7 траўня 2024, aўторак, 20:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Не памятаю такога, каб курыца каштавала як свініна»

30
«Не памятаю такога, каб курыца каштавала як свініна»

Беларусаў вяртаюць у часы, калі мяса было толькі па святах?

Курынае філе ў краме ўжо каштуе амаль як кілаграм свініны. Нагадаем, што курыца ўваходзіць у спіс сацыяльна значных прадуктаў, кошты якіх рэгулюе дзяржава, піша «Медиа-Полесье».

У чарзе па мяса мужчына задаецца пытаннем: чаму «сацыяльнае» курынае мяса наблізілася коштам да «элітнай» свініны.

- Ну, гэта ж свята было. Падзея планавалася загадзя, адзначалася ў думках у календары. Напярэдадні рыхтаваліся, запрашалі суседа дапамагаць, вымывалі тазы і рондалі, тачылі нажы. Забой свінні - цэлы рытуал. Тушу дзялілі, раскрыжоўвалі. Злівалі кроў, прамывалі кішкі. Да абеду ўжо смажылася ў патэльнях, пыхкала ў рондалях, румянілася ў печы.

Усе збіраліся за сталом і адзначалі, што Бог даў і на гэты год. З тых часоў да свініны асаблівае стаўленне. Гэта мяса выхаднога дня, святочнага застолля.

А курыца што? Маці выйшла ў двор, з адной управілася і ў суп яе. Ніхто нават не заўважаў, што менш птушак на падворку стала. Я ўспамінаю, колькі марокі з гэтай свіннёй і не разумею, як яна магла з курамі ў кошце зраўняцца. Гэта ж неба і зямля па догляду, кармленні, - здзіўляецца ў краме мужчына пенсійнага ўзросту.

- Такога не памятаю, каб філе курынае каштавала, як свініна. Ведаеце, гэта страшна, калі кошты хутка растуць. Не хачу вяртацца ў часы, калі мяса было толькі па святах. Мы і так паступова са свайго кошыка нешта выключаем. Чырвонай рыбы ўжо няма, каўбас вяленых, вэнджаных няма. Сталі гэтым летам менш садавіны купляць.

Тут ужо размова не пра грошы на адпачынкі, падарункі, прыгожую вопратку. Пра ежу. Мы сталі эканоміць на ежы, - кажа жанчына гадоў 45-ці каля касы.

- Я прыгадваю фразу пра крызіс у галовах, гляджу на цэны і згаджаюся. Згаджаюся, што ў галовах. Крызіс у галовах тых, хто не можа знайсці аптымальнае развязанне і прымусіць эканоміку быць рацыянальнай і эфектыўнай.

Мне бабуля неяк на прадукты грошай дала - 20 рублёў. Яна вельмі радавалася, што я столькі ўсяго купіў. А потым чэк з крамы ўбачыла і расплакалася. У яе столькі грошай у партманэце не было, каб вярнуць, - кажа хлопец ля ўваходу ў краму, запальваючы чарговую цыгарэту.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках