8 траўня 2024, Серада, 14:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітолаг: Аўтар «малдаўскага сцэнару» прысутнічаў на саміце ў Жэневе

12
Палітолаг: Аўтар «малдаўскага сцэнару» прысутнічаў на саміце ў Жэневе
Фота: ТАСС

Што засталося за афіцыйнай справаздачай саміту ў Жэневе.

Кіраўнік Цэнтра стратэгічных і замежнапалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі пракаментаваў абмеркаванне беларускага пытання на сустрэчы прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і кіраўніка Крамля Уладзіміра Пуціна ў Жэневе.

- Паказальна, што Беларусь абмяркоўвалася ў блоку пытанняў рэгіянальных канфліктаў і крызісаў, нароўні з лібійскім, сірыйскім, венесуэльскім, нагорнакарабахскім, украінскім крызісамі. Гэта сведчыць аб тым, што наша пытанне абмяркоўвалася не для галачкі, і што, агулам, у Масквы і Вашынгтона існуе разуменне таго, што беларускі крызіс сапраўды ператварыўся ў міжнародную праблему.

Суразмоўца мяркуе, што, хоць прыярытэтнасць тэмы беларускага пытання саступала астатнім, аднак, яму было нададзена дастаткова ўвагі для таго, каб бакі дасягнулі нейкай прамежкавай пастановы:

- Зразумела, што чакаць таго, што Пуцін ці Байдэн цалкам пральюць святло на характар гэтых дамоўленасцей публічна, не даводзіцца. Большасць тэм абмяркоўвалася ў канфідэнцыйным фармаце, бо іх было вельмі шмат і бакі не заўсёды па ўсіх могуць заняць адкрытую публічную пазіцыю. Беларускае пытанне належыць да такіх.

Аднак, на ягоную думку, план развязання беларускага пытання маецца акурат у расейскага боку, які на перамовах спрабаваў заручыцца падтрымкай Захаду.

- Відавочна, што ў Масквы ёсць нейкае сваё бачанне, свой план, як развязаць палітычны крызіс у Беларусі. Асноўныя яго пункты змяшчаюцца ў так званых «сочынскіх дамоўленасцях» верасня мінулага года, і яны мяркуюць, што беларускі лідар павінен пайсці на агульнанацыянальны дыялог з апазіцыяй, пачаць палітычную рэформу праз змену Канстытуцыі, і, адпаведна, правесці новыя выбары без удзелу ў іх.

За гэта яму прапаноўваліся нейкія гарантыі, персанальныя, фінансавыя, магчыма, нейкі палітычны прытулак на тэрыторыі РФ.

Крэмль безвынікова спрабаваў рэалізаваць гэты сцэнар, і да канца мінулага года, калі Лукашэнка змог стабілізаваць палітычную сітуацыю за кошт брутальнага разгону пратэстаў і рэпрэсіяў, вычарпаў інструментар палітыка-дыпламатычнага ціску, і зразумеў, што такім чынам прымусіць Лукашэнку да выканання сочынскіх пагадненняў не атрымаецца.

Таму, думаю, у якасці альтэрнатывы ў Маскве гатовыя больш жорсткія падыходы. Але іх баяліся рэалізоўваць праз рызыку амерыканскіх санкцый. Таму што жорсткія крокі могуць расцаніць як умяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі з мэтай падрыву яе суверэнітэту і незалежнасці.

З гэтага пункту гледжання, саміт быў вельмі важны для Крамля, каб не толькі выверыць пазіцыі, але і атрымаць свайго кшталту «зялёнае святло» на рэалізацыю вось гэтых больш жорсткіх падыходаў.

Думаю, што беларускае пытанне абмяркоўвалася менавіта ў такім фармаце і не выключаю, што ў далейшым сінхранізацыя дзеянняў паміж Расеяй і Захадам у дачыненні да Беларусі будзе нарастаць, - прагназуе аналітык.

Перш за ўсё, ён мае на ўвазе сінхранізацыю эканамічнага ціску, наступствы якога беларусы змогуць адчуць ужо ўвосень.

- Расея будзе, фактычна, сінхранізаваць свой эканамічны ціск на Менск з санкцыйным прэсінгам з боку Захаду, які прадугледжвае і ўвядзенне сектаральных санкцый. І мы бачылі, што Масква ўжо па факце гэта робіць - скарачае пастаўкі нафты, зніжае транзіт газу нібыта праз другасныя амерыканскія санкцыі.

Па меры ўзмацнення ціску з боку Захаду Крэмль будзе гуляць на гэтых санкцыях для таго, каб апраўдвацца за непасрэдна свае нейкія крокі па ціску на афіцыйны Менск.

Відавочна, што Аляксандр Лукашэнка вычарпаў фінансавы рэсурс падтрымкі з боку Крамля, і ў выпадку эскалацыі санкцыйнага ціску з боку Захаду ўжо восенню можна чакаць вельмі сур'ёзнага сацыяльна-эканамічнага крызісу, якім, безумоўна, Масква скарыстаецца для таго, каб умяшацца ва ўнутраныя справы Беларусі і давесці адхіленне Аляксандра Лукашэнкі ад улады да канца, - мяркуе экспэрт.

Нароўні з эканамічным ціскам, абапіраючыся на факты найноўшай гісторыі, аналітык не выключае і іншых сцэнароў для змены ўлады ў Беларусі.

Больш за тое, ёсць прыклад, калі Крэмль рэалізаваў такія падыходы не ў аднабаковым парадку, а ў каардынацыі з заходнімі партнёрамі. Гэта стварэнне так званай антыалігархічнай кааліцыі паміж Масквой, Вашынгтонам і Брусэлем для развязання малдаўскага палітычнага крызісу 2019 года.

Паказальна, што аўтар той пастановы аб Малдове браў удзел і ў перамовах у Жэневе акурат падчас абмеркавання блока рэгіянальных канфліктаў. Я кажу пра намесніка кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта РФ, куратара постсавецкай прасторы Дзмітрыя Казака. Ягоная прысутнасць была абумоўленая не толькі абмеркаваннем ўкраінскага, але і беларускага пытанняў, - выказаў меркаванне Арсень Сівіцкі.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках