УСУ стабілізавалі лінію фронту на поўначы Харкаўскай вобласці
1- 20.05.2024, 17:34
- 3,614
Украінскія вайскоўцы працягваюць баі за Ваўчанск.
Украінскія войскі стабілізавалі лінію фронту на поўначы Харкаўскай вобласці. Расейскія акупанты спрабуюць прасоўвацца на Ліпецкім і Слабажанскім кірунках, аднак іх спробы былі спыненыя.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на кіраўніка Харкаўскай АВА Алега Сінягубава ў эфіры тэлемарафона.
«Лінія фронту на поўначы стабілізаваная. Не дапушчанае прасоўванне ворага па Ліпецкім кірунку, гэтак жа і на Слабажанскім кірунку», - распавёў Сінягубаў.
З яго слоў, украінскія вайскоўцы працягваюць баявыя дзеянні за горад Ваўчанск, дзе фактычна праходзіць лінія фронту па рацэ Воўчы.
«Акупанты спрабуюць там прасоўвацца, аднак поспеху не маюць, а наадварот. Нашы воіны адбіваюць дом за домам, вуліцу за вуліцай у гэтым населеным пункце», - дадаў кіраўнік АВА.
Ён падкрэсліў, што спроба расейцаў хутка захапіць поўнач пацярпела няўдачу праз эфектыўныя дзеянні УСУ.