11 траўня 2024, Субота, 3:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Хто захоча ў Расеі звязвацца з безнаяўнымі разлікамі дзеля 20 каробак абутку?»

11
«Хто захоча ў Расеі звязвацца з безнаяўнымі разлікамі дзеля 20 каробак абутку?»
ФОТА: RFE/RL

Беларускім ІП забараняюць выкарыстоўваць гатоўку за межамі краіны ва ўгодах.

Пастанова набудзе моц з 9 ліпеня 2021 года. Дакумент размешчаны на сайце РГА «Перспектыва».

- Цяпер ІП абавязаныя нароўні з юрыдычнымі асобамі выконваць умовы валютнага рэгулявання, у тым ліку, аплату тавараў ажыццяўляць толькі безнаяўнымі разлікамі праз набыццё валюты на біржы. Урад і Нацбанк нанеслі сур'ёзны ўдар па ІП, - заявіў у экспрэс-каментары «Салідарнасці» старшыня РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.

Ён падкрэсліў, што дакумент прыняты без якіх-небудзь кансультацый з самімі прадпрымальнікамі. І патлумачыў, якія могуць быць наступствы.

- Улічваючы, што 99% разлікаў ІП у гандлі з іншымі краінамі ў закупах тавараў адбываецца гатоўкай, можна сцвярджаць, што пасля 9 ліпеня гэты бізнэс праз нейкі час спыніцца і спыніць працу. Падвозу новага тавару не будзе, падаткі плаціць не будзе чым, арэнду і ФСАН таксама.

Ці ж ІП, якія не змогуць працаваць паводле гэтага закона, будуць ўтойваць інфармацыю пра колькасць увезенага тавару, падаткі, і, як вынік, у геаметрычнай прагрэсіі будзе развівацца ценявы сектар эканомікі. ІП будуць сыходзіць у цень, і кантраляваць усіх будзе немагчыма, - мяркуе лідар «Перспектывы».

Ён нагадаў, што два гады таму ўрад ужо спрабаваў прыняць такі закон, аднак тады грамадская арганізацыя змагла абараніць інтарэсы прадпрымальнікаў.

- Тады мы змаглі аператыўна паўплываць на тое, каб яго скасавалі. Але нас папярэдзілі: гэта часова. Мы прапанавалі перад прыняццем чарговай пастановы даведацца пазіцыю і аргументы саміх прадпрымальнікаў, аднак з намі зноў ніхто ніякіх перамоваў не праводзіў, - працягвае Шумчанка. - Мяркую, што ў гэтым пытанні павінен быць прынцып добраахвотнасці, і чалавек сам павінен выбіраць, як яму зручней працаваць. Бо галоўнае, каб людзі выплачвалі падаткі.

Сярод прычын, якія не дазволяць беларускім ІП перайсці на безнаяўны разлік, ён назваў, у тым ліку і рэаліі расейскага рынка, ад якога залежыць большасць нашых прадпрымальнікаў:

- Ёсць буйны і сярэдні бізнэс, для якога безнаяўны разлік выгадны, бо ён вязе фурамі, вагонамі, самалётамі. І гэтыя выдаткі для яго не прынцыповыя, і яны, зыходзячы з аб'ёмаў, не будуць высокімі.

А прадпрымальнікі мікрабізнэсу вязуць пару сумак, багажнік, то бок, невялікую колькасць тавараў. Для іх выдаткі, звязаныя з правядзеннем аперацый у безнаяўным, вялізныя і яны істотна павялічаць кошт. Гэта адкрыццё рахункаў, еўраадсоткі, аплата бухгалтарам і іншым спецыялістам.

Больш за тое, хто захоча ў той жа Расеі звязвацца з безнаяўнасцю дзеля 3-5 сумак або 20 каробак абутку? Наогул, у Расеі вельмі цяжка з безнаяўным разлікам, тым больш, калі справа тычыцца замежных разлікаў.

Паводле нашых ацэнак, 73% беларускіх прадпрымальнікаў набываюць тавар у РФ, куды яго звозяць з усяго свету, у тым ліку, па «шэрых» схемах. Гэта ні для кога не сакрэт.

Нас наогул хочуць інтэграваць у РФ, але ўсе ведаюць, наколькі там слабая выканаўчая дысцыпліна ў стаўленні да законаў. Натуральна, калі б у Расеі, як у Еўропе, было ўсё празрыста і спрошчана, і яны, у тым ліку вярталі б нам ПДВ і працавалі афіцыйна, магчыма, і праблем не было б. Але гэтага няма.

Атрымліваецца, што нам спрабуюць прышчапіць цывілізаваныя рамкі з нецывілізаванымі стасункамі.

РГА «Перспектыва» выказвае катэгарычную нязгоду з прынятай урадам і Нацбанкам Пастановай №203/4 ад 2021.04.07 года і прапануе вярнуць норму, якая дазваляе выкарыстанне гатоўкі валюты за мяжой.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках