5 траўня 2024, Нядзеля, 0:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці засталіся нейкія варыянты адпачынку за мяжой для беларускага турыста?

6
Ці засталіся нейкія варыянты адпачынку за мяжой для беларускага турыста?

Што гатовы прапанаваць даведзены да адчаю бізнэс і набыць беларус.

Калі б у Беларусі была прэмія «Самай няшчаснай сферы бізнэсу», то па выніках 2020 года турызм заняў бы першае месца, а пасля першых пяці месяцаў 2021-га авансам узяў бы гран-пры, піша «Заўтра тваёй краіны».

Як айчынны турбізнэс перажыў усе ўзрушэнні, якія зваліліся на яго галаву, што мае цяпер і да чаго ідзе? Пра гэта - сузаснавальнік партала Holiday.by, экс-выкладчык факультэта міжнародных дачыненняў, кафедры міжнароднага турызму ФМА БДУ Андрэй Барашка.

Як развівалася сітуацыя з вясны 2020 году?

У канцы зімы 2020 года адбыўся глабальны збой турызму. Сітуацыя звялася да двух асноўных праблем. Першая: частка турыстаў захрасла за мяжой і не паспела вярнуцца дадому. Другая: на момант локдаўна ўжо вялікая колькасць грошай была ўкладзеная ў ранняе рэзерваванне.

Усе краіны па-рознаму развязалі гэтыя праблемы. У нас быццам бы і «Белавія» не засталася ў баку, і дзяржава нешта спрабавала зрабіць. Але ўсё адно асноўная нагрузка эвакуацыі людзей легла на турагенцтвы ў супрацоўніцтве з тураператарамі. І тут я магу расказаць пра тых супрацоўнікаў турфірм, гэтых хлопчыкаў і дзяўчат, якія прадаюць нам туры. Я схіляю перад імі галаву. Таму што яны днямі і начамі маніторылі рэйсы і месцы на іх, вывозілі сваіх турыстаў з розных мясцін свету. Гэта ў першасным сэнсе быў мазгавы штурм, калі людзі садзіліся і круцілі глобус, распрацоўвалі самыя фантастычныя маршруты. З большага усіх вывезлі. Урэшце, захраслі не толькі беларусы.

Другім ударам сталі грошы, унесеныя ў якасці ранняга рэзервавання. І тут наклалася мясцовая спецыфіка беларускага заканадаўства. Сусветная турыстычная арганізацыя, у якой мы знаходзімся, выразна размяжоўвае, хто такі турагент і тураператар. У пачатку пандэміі СГА сказала, маўляў, спадарства, здарыўся глабальны локдаўн, у гэтым ніхто не вінаваты, мы рэкамендуем турыстычным кампаніям замарозіць унесеныя сродкі да лепшых часоў, пакуль мы не зразумеем, што адбываецца. І многія дзяржавы - уключаючы Украіну і Расею - хутка прадублявалі гэты падыход, тлумачачы, што няма падстаў для судовых спрэчак і панікі. Але ў Беларусі паняцця «турагент» і «тураператар» тлумачацца інакш. У нас адказвае за адпачынак турыста той, хто прабіў чэк. Хоць функцыя турагенцтва толькі ў тым, каб прафесійна пракансультаваць кліента, падабраць аптымальны тур, прыняць грошы і потым перадаць іх тураператару. Значыць на момант прыпынення галіны ў сусветным маштабе ні ў каго грошы за туры ў скрыні стала не ляжалі. Людзі, тым не менш, пайшлі са сваімі патрабаваннямі да турагенцтваў. Сітуацыю магла б развязаць дзяржава, але ніякага выразнага адказу наша Міністэрства спорту і турызму не дало.

І зноў вялікую ролю адыгралі самі прадаўцы тураў. Яны змаглі стварыць дастатковы інфармацыйны шум, каб прымусіць чыноўнікаў (хай сціснуўшы зубы і не вельмі выразна) сказаць, маўляў, так, да 2021 унесеныя сродкі могуць быць замарожаныя.

Як турбізнэс працягнуў працу пасля праходжання вострага перыяду крызісу?

Летам, як мы памятаем, пачаліся мінімальная разблакоўка межаў. Турагенты новым абарачэннем спрабавалі перакрыць «мінус» вясны.

Але напоўніцу працаваць аб'ектыўна было немагчыма. Па-першае, акурат тады спыніліся аўтобусныя туры. А ў Беларусі ж гэта была велізарная турыстычная ніша. Аўтобусы дагэтуль стаяць у аўтапарках, і гэта шалёныя страты.

Па-другое, далёка не ўсе краіны змаглі зноў адкрыцца для турыстаў. У нашым распараджэнні заставаліся Турцыя, Егіпет і ўнутраны турызм. Аднак пасля ўзрушэнняў у жніўні-верасні запыт на адпачынак канчаткова абнуліўся - я добра памятаю гэты нулявы трафік на Holiday.by. Людзям было не да адпачынку.

Але вясной 2021 года, памятаецца, мы зноў пачалі прыглядаць туры на мора?

Так. Да вясны стала зразумела, што краіны, якія зарабляюць на турызме, не змарнуюць яшчэ адзін сезон. Мне здаецца, упершыню ўсе наглядна пераканаліся, якое значэнне для эканомікі краіны можа мець турызм, гэта і працоўныя месцы і грашовыя паступленні. Гэты перыяд для сябе я назваў «адскокам ад дна». У пачатку вясны 2021 года для беларусаў стартавала ранняе рэзерваванне, былі адкрыты 11 класічных авіякірункаў: Егіпет, Турцыя, Грэцыя, Балгарыя, Албанія, Чарнагорыя, Эміраты. Усе, за выключэннем Украіны, якая традыцыйна была для нас аўтобуснай. На момант пачатку траўня ўжо ўключавых кірунках людзі аплацілі і зарэзервавалі сабе туры да пачатку ліпеня. Выдатна ж! Было.

