2 траўня 2024, Чацвер, 2:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці выжыве агратурызм у новых умовах?

Ці выжыве агратурызм у новых умовах?
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Падатковыя змены сур'ёзна ўскладняць жыццё ўладальнікам невялікіх аграсядзібаў.

У аўторак, 28 верасня 2021, быў апублікаваны праект паправак у Падатковы кодэкс, пра які апошнім часам ішло так шмат размоваў.

І хоць найбольш радыкальныя перамены ў асноўным закрануць падаткаабкладанне індывідуальных прадпрымальнікаў, закранутыя і іншыя сферы.

Напрыклад, з 2024 года плануецца скасаваць ільготны збор у сферы аграэкатурызму. У 2022 годзе падатак будзе павышаны да 31 рубля за месяц на адну аграсядзібу. Такую ж суму трэба будзе плаціць і за другую сядзібу. Не ясна, якое падаткаабкладанне будзе дзейнічаць для ўладальнікаў аграсядзібаў у выпадку прыняцця паправак. Цяпер падатак для ўладальнікаў аграсядзібаў і рамеснікаў складае дзве базавыя велічыні за год – 58 рублёў.

Нагадаем, што ў 2006 годзе выйшаў указ №372 пра развіццё агра- і экатурызму ў краіне, у якім сярод іншага была прапісаная магчымасць атрымання банкаўскіх ільготных крэдытаў для развіцця агратурыстычнага бізнэсу. Таксама для людзей, якія займаюцца агратурыстычнай дзейнасцю, прадугледжваліся значныя падатковыя льготы.

Эксперты не раз звярталі ўвагу, што аграэкатурызм, напэўна, адна з самых ільготных сфераў дзейнасці ў Беларусі.

«Штодзённік» папрасіў старшыню кіравання БГА «Адпачынак у вёсцы» Валерыю Кліцунову пракаментаваць падатковыя новаўвядзенні і расказаць, чым яны могуць павярнуцца для ўладальнікаў аграсядзібаў.

Не заб’е, але падарве

«Не магу сказаць, што мяне ці гаспадароў аграсядзібаў цешаць гэтыя папраўкі. Пры гэтым я не думаю, што гэта заб'е ў цэлым аграэкатурызм, аднак, несумненна, ускладніць і падарве дзейнасць маленькіх аграсядзібаў, якія знаходзяцца ў рэгіёнах», – заўважыла Валерыя Кліцунова.

Для ўладальнікаў буйных аграсядзібаў, якія знаходзяцца пад Менскам ці абласным горадам, 31 рубель на месяц – гэта пад'ёмная сума, гэта відавочна. Але калі ў цябе толькі некалькі турыстаў за месяц, калі ты толькі пачаў працаваць у гэтай галіне або яшчэ не адышоў ад крызісу, выкліканага пандэміяй, – то такія змены для цябе будуць балючымі, мяркуе старшыня кіравання БГА «Адпачынак у вёсцы».

Яна таксама звярнула ўвагу, што сёння ўладальнікі аграсядзібаў плацяць падатак адзін раз за год, і гэта 58 рублёў. Пасля новаўвядзенняў гадавая сума будзе складаць 372 рублі, а гэта ў шэсць разоў больш, чым сёння.

Гэта вельмі кардынальныя змены, мяркуе Кліцунова.

«Паўтаруся, ёсць “моцныя і дужыя” ўладальнікі сядзібаў, якія калісьці ўклалі грошы ў свае аграсядзібы, і сёння ў іх большыя абароты. Дык вось яны нават не заўважаць гэтую суму, але ж ёсць і іншыя, – расказала яна. – Тым больш не варта забывацца, што ў гэтым бізнэсе ёсць цалкам няўдалыя месяцы, калі турыстаў зусім няма, гэта лістапад, снежань, люты, сакавік».

Зрабіць градацыю сядзібаў

Валерыя Кліцунова таксама расказала, што ў БГА «Адпачынак у вёсцы» была прапанова зрабіць градацыю сядзібаў, гэта значыць падзяліць буйныя аграсядзібы, для ўладальнікаў якіх гэта асноўная крыніца прыбытку, і маленькія. І было б правільна, каб другія ўвогуле не плацілі гэтую суму ці прынамсі мелі нейкія льготы.

Пры гэтым Кліцунова падкрэсліла, што самае галоўнае, каб аграсядзібы не прызналі юрыдычнымі асобамі, таму што тады яны ўвогуле не змогуць працаваць.

«Мяне ў цэлым турбуе пагаршэнне ўмоваў гаспадарання ў агратурыстычнай дзейнасці. Бо гэта не бізнэс “набудзь-прадай”. Тут людзі ўкладваюць немалыя грошы ў свае сядзібы, прылеглыя тэрыторыі, дарогі, інфраструктуру. Акрамя гэтага, не трэба забывацца, што гаспадары аграсядзібаў адраджаюць беларускія традыцыі, ствараюць працоўныя месцы, прывабліваюць замежнікаў, а значыць, валюту ў краіну», – падкрэсліла яна.

«І атрымліваецца, што адным росчыркам пяра, калі ўсё і не перакрэсляць, то дакладна ўскладняць», – сказала на заканчэнне Валерыя Кліцунова.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках