8 траўня 2024, Серада, 4:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вёска пад Менскам на чатыры дні засталася без вады

3
Вёска пад Менскам на чатыры дні засталася без вады

Але райвыканкам не ў курсе.

Пасля навальніцы 17 ліпеня жыхары вёскі Крапужына засталіся без вады як мінімум на чатыры дні. Падобныя рэчы, са слоў мясцовай жыхаркі, адбываюцца не першы год.

Еўрарадыё даведалася, калі Крапужына вернуць ваду, а заадно высветліла, на што скардзяцца людзі, якія жывуць усяго за 40 кіламетраў ад Менска. Выявілася, акрамя адсутнасці нармальнага водазабеспячэння, гэта перабоі з электрычнасцю, прыпынак за тры кіламетры ад вёскі, бедны асартымент у аўтакраме і бяздзейнасць мясцовых уладаў.

«На воданапорную вежу залазілі, толькі каб зафарбаваць БЧБ»

Вада ў Крапужына знікла праз паломку воданапорнай вежы. Падобная праблема ў вёсцы Куль, дзе ўжо месяц няма вады.

- Не працуе ні адна калонка. Праблема заключаецца ў наступным: гэтая воданапорная вежа не працуе нармальна ўжо вельмі шмат гадоў, - распавядае жыхарка Крапужына Дар'я. - З яе цэлы год льецца вада. Зімой быў цэлы айсберг з нарастаў. Улетку ўсё льецца пад дамы, на агароды.

Жыхары вёскі неаднаразова звярталіся і на гарачую лінію ў Лагойскі райвыканкам, але безвынікова, адзначае суразмоўца.

- У некаторых яшчэ засталася набраная вада ў катлах і каністрах, але яна сканчаецца. Адзін-адзіны раз на вежу залазілі. Калі на ёй нехта БЧБ-сцяг намаляваў. Тады прыехалі, сцяг зафарбавалі, а адрамантаваць вежу сродкаў не хапіла. Цяпер уся вёска без вады. Ідзе палівальны сезон, але праблема ж яшчэ ў тым, што людзям трэба неяк гатаваць ежу, карміць скаціну. Ад вежы яшчэ сілкуецца ферма. Выходзіць, некалькі дзён там няма вады.

Праблеме з воданапорнай вежай ужо гадоў дзесяць, кажа Дар'я.

- Помпа ў вежы не мянялася з савецкіх гадоў. Увогуле, нікому да гэтага справы няма, - хвалюецца субяседніца.

Выканкам: такой інфармацыі няма

Еўрарадыё звязалася з намеснікам старшыні райвыканкама ў ЖКГ, энэргаашчаджання і будаўніцтва Лагойскага раёна Яўгенам Шабуням, каб даведацца, што адбылося і калі вежу адрамантуюць.

- Інфармацыі такой у нас няма. Пра тое, што ў Крапужына адсутнічае водазабеспячэнне, - кажа чыноўнік.

Яснасць уносіць інжынер-электрык сельскагаспадарчага комплексу «Астрошыцы». У вядзенні комплексу і знаходзіцца воданапорная вежа ў Крапужына.

- З прычыны ўдару маланкі згарэла помпа. Помпу ўжо купілі і прывезлі. Заўтра [21 ліпеня. - Еўрарадыё] яе павінны паставіць, і, калі ўсё будзе ў парадку, ужо заўтра будзе вада, - кажа спецыяліст комплексу «Астрошыцы» Сцяпан Алегавіч.

Калі помпу нарэшце памяняюць, то, магчыма, праблем з вадой у Крапужына больш не будзе, аднак, са слоў Дар'і, там шмат іншых балючых пытанняў.

- Любы дождж выклікае нейкія дзіўныя праблемы. Напрыклад, варта прайсці звычайнай навальніцы, без усялякіх страшных катаклізмаў, абавязкова адключыцца электрычнасць. Нават нягледзячы на тое, што нядаўна паставілі новую станцыю.

Спыненне ў поле без святла больш бяспечна, чым у вёсцы?

Па тэлефоне адміністрацыя раёна добразычлівая, але толку ад гэтага мала, кажа мясцовая жыхарка. Дар'я наракае на безгаспадарчасць у шматлікіх пытаннях уладкавання вёскі. Нармальнай транспартнай камунікацыі таксама няма.

- Тры кіламетры трэба ісці пешшу да прыпынку. Звярталіся да мясцовых уладаў з гэтай нагоды прыкладна паўтара-два гады таму. Прыязджала камісія з Лагойска, ДАІ. У выніку сказалі, што няма разваротнага кола, няма прыпынку, трэба рабіць пешаходны пераход. Мы так і не зразумелі: гэта мы павінны рабіць? Знак купляць, можа, трэба?

Навошта ў вёсцы, дзе толькі адзін уезд і адзін выезд, разваротнае кола, мясцовыя жыхары зразумець не могуць. Ім патрэбны проста прыпынак.

- У адпісках кажуць, што гэта небяспечна. Але па шляху руху аўтобуса з Менска кіроўца высаджвае людзей у чыстым полі. Вёска знаходзіцца паміж двума кар'ерамі. Туды-сюды ганяюць гружаны пяском і друзам КамАЗ. На працягу гэтых трох кіламетраў няма асвятлення, разметкі, пешаходных пераходаў. У цёмны час дня мы дастаём ліхтарыкі, каб пазначыць сваю прысутнасць на дарозе. Гэта, відаць, лічыцца больш бяспечным, чым прыпынак у вёсцы.

«Трапляеш у часавую яму»

На гэтым беды ў Крапужына не сканчаюцца. З аўтакрамай таксама не ўсё ў парадку, распавядае Дар'я.

- Аўтакрамы ў нас дзве. Адна прыватная, а іншая ад Лагойскага райспажыўсаюзу. З прыватнай усё ў парадку, але на райспажыўсаюз таксама былі скаргі. Па-першае, агідная машына. Не відаць вагаў, вельмі дрэнная лядоўня. Ніякага масачнага рэжыму. Ні разу не бачыла прадаўца ў пальчатках. Мінулай восенню зламалася аўто і тры тыдні яна прывозіла прадукты, якія ляжалі проста на падлозе.

Датэлефанавацца ў Лагойскі райспажыўсаюз таксама праблема. Застаецца толькі выглядваць аб'явы аб гарачых лініях ў тэлеграме, адзначае Дар'я.

- У прыватнай краме прадавец выходзіць і нават мые машыну перад тым, як прадаваць. Чалавек працуе ў пальчатках, у яе ўсё ў парадку з лядоўняй, нармальны асартымент, ёсць гародніна і садавіна. У дзяржаўнай краме што ні спытай – няма на базе. Там толькі танная каўбаса, супавыя наборы і малочная прадукцыя. І вядома, алкаголь. Без алкаголю ніяк.

Усё гэта адбываецца за 10 кіламетраў ад Астрашыцкага Гарадка, які ў поўным парадку.

- Ён увесь вылізана, выкладзены нармальны асфальт. А праязджаеш дзесяць кіламетраў і быццам ў часавую яму трапляеш, - рэзюмуе Дар'я.

Чаму такі дысананс ва ўладкаванні блізка размешчаных населеных пунктаў, незразумела. Астрашыцкі Гарадок вядомы тым, што недалёка ад яго размяшчаецца адна з рэзідэнцый Лукашэнкі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках