Дрэвы на аўто, адключэнне электрычнасці, сарваныя дахі: што нарабіла стыхія ў Беларусі
- 4.05.2021, 11:45
- 5,908
У МНС распавялі пра наступствы моцнага ветру 3 траўня.
Адключэнне электрычнасці, паваленыя дрэвы і пашкоджаныя самаходы і будынкі - усё гэта стала вынікам моцнага ветру ў Беларусі ў панядзелак, 3 траўня. Пра гэта паведамляе прэс-служба МНС Беларусі.
Парывы ветру 3 траўня, паводле інфармацыі МНС, дасягалі хуткасці 22 м/с. У выніку непагадзі пацярпелі па адным населеным пункце ў Віцебскай, Гарадзенскай і Магілёўскай абласцях - пашкоджаны дахі двух жылых дамоў і адной сельгаспабудовы.
Таксама моцны вецер валіў дрэвы - усяго зарэгістравана 47 такіх выпадкаў ва ўсіх рэгіёнах, акрамя Гарадзеншчыны, амаль дзве траціны з якіх прыйшліся на Менск і Менскую вобласць. У выніку падзення дрэў ніхто не пацярпеў, аднак былі пашкоджаны два легкавікі.
Моцны вецер пакінуў без святла 330 населеных пунктаў па ўсёй Беларусі, больш за ўсё ў Менскай і Гарадзенскай абласцях, аднак значная частка непаладак была аператыўна ліквідаваная. Таксама ў панядзелак электрычнасць знікала ў 38 сельскагаспадарчых пабудовах і 1 310 трансфарматарных падстанцыях.