Пасля пасадкі борта Ryanair, трэба думаць, усё зноў пайшло на дно?

Мы прыйшлі да сітуацыі вясны 2020 года - версія 2.0. Турагенты зноў прынялі грошы ў кліентаў, перадалі іх далей па ланцужку, але наўзамен атрымалі прапанову даплаціць за павялічаны палётны маршрут. Нашы кампаніі зноў апынуліся сам-насам з праблемай. І калі летась дзяржава хоць нешта казала, то зараз яна маўчыць. І як быць з тымі, хто не захоча даплачваць? Хто будзе разбірацца?

Першы «званочак» не прымусіў сябе чакаць: збанкрутаваў тураператар «Солвекс». Упершыню за сучасную гісторыю выпадак, калі дэ-факта беларускі аператар, які працуе ў асноўным з Балгарыяй, не змог выканаць свае абавязанні. Хацелася б ад дзяржавы абароны інтарэсаў хоць бы нацыянальных гульцоў. Але не.

Вырашана было памяняць заканадаўства ў сферы турызму. Адна з самых супярэчлівых нормаў законапраекта «Аб турызме» мяркуе, што ўдзельнікі рынку - а менавіта тураператары - будуць фармаваць нейкі агульны фонд, з якога на выпадак банкруцтва тураператара пацярпелым будзе выплачвацца кампенсацыя. І гэта цяпер, калі гэтыя кампаніі і так нясуць цяжар! Да таго ж ніякага фонду не выстарчыць, каб кампенсаваць страты ўсіх турыстаў, калі гаворка ідзе пра банкруцтва буйнога бізнэсу. У апошніх версіях тэксту законапраекта так выразна і не падзялілі азначэнні адказнасці аператара і агента. Гэта можа быць дадатковай складанасцю прававыкарыстання, калі нават забыцца пра небяспеку, якая над аператарамі яшчэ адным фінансавым цяжару, акрамя абавязку вяртаць турыстам праз турагентаў грошы.

Ці засталіся нейкія варыянты адпачынку за мяжой для беларускага турыста?

Цяпер у нас зусім няшмат кірункаў, куды можна паляцець адпачыць. Кошты на іх ўзрастаюць не толькі праз больш доўгіавіямаршрут, але і ў сувязі з падвышаным попытам. Да прыкладу, кошт пералёту для аднаго чалавека ў Чарнагорыю - 550 еўраў. У выніку тур на траіх у гэтую краіну можа каштаваць блізу 3 тысяч еўраў.

Ёсць імавернасць, што неўзабаве расейцы змогуць наўпрост лятаць у Егіпет. І гэта значыць, што і там цэны ўзрастуць. Крым (апусцім усе палітычныя моманты) праз ўнутраны попыт таксама стаў даволі дарагім кірункам.

На падставе паводзін наведвальнікаў нашага парталу за апошнія два тыдні можна сказаць, што ТОП-10 інтарэсаў нашых турыстаў выглядае так: Турцыя, Егіпет, Грузія, Расея, Украіна, Крым, Албанія, Чарнагорыя, ААЭ, Туніс. Класічная карціна, калі не браць у разлік Крым. Але тут пытанне не ў кірунках, а ў грошах. Наколькі гэты адпачынак наогул даступны для беларуса?

І што, турызм - гэта зноў раскоша для нас? Бо за апошні год людзі не сталі багацейшымі... Хто зможа дазволіць сабе Чарнагорыю за 3 тысячы еўраў? У мяне няма адказу.

Застаецца ўнутраны турызм?

Попыт на ўнутраны турызм вырас - гэта натуральна. І месцаў добрых ў Беларусі дастаткова, і добра, што грошы ідуць у рэгіёны.

Але і тут паўстае пытанне цаны, бо адпачынак на сядзібах не танны. Адна справа арандаваць дом на кампанію на пару дзён і іншае - на сям'ю на пару тыдняў. І мы зноў упіраемся ў пытанне даступнасці такога адпачынку ў рамках бюджэту звычайнай сям'і.

Ёсць яшчэ адзін нюанс. Зараз ёсць запыт на адпачынак парамі і невялікімі сем'ямі, але рынак не гатовы задаволіць яго - шматлікія сядзібы звыклі здавацца дамамі, робячы акцэнт на вялікія карпаратыўныя мерапрыемствы або вяселлі. Сядзібаў шмат, але знайсці прыдатную не так ужо проста.

Што турбізнэс і яго кліентаў чакае ў перспектыве?

Фінансавыя магчымасці беларусаў скараціліся, а цэны выраслі. Лагічна чакаць падзенне плыні турыстаў.

Што тычыцца турыстычнай галіны, то цяпер яе проста ліхаманіць. І няхай пра банкруцтва зараз заяўляе цяпер не вельмі вялікая колькасць турагентаў. Але гэта толькі таму, што кампаніі занялі чакальную пазіцыю. Хтосьці пераарыентаваўся на новыя паслугі. У выніку гэта скончыцца тым, што частка прафесіяналаў сыдзе ў новыя сферы, частка страціць кваліфікацыю. У чарговы раз будзем пачынаць усё з пачатку.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках