11 траўня 2024, Субота, 19:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як знаходзяць грошы на дарагую цацку Самазванца

7
Як знаходзяць грошы на дарагую цацку Самазванца
ФОТА: TUT.BY

Замест асновы для развіцця беларускага хакея, менскае «Дынама» стала дарагой цацкай для рэжыму.

На днях СМІ звярнулі ўвагу: сярод спонсараў менскага «Дынама» раптам апынулася ТАА «Гринрозница» - прычым адразу як «генеральны партнёр». Да гэтага ў гэтай якасці знаходзілася іншая прыватная кампанія «А-100» і паводле пагалосак гэта каштавала ёй некалькі мільёнаў даляраў у год, піша «Салідарнасць».

На гэты факт нельга было не звярнуць увагу ў сувязі з апошнімі загадкавымі падзеі вакол гандлёвай сеткі Green. Нагадаем, у лютым у офіс кампаніі прыйшлі супрацоўнікі ДФР.

А на «Усебеларускім народным сходзе» Лукашэнка расказаў пра даручэнне праверыць адну з гандлёвых кампаній:

- Не буду называць кампанію, мы яе проста зараз выразаем, гандлёвая. Вазьміце беларускі тавар, прадукты харчавання, прадайце - «вы ябацькі, беларускае - прэч адсюль». Я кажу: праверце. А што там? Егіпецкая бульба, польскія яблыкі, літоўская прадукцыя і г.д. і да т.п. Асабіста даручыў сваім людзям пайсці і паглядзець, без чыноўнікаў».

Пасля гэтага з'явілася інфармацыя аб затрыманні ўладальніка Green Генадзя Кірэйкава. Чуткі прыпісвалі яму і кіраўніцтву кампаніі палітычную нелаяльнасць падчас масавых пратэстаў. У пачатку лета паведамлялася, што бізнэсоўца выпусцілі, але не проста так, а за выплату некалькіх мільёнаў даляраў.

І вось «Гринрозница» раптам апынулася генеральным партнёрам «Дынама» (у такім жа статусе знаходзіцца Мазырскі НПЗ), клуба за якім пільна сочыць Лукашэнка і дзе старшынёй праўлення з'яўляецца яго любімчык Дзмітрый Баскаў.

Пагалоскам пра «раскулачванне» бізнэсу спрыяе і тое, што афіцыйных паведамленняў пра ўваходжанне Green у лік спонсараў не было - усё было зроблена цішком.

Словы Лукашэнкі разыходзяцца са справай: колькі грошай выдаткоўваюць на «Дынама»

Публічна кіраўнік неаднаразова патрабаваў па мінімуму марнаваць на каманду, якая выступае ў КХЛ, дзе змагаецца з багатымі расейскімі клубамі. Апошнюю падобную заяву ён зрабіў у канцы жніўня пры ўвядзеннi ў эксплуатацыю Петрыкаўскага горна-абагачальнага комплексу.

На словах Лукашэнка выказаў сумнеў, ці варта «Беларуськалію» маштабна спансіраваць хакей (прадпрыемства выступае генеральным спонсарам «Дынама»):

- Я папрасіў, каб ён (гендырэктар «Беларуськалія») асабліва там не раскідаўся, вобразна кажучы, на хакеістаў і футбалістаў. Таму што паехалі ўчора ў Польшчу (там 20 чалавек у хакей гуляюць) - прайгралі... А мы іх спансуем. Вось сярэдні заробак - няхай атрымліваюць, а потым за вынік нешта дадамо. Так і па футбалістах.

Некалькі гадоў таму Лукашэнка на прыкладзе «Дынама» казаў прыкладна пра тое ж:

- Не трэба там гэтая КХЛ і наогул такая каманда. За гэтыя грошы мы самі будзем утрымліваць увесь хакей у Беларусі!

Але што на справе? Толькі за перыяд з 2014-га да 2019-ы года «Беларуськалій уклаў у «Дынама» амаль 75 млн даляраў.

Можа быць, нешта моцна змянілася? Ды не, вось свежая навіна: навабранец менскага «Дынама» швед Мальце Страмваль будзе атрымліваць 544 тысячы даляраў у год.

Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін пісаў: «За ўсе гэтыя гады ў Беларусі можна было за бюджэт аднаго «Дынама» пабудаваць амаль 25-30 гульнявых залаў ва ўсіх абласных і раённых цэнтрах».

А вось меркаванне былога супрацоўніка Федэрацыі хакея Яўгена Мазуры:

- Як прадстаўніку гэтага віду спорту мне хакейнай інфраструктуры, можа, нават і не стае. А якая ёсць, на жаль, неэфектыўна выкарыстоўваецца. Перш за ўсё-праца дзіцячых школ. Вось за што неабходна тэрмінова брацца, напляваўшы у тым ліку на вынікі дарослых каманд. Асабіста я не разумею сэнсу менскага «Дынама» ў КХЛ. Гэта сапраўды не кузня кадраў, бо за 10 гадоў эксперыментаў зборная мацнейшай не стала. Так, з'явілася чарада легіянераў з беларускімі пашпартамі, але падчас кваліфікацыі і яны не дапамаглі.

Дарэчы, аб легіянерах: тут словы Лукашэнкі таксама разыходзяцца са справамі. Некалькі гадоў таму кіраўнік запатрабаваў у кіраўніцтва «Дынама» фармаваць каманду з беларусаў, запрашаючы легіянераў толькі ў крайнім выпадку:

- Трэба браць сваіх хлопцаў. Натуральна, тры-чатыры легіянеры: брамніка ў нас няма моцнага. Яго і не будзе, калі нашы не будуць стаяць у браме. Так, трэба хтосьці ў першую тройку, але трэба ставіць сваіх і гуляць.

З тых часоў нічога не змянілася: «Дынама» не скупіцца на заробкі варагам. Вышэйзгаданы швед Мальце Страмваль стаў дзясятым легіянерам у складзе беларускай каманды на новы сезон, без уліку расейцаў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках