8 траўня 2024, Серада, 3:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як прэзідэнты ЗША, Польшчы, Літвы і Латвіі падтрымалі Беларусь у ААН

4
Як прэзідэнты ЗША, Польшчы, Літвы і Латвіі падтрымалі Беларусь у ААН

Моцныя выступы лідараў дэмакратычнага свету.

У Нью-Ёрку праходзіць 76-я сесіі Генасамблеі ААН. Адной з тэм, якую ўздымалі лідары замежных краін, была менавіта Беларусь.

Прэзідэнт ЗША захоплены барацьбой беларусаў за свабоду

«Будучыня за тымі, хто разнявольвае патэнцыял народаў, а не душыць яго. Будучыня будзе належаць тым, хто дасць народу свабодна дыхаць, а не тым, хто задушвае свае народы. Аўтарытарныя кіраўнікі сцвярджаюць, што ў свеце скончана з дэмакратыяй. Але яны памыляюцца. Ісціна ў тым, што дэмакратычны свет паўсюдна жывы ў антыкарупцыйных актывістах, праваабаронцах, журналістах, у мірных дэманстрантах у Беларусі, М'янме, на Кубе, Венесуэле і ў іншых краінах», – сказаў у сваё прамове прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.

Прэзідэнт Польшчы распавёў ААН аб сотнях тысяч адважных беларусаў

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што блізу 150 тысяч беларусаў за апошні час атрымалі прытулак і працу ў ягонай краіне і заклікаў сусветную супольнасць да большай салідарнасці з беларусамі, паведамляе прэс-служба польскага прэзідэнта.

«Я кажу ўсё гэта як лідар краіны, дзе амаль 150 тысяч беларусаў атрымалі прытулак і працу, у тым ліку тысячы пратэстоўцаў. Нядаўна я сказаў нашым беларускім братам, што яны вітаюцца і што Польшча будзе іх домам датуль, пакуль яны будуць уважаць гэта за мэтазгоднае і неабходнае. Я цвёрда прытрымліваюся гэтых слоў», - сказаў ён падчас выступу на Генеральнай Асамблеі ААН.

Анджэй Дуда адзначыў, што са жніўня мінулага года тысячы беларусаў падчас мірных акцый пратэсту сутыкаліся з дубінкамі, слезацечным газам і нават кулямі. Таксама Дуда праінфармаваў Генасамблею аб прысудах, вынесеных Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку і нагадаў пра прадстаўнікоў польскіх меншасцяў, затрыманых беларускімі ўладамі — Анжэліку Борыс і Анджэя Пачобута.

Ён запатрабаваў іх вызвалення і заклікаў міжнародную супольнасць да большай салідарнасці з беларускім народам.

«Мы патрабуем іх вызвалення і большай салідарнасці міжнароднай супольнасці з народам Беларусі, які проста хоча сумленнай дзяржавы, сумленнай дэмакратыі», — сказаў ён.

Таксама Дуда абвінаваціў беларускія ўлады ў арганізацыі міграцыйнага крызісу на межах з Еўразвязам.

Прэзідэнт Літвы заклікаў націснуць на беларускі рэжым

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ў сваім выступе на Генасамблеі ААН падняў беларускую тэму. Ён абвінаваціў Менск у гібрыднай атацы, арганізаванай у выглядзе міграцыйнага крызісу, а таксама закрануў эксплуатацыю БелАЭС.

Наўседа мяркуе, што дзеянні беларускіх уладаў могуць уплываць на міжнародную бяспеку. Ён нагадаў пра інцыдэнт з самалётам Ryanair, параўнаўшы яго з актам фундаванага дзяржавай тэрарызму.

«Беларускі рэжым таксама мае новыя метады гібрыдных дзеянняў. Вось ужо некалькі месяцаў Літва сутыкаецца з беспрэцэдэнтнай гібрыднай атакай. Штучна ствараючы і накіроўваючы плыні нелегальнай міграцыі, Беларусь імкнецца ціснуць у палітычным плане на Еўрапейскі Звяз», — паведамляе прэс-служба літоўскага прэзідэнта ягоныя словы.

Наўседа заявіў, што Літва рашуча адхіляе гэтую спробу пасеяць разлад і заклікаў ААН заняцца развязаннем гэтага пытання.

«Нам усім неабходна актыўна змагацца з гандлем людзьмі, разбурыць бізнэс-мадэль кантрабандыстаў і адбіць у мігрантаў жаданне рызыкаваць сваім жыццём. Неабходна правесці сур'ёзныя дыскусіі аб тым, як не даць адной краіне выкарыстоўваць нелегальную міграцыю для ціску на іншую краіну. Мы павінны дакладна заявіць, што нельга выкарыстоўваць людзей у якасці інструментаў», - сказаў ён.

Таксама Наўседа назваў абуральным дзеяннем пачатак камерцыйнай эксплуатацыі БелАЭС, якую Літва ўважае за небяспечную. З ягоных слоў, беларускі бок ігнараваў шматлікія трывожныя інцыдэнты і не выконваў стандарты бяспекі. Усё гэта, на ягоную думку, сведчыць аб адсутнасці пачуцця адказнасці ў беларускіх уладаў.

«Перакананы, што было б каласальнай памылкай ставіцца да такіх парушальнікаў гэтак жа, як і да кліматычна дружалюбных вытворцаў, якія паважаюць навакольнае асяроддзе і выконваюць правілы ядзернай бяспекі. Развязанне пытання Беларускай АЭС мае вялікае значэнне для нашага навакольнага асяроддзя і з'яўляецца пытаннем бяспекі ўсіх жыхароў Еўропы», - сказаў Наўседа.

Прэзідэнт Латвіі: адзінае развязанне беларускага крызісу - новыя прэзідэнцкія выбары

Прэзідэнт Латвіі Эгілс Левітс у сваім выступе на Генасамблеі ААН заявіў, што рашуча асуджае рэжым дыктатара, які душыць грамадзянскую супольнасць і СМІ.

«Цягам апошняга года Латвія таксама ўважліва сачыла за драматычным развіццём падзей у суседняй з ёй краіне – Беларусі, дзе жорстка душацца спробы грамадства прыняць пастанову аб будучыні сваёй краіны. Латвія рашуча асуджае дзеянні рэжыму Лукашэнкі супраць беларускай грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і журналістаў. Улады зайшлі так далёка, што захапілі міжнародны рэйс», — сказаў Левітс, паведамляе ягоная прэс-служба.

«Адзінае развязанне крызісу ў Беларусі – новыя, сумленныя, свабодныя і справядлівыя прэзідэнцкія выбары ў прысутнасці міжнародных назіральнікаў», - сказаў ён.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках