10 траўня 2024, Пятніца, 21:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Галоўная параза Лукашэнкі на Алімпіядзе

26
Галоўная параза Лукашэнкі на Алімпіядзе

Ступень папулярнасці праўладных спартоўцаў імкнецца да статыстычнай хібнасці.

Трэцяя ракетка свету Арына Сабаленка ўважалася за адну з фаварытак алімпійскага тэніснага турніру. Аднак яна пацярпела паразу ўжо ў 1/16 фіналу, саступіўшы значна менш рэйтынгавай харватцы Доне Векіч, піша «Салідарнасць».

Яшчэ год таму гама эмоцый з гэтай нагоды ў беларускіх заўзятараў была б ад спагады (Сабаленка саступіла ва ўпартай барацьбе, на тай-брэйку – у серыі «тэнісных пенальці») да расчаравання. Але сёння на форумах спартовых медыя панавала весялосць. Магчыма, крыху меншая, чым з нагоды вылету зборнай Расеі з чэмпіянату Еўропы ў футболе месяц таму, але таксама безумоўная.

І ў гэтым няма нічога дзіўнага. Падзеі 2020–2021 гг. надзвычай жорстка палярызавалі беларускае грамадства. І на спорце, які нібыта «па-за палітыкай», гэта таксама адбілася вельмі прыкметна. Тыя атлеты, якія падтрымалі ўладу, страцілі сімпатыі мноства заўзятараў.

Рэч тут не толькі ў непапулярнай палітычнай пазіцыі. Арына Сабаленка і раней дэманстравала цягу да Аляксандра Лукашэнкі, але без такіх зруйнавальных наступстваў (у апытанні на «Трыбуне» 92% прагаласавалых заявілі, што не хварэлі за тэнісістку ў Токіа).

Рэч у тым, што цяперашні раскол носіць не толькі грамадска-палітычны, але і больш глыбокі, маральны характар. Тыя, хто выступае на баку ўлады, асацыююцца з гвалтам у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і атрымліваюць замест сімпатыі пагарду.

Галасаванне ў тэлеграм-канале – гэта, вядома, не сацыялагічнае даследаванне. Але, беручы да ўвагі, што спортам цікавяцца людзі розных палітычных перакананняў, на пэўныя высновы рэакцыя аўдыторыі спецыялізаваных медыя ўжо нават не намякае. Ступень папулярнасці праўладных спартоўцаў імкнецца да статыстычнай хібнасці.

Істотнай частцы (а то і асноўнай масе) беларускіх заўзятараў значна больш задавальнення прыносяць не перамогі Сабаленкі, Недасекава і іншых прадстаўнікоў гэтай кампаніі, а іх паразы.

І гэта зусім не тое «народнае адзінства», да якога імкнуцца ўлады.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках