2 траўня 2024, Чацвер, 16:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму з беларускіх крамаў знікае цукар?

Чаму з беларускіх крамаў знікае цукар?

Агучаныя некалькі версій.

Па ўсёй Беларусі праблемы з цукрам у крамах. Гэта яшчэ не татальны дэфіцыт: дзесьці цукар знікае, з'яўляецца і зноў знікае; дзесьці кошты вышэйшыя; дзесьці можна ўбачыць пустыя паліцы, а ў суседняй краме цукар на месцы.

«Белсат» паспрабаваў высветліць, што адбываецца.

Шмат дзе знікае цукар-пясок, хоць рафінад застаецца ў продажы. У Менску з другой паловы мінулага тыдня рэгулярна можна ўбачыць пустыя паліцы там, дзе быў цукар, але ў іншай краме побач цукар на месцы. У Барысаве бывае, што можна знайсці толькі цукар катэгорыі «экстра» за 2 рублі 11 капеек за 1 кг, калі кошт «стандартнага» быў 1,78 р. У Быхаве звычайны цукар ужо бачылі за 2,05 р. У райпо Івацэвіцкага раёна цукру прывозяць мала, ён адразу знікае. Чытач з Мядзела кажа, цукру «няма і не прадбачыцца». У Віцебскай вобласці продаж цукру абмежавалі 2 кілаграмамі на чалавека...

АМАЛЬ ПУСТЫЯ ПАЛІЦЫ, ДЗЕ НЕКАЛІ БЫЎ ЦУКАР. РЭЧЫЦА, БЕЛАРУСЬ. 24 ВЕРАСНЯ 2021 ГОДА. ФОТА: ЧЫТАЧЫ БЕЛСАТ

Версіі выказваліся такія:

Магчыма, рэч у росце коштаў у свеце і ў суседняй Расеі: больш выгадна вывозіць цукар за мяжу, чым прадаваць у Беларусі з замарожаным коштам.

Магчыма, праблема ў дрэнным ураджаі: праз спёку буракі не набралі своечасова дастатковай масы і цукровасці.

Магчыма, бяда ў песімістычных чаканнях пастаўшчыкоў і задоўжванні паставак, каб потым прадаць цукар даражэй.

Магчыма, яго везці не хочуць: кошты паліва выраслі, а расцэнкі на перавозку засталіся ранейшымі.

НА ЖАБІНКАЎСКІ ЦУКРОВЫ ЗАВОД ДАСТАЎЛЯЮЦЬ БУРАКІ, З ЯКІХ ПОТЫМ РОБІЦЦА ЦУКАР. ФОТА: SAHAR.BY

Што кажуць на цукровым камбінаце?

Высокапастаўлены супрацоўнік аднаго з цукровых камбінатаў кажа «Белсату»: праблемаў з вытворчасцю няма, сыравіны было дастаткова. Працуе і ягоны завод, і іншыя. І ўсе машыны, якія прыязджаюць на камбінат, загружаюць цукрам, а адгрузка за апошні месяц вырасла ўдвая.

ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА. НА СЛУЦКІМ ЦУКРОВА-РАФІНАДНЫМ ЗАВОДЗЕ. ФОТА: SUGAR.BY

«Проста рэзкі ажыятаж насельніцтва, гандаль быў не гатовы, – запэўніваюць на цукровым камбінаце. – На цукровых камбінатах цукар ёсць, адгружаем, падоўжаныя дні адгрузкі. Цукру было дастаткова, проста рэзкі ўсплёск. Накруцілі насельніцтва, што падаражэе цукар, і насельніцтва кінулася набываць.

Гандаль можа недзе эканоміць: не хочуць пасылаць аўтатранспарт, чакаюць чыгунку, а вагоны заказаныя загадзя. Калі б захацелі, забяспечылі насельніцтва цалкам. Цукар на складах ёсць, уся праблема ў гандлі».

Але асноўная праблема, кажа прадстаўнік завода, у тых пакупніках, якія замест кілаграма цукру бяруць дзесяць, бо чакаюць падаражання і «робяць дома склады». На думку суразмоўцы, усплёск разавы: пройдзе яшчэ тыдзень, і людзі ўбачаць, што цукар ёсць, і попыт сыдзе.

А што кажуць у крамах?

Прадстаўнік адной з найбуйнейшых сетак кажа «Белсату», што нават не чуў нараканняў на адсутнасць цукру ці праблемы з пастаўкамі, хоць пра пустыя паліцы паведамлялі ў тым ліку ў крамах ягонай сеткі.

ЦУКАР У СТЫКАХ. ФОТА: GSR.BY

У іншай сетцы запэўніваюць: рост попыту бачаць, робяць павялічаныя заказы. Але для дастаўкі і выкладкі тавару патрэбны час. А попыт большы і ў параўнанні з мінулым месяцам, і ў параўнанні з тым самым месяцам мінулага года.

«Мы бачым, што прадаем больш – і заказваем больш, выстаўляем тавар на паліцы, – кажуць у гандлёвай сетцы. – Попыт вырас у некалькі разоў. Дакладныя лічбы ў цэлым не скажу, але гаворка можа ісці пра рост у два-тры разы ў залежнасці ад канкрэтнага рэгіёну, канкрэтнай крамы».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках