5 траўня 2024, Нядзеля, 9:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расстат: Змяншэнне насельніцтва ў шэрагу рэгіёнаў РФ вырасла ў дзясяткі разоў

15
Расстат: Змяншэнне насельніцтва ў шэрагу рэгіёнаў РФ вырасла ў дзясяткі разоў

У лідарах - Масква.

Са звестак Федэральнай службы дзяржаўнай статыстыкі Расеі (Расстата), натуральныя страты насельніцтва ў параўнанні з 2019 годам у некаторых расейскіх рэгіёнах выраслі ў дзесяткі разоў, а ў сярэднім у Расеі больш чым удвая. На абноўленыя звесткі Расстата, якія ўключаюць анэксаваны Крым, звярнуў увагу РБК.

Так у Татарстане ў 2020 годзе натуральнае змяншэнне (перавышэнне смяротнасці над нараджальнасцю) было 12 981 чалавек - гэта ў 72 разы больш у параўнанні з 2019 годам, калі змяншэнне насельніцтва, паводле афіцыйных звестак, склала 180 чалавек.

РБК адзначае, што звесткі Татарстана моцна выбіваюцца са статыстыкі астатніх паволжскіх рэгіёнаў, дзе сярэдні каэфіцыент прыросту натуральнага змяншэння насельніцтва не перавышаў 2,5. У Санкт-Пецярбургу змяншэнне насельніцтва павялічылася ў 47 разоў - з 308 чалавек у 2019 годзе да 17 948 чалавек у 2020 годзе.

Масква, паводле зветак Расстата, стала лідарам у абсалютным зніжэнні колькасці насельніцтва. У 2019 годзе насельніцтва сталіцы вырасла больш чым на 16 тысяч чалавек, а ў 2020 годзе скарацілася амаль на 25 тысяч.

Змяншэнне насельніцтва паскорылася ў Астраханскай вобласці (у 6 разоў), на Камчатцы (у 5,2 разы), у Забайкальскім краі (у 3,3 разы) і Томскай вобласці (у 3 разы), адзначае выданне.

У мінулым годзе Расея выйшла на першае месца паводле агульнай і празмернай смяротнасці сярод буйных развітых краін. У снежні 2020 года ў краіне памерла рэкордная колькасць грамадзян за ўсю яе гісторыю (243 тысячы чалавек), калі не лічыць Другой сусветнай вайны. Віцэ-прэм'ерка Таццяна Голікава пацвердзіла, што 81 адсотак смерцяў звязаны з COVID-19 альбо з ускладненнямі пасля яго.

Днямі Расстат абнавіў статыстыку памерлых ад COVID-19 у 2020 годзе. Паводле новых звестак, з красавіка да снежня мінулага года ў Расеі ад каранавіруснай інфекцыі памёр 144 691 чалавек. Гэта на 38 адсоткаў больш за папярэднія паказчыкі (104,8 тысячы памерлых).

Спецыялісты-дэмографы, абапіраючыся на статыстыку смяротнасці ў Расеі, у тым ліку афіцыйныя звесткі Расстата, выказалі здагадку, што афіцыйная статыстыка смерцяў ад COVID-19, хутчэй за ўсё, не адлюстроўвае рэальнасць. Так званая залішняя смяротнасць, гэта значыць перавышэнне колькасці смерцяў у параўнанні з папярэднімі гадамі, за 2020 год у Расеі склала блізу 360 тысяч чалавек. З ацэнкі Reuters, з улікам першага квартала 2021 года яна перавысіла 400 тысяч.

За мінулы год, з ацэнкі Расстата, колькасць насельніцтва Расеі (уключаючы анэксаваны Крым) знізілася больш чым на паўмільёна чалавек. Апошні раз такі высокі ўзровень змяншэння назіраўся 15 гадоў таму - у 2005 годзе.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках