10 траўня 2024, Пятніца, 21:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Вашынгтон пост»: Адміністрацыя Трампа таемна атрымлівала запісы журналістаў, якія паведамлялі аб умяшанні РФ у выбары

4
«Вашынгтон пост»: Адміністрацыя Трампа таемна атрымлівала запісы журналістаў, якія паведамлялі аб умяшанні РФ у выбары

Гаворка ідзе аб карэспандэнтах, якія расследавалі магчымасць змовы кампаніі Трампа з Расеяй.

Міністэрства юстыцыі ЗША ў перыяд прэзідэнцтва Дональда Трампа таемна канфіскавала запісы тэлефонных размоў трох карэспандэнтаў «Вашынгтон пост» (The Washington Post), якія асвятлялі Федэральнае расследаванне магчымых сувязяў паміж Расеяй і прэзідэнцкай кампаніяй Дональда Трампа ў 2016 годзе. Пра гэта ў пятніцу паведаміла гэтая газета, цытуе «Голас Амерыкі».

Раскрыццё такой інфармацыі вядзе да новага сутыкнення паміж федэральным урадам і арганізацыямі навін, а таксама абаронцамі свабоды прэсы, якія разглядаюць адабранне запісаў і асабістых звестак рэпарцёраў як уварванне ў дзейнасць збору навін, абароненую Канстытуцыяй ЗША. За апошняе дзясяцігоддзе, такія дзеянні адбываліся толькі зрэдку, уключаючы канфіскацыю тэлефонных размоў рэпарцёраў і рэдактараў Associated Press у сувязі з гісторыяй 2012 года, якая раскрывала змову з мэтай выбуху бомбы.

У цяперашняй заяве, апублікаванай газетай, Кэмеран Бар, які выконвае абавязкі адказнага рэдактара «Вашынгтон пост», паведаміў: «Мы глыбока занепакоеныя такім выкарыстаннем дзяржаўнай улады для атрымання доступу да паведамленняў журналістаў. Міністэрства юстыцыі павінна неадкладна растлумачыць прычыны гэтага ўварвання ў дзейнасць рэпарцёраў, якія выконваюць сваю працу, - дзейнасць, абароненую Першай папраўкай».

Мяркуецца, што гэта дзеянне было накіраванае на выяўленне крыніц у артыкулах рэпарцёраў аб нацыянальнай бяспецы, апублікаваных у першыя месяцы праўлення Трампа, бо федэральныя следчыя старанна правяралі, ці каардынавалася яго кампанія 2016 года з Крамлём, які імкнуўся ў сваю чаргу паўплываць на вынікі амерыканскіх выбараў.

Адабранне звестак было адобранае кіраўніцтвам Міністэрства юстыцыі летась. Карэспандэнты Элен Накашыма, Грэг Мілер і Адам Энтус, якія з тых часоў пакінулі выданне «Вашынгтон пост», былі апавешчаныя ў лістах ад 3 траўня аб тым, што Міністэрства юстыцыі атрымала інфармацыю пра іх хатнія адрасы, нумары мабільных тэлефонаў і месца працы.

Паводле інфармацыі выдання, запытаныя звесткі ахоплівалі перыяд з 15 красавіка да 31 ліпеня 2017 года. Кіроўныя прынцыпы Міністэрства юстыцыі ў расследаванні выцеку ў СМІ загадваюць, што такія дзеянні павінны рабіцца толькі тады, калі іншыя спосабы атрымання інфармацыі вычарпаныя, і што закранутыя расследаваннем рэпарцёры павінны быць апавешчаныя, калі не будзе ўстаноўлена, што гэта можа перашкаджаць расследаванню або пашкодзіць інтарэсам нацыянальнай бяспекі.

«Хоць гэта і рэдкасць, Мінюст выконвае ўстаноўленыя працэдуры ў рамках сваёй палітыкі ў дачыненні да СМІ пры пошуку прававых метадаў для атрымання запісаў тэлефонных размоў і запісаў электроннай пошты без зместу ад прадстаўнікоў СМІ ў рамках крымінальнага расследавання несанкцыянаванага раскрыцця сакрэтнай інфармацыі», - паведаміў у афіцыйнай заяве прадстаўнік Міністэрства юстыцыі ЗША Марк Раймандзі.

«Мэтамі гэтых расследаванняў з'яўляюцца не супрацоўнікі СМІ, а, хутчэй, тыя, хто мае доступ да інфармацыі аб нацыянальнай бяспецы, хто падаў яе СМІ і, такім чынам, не забяспечыў абарону такой інфармацыі, як таго патрабуе закон», - дадаў ён.

Брус Браўн, выканаўчы дырэктар камітэта рэпарцёраў за свабоду прэсы, сказаў, што такія дзеянні ўрада «выклікаюць сур'ёзныя асцярогі з нагоды першай папраўкі».

«Цалкам неабходна, каб новае кіраўніцтва Міністэрства юстыцыі патлумачыла, калі менавіта пракуратура канфіскавала гэтыя запісы, чаму яно толькі цяпер паведамляе «Вашынгтон пост» і на якой падставе Міністэрства юстыцыі наважыла адмовіцца ад прэзумпцыі папярэдняга паведамлення (закранутых журналістаў) у адпаведнасці са сваімі ўласнымі кіроўнымі прынцыпамі, калі расследаванне відавочна ўключае ў сябе справаздачнасць за апошнія тры гады», - гаворыцца ў заяве Браўна».

З паведамлення выдання «Вашынгтон пост», урад таксама заявіў, што атрымаў загад суда перадаць звесткі электроннай пошты рэпарцёраў, у якіх было б паказана, каму і калі яны адпраўлялі электронныя лісты, аднак урад не канфіскоўваў такіх звестак.

«Вашынгтон пост» паведаміла, што Міністэрства юстыцыі, напрыклад, не паказвае артыкулаў, пра якія ідзе гаворка. Але перыяд часу ўключае публікацыі, у якіх са спасылкамі на выведвальныя звесткі, адзначаецца, што Джэф Сэшнс, у той час генеральны пракурор Трампа, раней, падчас перадвыбарчай кампаніі Трампа, абмяркоўваў перадвыбарчую тэму з тагачасным амбасадарам Расеі ў ЗША Сяргеем Кісляком.

Яшчэ ў 2015 годзе Міністэрства юстыцыі пад кіраўніцтвам былога генеральнага пракурора Эрыка Холдэра абвясціла аб пераглядзе правілаў атрымання запісаў ад СМІ падчас расследаванняў крымінальных выцекаў, выключыўшы фармулёўкі, якія, на думку навінавых арганізацый, былі двухсэнсоўнымі, і патрабуючы дадатковых узроўняў праверкі, перш чым можна будзе выклікаць журналіста ў суд.

Абноўленая палітыка стала адказам на абурэнне навінавых арганізацый з нагоды тактыкі адміністрацыі Абамы, якую прэса палічыла празмерна агрэсіўнай і варожай у дачыненні да збору навін.

Джэф Сэшнс, пераемнік Холдэра, абвясціў у 2017 годзе аб аднаўленні барацьбы з выцекамі інфармацыі аб нацыянальнай бяспецы ў СМІ.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках