20 траўня 2024, панядзелак, 18:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінскія праваабаронцы патрабуюць ад Кіева разарваць сувязі з беларускім рэжымам

4
Украінскія праваабаронцы патрабуюць ад Кіева разарваць сувязі з беларускім рэжымам

Лукашэнка стаў небяспечным для Украіны.

Больш за 10 праваабарончых арганізацый патрабуюць ад Офіса прэзідэнта Украіны, Рады нацыянальнай бяспекі і абароны і Міністэрства замежных спраў абмежаваць дыпламатычныя і эканамічныя сувязі Кіева з афіцыйным Менскам у сувязі з чарговай хваляй ператрусаў і арыштаў праваабаронцаў і журналістаў у Беларусі, а таксама праз небяспечнае развіццё палітыкі Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненні да акупаваных тэрыторый Крыма і Данбаса. Тэкст звароту апублікаваў Цэнтр правоў чалавека ZMINA, паведамляе «Зеркало недели. Украина».

Што менавіта патрабуюць:

спыніць дыпламатычныя стасункі з прадстаўнікамі нелегітымнага і антыдэмакратычнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі;

забараніць усякае эканамічнае супрацоўніцтва з беларускімі дзяржаўнымі прадпрыемствамі, якія фактычна кантралююцца асяродкам Лукашэнкі;

увесці жорсткія эканамічныя санкцыі супраць усіх функцыянераў рэжыму Лукашэнкі і афіляваных з імі бізнэс-структур;

спыніць супрацоўніцтва з праваахоўнымі органамі і структурамі бяспекі рэжыму Лукашэнкі і забараніць выдачу грамадзян Беларусі на запыт афіцыйнага Менска;

тэрмінова правесці пасяджэнне РНБА аб рызыках, звязаных з працэсамі паглыблення супрацоўніцтва рэжыму Лукашэнкі з Расейскай Федэрацыяй і фактычнага ўцягвання Беларусі ў гібрыдную вайну РФ супраць Украіны;

звярнуцца да ўрадаў дэмакратычных краін з прапановай салідарных дзеянняў супраць знішчэння грамадзянскай супольнасці Беларусі рэжымам Лукашэнкі.

Зварот падпісалі арганізацыі: «Усход SOS», праваабарончы цэнтр «Поступ», Адукацыйны дом правоў чалавека - Чарнігаў, грамадская арганізацыя «МАРТ», Асацыяцыя УМДПЛ, Free Belarus Center, Цэнтр правоў чалавека ZMINA, Дом свабоднай Расеі, грамадская прыёмная Украінскага Хельсінскага саюза правоў чалавека ў г. Роўне, ГА «Цэнтр грамадскай журналістыкі «МОСТ», ХОФ «Грамадская Альтэрнатыва».

Рэпрэсіі супраць «нязгодных» з Лукашэнкам

Чарговая хваля рэпрэсій дакранулася актывістаў вядучых праваабарончых арганізацый - праваабарончага цэнтра «Вясна» і Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Ператрусы ідуць таксама ў офісах грамадскай арганізацыі «Імёны», руху «За свабоду», Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrand, Беларускага Хельсінскага камітэта, Асацыяцыі беларусаў свету, арганізацыі «Гендэрныя перспектывы», Офіса еўрапейскай экспэртызы і камунікацый.

Таксама ператрусы прайшлі ў прыватных дамах беларускіх праваабаронцаў.

Праваабаронцы, якія дакументавалі парушэнні сілавікоў пры падаўленні мірных пратэстаў 2020-2021 гадоў і дапамагалі ахвярам рэпрэсій, абвінавачваюцца рэжымам Лукашэнкі ў арганізацыі масавых беспарадкаў.

Цягам года пасля пачатку мірных пратэстаў у Беларусі амаль 40 тысяч чалавек былі незаконна затрыманыя і зазналі катаванні, больш за 4 тысячы дэманстрантаў, журналістаў і праваабаронцаў трапілі пад крымінальны пераслед. Заблакаваная праца вядучых незалежных медыя, праваабарончых арганізацый і апазіцыйных палітычных партый. 23 траўня спецслужбы Беларусі прымусова пасадзілі ў Менску самалёт, каб арыштаваць экс-рэдактара апазіцыйнага канала NEXTA Рамана Пратасевіча.

«Такога маштабу палітычных рэпрэсіяў не бачыла ніводная краіна Усходняй Еўропы і былога СССР пасля падзення «жалезнай заслоны». Цяпер палітвязнямі ў Беларусі прызнаныя больш за 500 чалавек, не менш за 1500 знаходзяцца ў турмах і яшчэ тысячы людзей - пад следствам паводле палітычна матываваных абвінавачванняў», - адзначаецца ў заяве, апублікаванай цэнтрам ZMINA.

Чаму Лукашэнка стаў небяспечным для Украіны

Рэпрэсіі супраць «нязгодных» адбываюцца на фоне заяў чыноўнікаў рэжыму Лукашэнкі аб аднаўленні авіязлучэнняў з акупаваным Крымам і наладжванні супрацоўніцтва з акупацыйнымі адміністрацыямі АРДЛА. На думку праваабаронцаў, гэта паказвае на канчатковую змену палітычнага курсу рэжыму Лукашэнкі: кіраваная ім Беларусь становіцца хаўруснікам Расеі ў вайне супраць Украіны і ўсяго цывілізаванага свету.

Праваабаронцы падкрэслілі, што заручыўшыся палітычнай і фінансавай падтрымкай Расейскай Федэрацыі, лукашэнкаўскі рэжым абраў курс на поўны разрыў сувязяў са светам, на дэманстратыўнае ігнараванне ўсіх сваіх абавязацельстваў у галіне правоў чалавека, і імкнецца цалкам знішчыць беларускую грамадзянскую супольнасць.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках