6 траўня 2024, панядзелак, 16:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Каб зарабіць, давядзецца «бамбіць»

3
«Каб зарабіць, давядзецца «бамбіць»

Баранавіцкія таксісты - аб праекце ўказа, які можа паўплываць на іх працу.

У Беларусі на грамадскае абмеркаванне вынесены праект указа «Аб пытаннях аўтамабільных перавозак пасажыраў». Калі дакумент будзе падпісаны ў тым выглядзе, што прадстаўлены, кіроўцы не змогуць працаваць без спецыяльнага допуску, а на кожнае аўто давядзецца афармляць так званыя рэгістрацыйныя карты. Intex-press.by спытала ў прадстаўнікоў службаў таксовак Баранавічаў і кіроўцаў аб планаваных зменах.

«Напэўна, больш закране Яндекс.Такси»

Абтэлефанаваўшы некалькі баранавіцкіх службаў таксовак, высветлілася, што не ўсе ведаюць і пра сам праект, і пра яго грамадскае абмеркаванне. Да таго ж большасць з іх упэўненыя, што на іх працу гэты ніяк не паўплывае.

- Я не магу сказаць, што мне штосьці ў гэтым дакуменце падабаецца ці не падабаецца. Нічога не зменіцца, будзем яго выконваць і ўсё, - адзначыў кіраўнік адной са службаў таксі, - гэты ўказ, напэўна, больш закране, таксоўкі Яндэкса. У іх там перавалачная база кіроўцаў, а ў нас людзі ў асноўным працуюць на сталай аснове.

У службе таксовак «Чыкага» мяркуюць, што новы праект указа, хутчэй за ўсё, «стане чарговым паборам грошай»:

- Калі б гэты праект быў рэалізаваны цалкам так, як ён напісаны, то для тых, хто працуе толькі ў гэтай сферы, - гэта быў бы плюс. Але так як у нас звычайна бывае так, што потым усё адно нічога не выконваецца, то гэта выльецца ў чарговыя паборы грошай.

З плюсаў праекта прадстаўнікі службаў таксі адзначаюць тое, што з гэтай сферы адсеялася б частка «падпрацоўшчыкаў», а тыя, хто працуе толькі ў таксі, «атрымалі б ліцэнзію, як калісьці атрымлівалі жоўтыя нумары, і былі б больш абароненымі і больш бы зараблялі».

На пасажырах, адзначаюць яны, новыя змены ніяк не адаб'юцца, «бо службы таксовак змогуць ахапіць тую ж плынь кліентаў».

«Пагляджу, што зменіцца і буду вызначаць»

Адна з баранавіцкіх жанчын-кіроўцаў «Яндэкс Go» адзначыла, што перш, чым рабіць нейкія высновы пра новаўвядзенні, трэба «выпрабаваць іх на сабе».

- Я працую кіроўцай таксоўкі на сталай аснове, поўны працоўны дзень, як мае быць, і будучыя змены, вядома, не вельмі мяне радуюць, але паглядзім, што з гэтага выйдзе, - адзначыла. - Пагляджу, што зменіцца, як гэта паўплывае на маю працу і мой заробак, і тады ўжо буду думаць і вызначаць, што мне рабіць далей.

Яшчэ адзін кіроўца таксоўкі, які атрымлівае заказы праз электронна-інфармацыйны сэрвіс, расказаў, што спрабаваў вывучыць праект указа «цалкам», але прачытаўшы першую старонку зразумеў, што «гэта вяртанне да бамбілаў».

- Калі ўсё будзе так, як там напісана, то людзі, каб зарабіць, зноў пачнуць бамбіць, браць заказы «ад борта» і цэлы дзень «кукаваць» каля вакзала, - заявіў ён. – Цяпер на месяц я магу зарабіць 1000 рублёў, па паўдня седзячы за стырном, а з гэтым указам я страчу 100-150 рублёў за месяц. Так што працаваць давядзецца больш.

А яшчэ, адзначае мужчына, каб «нармальна і паводле закона існаваць», яму давядзецца набыць яшчэ адзін аўтамабіль, бо на службовай машыне, як прапісана ў праекце ўказа, па асабістых мэтах ён ездзіць ужо не зможа.

Яшчэ адзін кіроўца, які падзарабляе ў таксі пасля навучання ў ВНУ, распавёў, што калі той указ ухваляць, то ён застанецца без працы.

- Для мяне таксоўка - гэта самы зручны заробак у нашым горадзе, бо я магу сесці за стырно, калі хачу, бо сам складаю графік працы, і нешта зарабіць. Уладкавацца ў «грамадскае харчаванне» я не магу, бо там нязручны для мяне графік, займацца сеткавым бізнэсам я не хачу. Рэпетытарства? Няма ў мяне да гэтага таленту, - растлумачыў ён.

Яшчэ з дзясятак таксістаў адказалі, што будучыя змены ў пытаннях аўтамабільных перавозак іх «не хвалююць», што «гэта нават не хочацца каментаваць», што «падзарабляю падчас адпачынку, і што там будзе потым, мяне мала тычыцца».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках