11 траўня 2024, Субота, 4:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Талібан» выправіў тысячы байцоў спецназу ў памежную з Таджыкістанам правінцыю

«Талібан» выправіў тысячы байцоў спецназу ў памежную з Таджыкістанам правінцыю

Улады Таджыкістана таксама не хаваюць сваёй падтрымкі сілаў супраціву ў Панджшэры.

Рух "Талібан", які пасля захопу ўлады ў Афганістане абвясціў пра стварэнне Ісламскага Эмірату Афганістан, накіраваў у апошнія дні вайсковыя падраздзяленні ў правінцыю Тахар "для ліквідацыі пагрозаў бяспекі і іншых патэнцыйных пагрозаў", паведамляе "Радыё Азатык".

Таджыкскія ўлады мяркуюць, што гэтыя весткі "трохі перабольшаныя", аднак заяўляюць, што яны "кантралююць дзеянні экстрэмісцкіх груповак з таго боку мяжы".

Прадстаўнік "Талібану" Забіхула Муджахід апублікаваў 25 верасня на сваёй старонцы ў твітары фатаграфіі ваенных машынаў і людзей у ваеннай форме, удакладніўшы, што "дзясяткі тысячаў байцоў спецназу Арміі Мансуры Ісламскага Эмірату былі дыслакаваныя ў Тахары, каб ліквідаваць патэнцыйныя пагрозы бяспекі і іншыя выклікі". Тахар мяжуе з Хатлонскай вобласцю Таджыкістана.

Армія Мансуры Ісламскага Эмірату ў асноўным складаецца з тэрарыстаў-смяротнікаў. На мінулым тыдні талібы абвясцілі пра ўвод гэтых войскаў у правінцыю Бадахшан.

Таджыкістан – адзін з нямногіх суседзяў Афганістана, які адкрыта заявіў, што не прызнае ўрад Талібана, "сфармаваны шляхам прыгнёту". Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон неаднаразова крытыкаваў талібаў за іхнія дзеянні і ігнараванне правоў таджыкаў у Афганістане. Улады Таджыкістана таксама не хаваюць сваёй падтрымкі Фронту супраціву, адзінай сілы, якая супрацьстаіць талібам у правінцыі Панджшэр. Таму некаторыя эксперты звязваюць дзеянні талібаў на таджыкскай мяжы з пазіцыяй Таджыкістана.

26 верасня адзін з прадстаўнікоў таджыкскіх памежных войскаў у ГБАВ на ўмовах ананімнасці сказаў, што паведамленні пра "тысячы вайскоўцаў" выклікаюць непакой, але яны ўважліва сочаць за тым, што адбываецца на другім баку мяжы.

"Наколькі нам вядома, тысячы не прыбылі, але калі нават дзесяць чалавек збяруцца разам, мы прымем гэта як пагрозу і будзем напагатове. Нашы памежнікі не паддаюцца страху і хлуслівым паведамленням і будуць дзейнічаць у адпаведнасці з рэальнасцю", – сказаў памежнік.

Яшчэ раней таджыкскія ўлады заяўлялі, што яны атрымалі інфармацыю пра тое, што некаторыя падкантрольныя талібам бандфармаванні, якія складаюцца з таджыкаў і каўказцаў, гатовыя да ўварвання ў Таджыкістан. "Талібан" тады адхіліў гэтыя паведамленні, заявіўшы, што ні адной групе не будзе дадзены дазвол увайсці з тэрыторыі Афганістана на зямлю суседніх дзяржаваў. Аднак у Таджыкістане, падобна, скептычна ставяцца да гэтых запэўніванняў "Талібану" і ўжылі захады для ўзмацнення бяспекі межаў.

Даўжыня мяжы Таджыкістана з Афганістанам складае больш за 1400 кіламетраў, і ў апошні час Таджыкістан праводзіць супольныя вайсковыя вучэнні з Расеяй і іншымі чальцамі Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) уздоўж лініі таджыкска-афганскай мяжы, выкарыстоўваючы іх для ўзмацнення памежнага кантролю.

"Талібан" практычна без боесутыкненняў захапіў 15 жніўня Кабул і абвясціў Афганістан "Ісламскім Эміратам". Амаль праз два месяцы пакуль яшчэ ні адна краіна не прызнала створаны талібамі ўрад.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках