.2021, 20:50
- 10,294
Найбольшая чарга ў «Каменным Логу», «Беняконях» і «Урбанах».
На выездзе з Беларусі ў Літву, Латвію і Польшчу назапасіліся чэргі з сотняў грузавікоў. Такая інфармацыя вынікае са звестак Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі.
На 18:00 30 траўня на выезд у Латвію ў пункце пропуску «Грыгораўшчына» чарга з больш як з 310 грузавікоў, у пункце «Урбаны» - больш за 340. На выезд у Літву рэкорд трымае «Каменны Лог» - больш за 470 фур. Таксама высокая загрузка ў «Катлоўцы» (больш за 310) і «Беняконях» (больш за 360).
З Польшчай сітуацыя крыху лепшая, хоць усё па-рознаму: у «Брузгах» больш за 200 грузавікоў, у «Бераставіцы» - больш за 80, у «Казловічах» - больш за 120 грузавікоў.
Таксама, мяркуючы са звестак рэсурсу isokolka.eu, на ўезд у Беларусь з боку Польшчы таксама вялікія чэргі: учора кіроўцы грузавікоў чакалі рэгістрацыі ў «Кузніцы» па 16 гадзін.