5 траўня 2024, Нядзеля, 5:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Калапс для малых прадпрымальнікаў: беларускім ІП забароняць набываць тавар за мяжой за гатоўку

7
Калапс для малых прадпрымальнікаў: беларускім ІП забароняць набываць тавар за мяжой за гатоўку

Дробны бізнэс проста не зможа выканаць гэтую ўмову.

З 9 ліпеня ІП забароняць набываць тавар за мяжой гатоўкай. Прадпрымальнікі асцерагаюцца, што гэта паралізуе іх дзейнасць, піша nn.by.

Што ж адбылося? Вясной 2019 года Нацбанк ужо ўводзіў такую забарону. Але тады прадпрымальнікам удалося правесці перамовы і змяніць сітуацыю на сваю карысць. Прынятая была пастанова і зробленае выключэнне для невялікіх угод - калі ІП за адзін раз набываў за мяжой тавару на суму, не большую за 100 базавых, то мог разлічвацца гатоўкай.

У красавіку 2021 года Савет міністраў і Нацбанк прынялі пастанову №203/4, якая сярод іншага касуе і гэта абмежаванне. Гэта значыць, купля прадпрымальнікам тавару за мяжой на ўсякую суму павінна праходзіць па безнаяўным разліку. Гэта пастанова набывае моц з 9 ліпеня.

Старшыня грамадскага аб'яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка тлумачыць: большасць ІП разлічваюцца гатоўкай і не змогуць выканаць новыя ўмовы. Асабліва пацерпяць прадпрымальнікі з раёнаў, якія набываюць тавар для продажу дробнымі партыямі - і яны вымушаныя будуць павялічваць кошты.

«Калі ёсць фірма, якая займаецца вялікімі пастаўкамі, то на іх аб'ём тавару выдаткі кладуцца нязначныя - адсоткі за пералічэнне, адкрыццё рахунку, падаткі. А калі вязеш маленькую партыю, то гэтыя выдаткі парой роўныя кошту тавараў і вядуць да падаражання да 100%. У Расеі ніхто не будзе на безнаяўнай аснове адпускаць пяць кофтачак ці пяць пар абутку».

Падчас эпідэміі каранавіруса прадпрымальнікі працу не спынялі, нягледзячы на закрыццё межаў. Яны не маглі выехаць самі, таму ўкладалі дамовы з транспартнымі кампаніямі, заказвалі тавар, а замежныя партнёры яго адгружалі. Разлічвацца можна было гатоўкай.

«З увядзеннем новых правілаў будзе гіганцкімі тэмпамі развівацца ценявы сектар. У нас і так цэны ўверх пайшлі, цяпер яшчэ вырастуць. Мы накіравалі зварот у Саўмін і Нацбанк з просьбай аднавіць ранейшую норму. Гатовыя размаўляць на ўсякай дыялогавай пляцоўцы», - запэўнівае Анатоль Шумчанка.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках