19 студзеня 2022, Серада, 0:59
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Апейкін: Вольныя спартоўцы нанеслі вельмі моцны ўдар па дыктатару

3
Аляксандр Апейкін: Вольныя спартоўцы нанеслі вельмі моцны ўдар па дыктатару

Для яго зачыненыя апошнія «шчыліны».

Беларускія спартоўцы аднымі з першых падтрымалі перамены ў краіне. Усе мы памятаем расцяжку «Народ – чэмпіён», з якой яны кожную нядзелю выходзілі на маршы. Сёння Фонд спартовай салідарнасці, які аб'яднаў вольных спартоўцаў, прадаўжае змаганне за дэмакратычную Беларусь на міжнароднай арэне. Дзякуючы іх актыўнасці шэраг спаборніцтваў быў перанесены з нашай краіны. Сярод іншага – чэмпіянат свету ў хакеі, які называюць «улюбёнай цацкай» Лукашэнкі.

Выканальны дырэктар Фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін у інтэрв'ю сайту Charter97.org выказаў меркаванне, што калі б у 2021 годзе ў Менску прайшоў ЧС у хакеі, дык дыктатар здолеў бы ўнікнуць санкцый.

– Давайце пачнем з вашага маштабнага праекту. Вы цяпер займаецеся пазовам да УЕФА і АБФФ. Як рухаецца гэтая гісторыя?

– Справа прасоўваецца даволі бадзёра. Вясной нам здавалася, што ва УЕФА ідуць нам на сустрэчу і гатовыя займацца гэтым пытаннем. Пры гэтым яны цудоўна разумелі, што ў Беларусі адбываецца дыскрымінацыя спартоўцаў, што ў цэлым працуе рэпрэсіўная сістэма ў спорце. Аднак у чэрвені адбыўся рэзкі паварот. Нам проста адмовілі ў пачатку дысцыплінарнага працэсу.

І далей пачынаецца іншы ўзровень узаемадзеяння. Нам даводзіцца падключаць вельмі сур'ёзных спецыялістаў, якія дапамагалі нам скласці правільна апеляцыю на пастанову УЕФА. Мы працавалі над гэтай апеляцыяй, яна прымусіла УЕФА распачаць паўторны працэс. Гэта адбывалася ўжо восенню. Тады стала зразумела, што ў іх няма ніякага жадання распачынаць дысцыплінарны працэс. У гэтай арганізацыі ўсе былі добра абазнаныя, што адбываецца, у іх быў даклад Фонду спартовай салідарнасці аб карупцыі і парушэннях у беларускім футболе.

Усе цудоўна разумеюць сітуацыю, але ніякіх дзеянняў ажыццяўляць не хочуць. Гэта значыць, з нашага гледзішча пастанова УЕФА з'яўляецца карупцыйнай і як мінімум парушае ўласныя статуты. Але з іншага боку, гэта выглядала такой бяздзейнасцю і ігнараваннем. Нічога не заставалася, акрамя звароту ў Cпартовы арбітражны суд (CAS).

І вельмі важны момант у тым, што гэты суд прыняў заяву да разгляду. Груба кажучы, значыць ёсць прадмет разгляду. Калі б гэтага не было, то заяву адфутболілі б на першай стадыі. Другі важны момант, тое, што CAS прызначыў трох арбітраў, а не аднаго. Калі б быў адзін, была б рызыка нейкага суб'ектыўнага чынніку. Тут адразу тры арбітры. Адпаведна разгляд будзе бесстароннім.

Ну, і мяркуючы з гэтых абставінаў, ёсць адчуванне, што CAS усё ж такі прымусіць УЕФА выконваць уласны статут і пачаць расследаванне супраць Беларускай федэрацыі футболу. Мы ўпэўненыя ў правільнай пастанове CAS.

– Атрымліваецца, што, мякка кажучы, міжнародныя спартовыя асацыяцыі не заўсёды празрыстыя. Ці можна сказаць, што часта вам даводзіцца змагацца і з рэжымам, і з міжнароднымі спартовымі функцыянерамі адначасова?

– Так, яны амаль усе непразрыстыя: і ФІФА, і УЕФА, і НАК, і іншыя вялікія арганізацыі. Гісторыя доўжыцца прыкладна з сярэдзіны 20-га стагоддзя. Гэта грамадскія арганізацыі, адпаведна дзель нейкіх карупцыйных момантаў дастаткова высокая, але ёсць проста пэўныя агульныя трэнды.

Мы цягам усяго года актыўна ўзаемадзейнічалі і з іншымі міжнароднымі арганізацыямі, дзе не сутыкаліся з такімі праблемамі. Напрыклад, мы змаглі дагрукацца да ІІХФ. Нягледзячы на тое, што нам усе казалі, што гэта такая маналітная структура, вы там нічога не даможацеся, не перанесяце ніякі чэмпіянат і ўвогуле нічога не зможаце. У выніку і чэмпіянат перанеслі і Баскава дыскваліфікавалі. Таму ўсё залежыць ад кожнай канкрэтнай арганізацыі.

З УЕФА крыху іншы падыход. Відаць, нехта выдатна лабіруе Беларускую федэрацыю футболу на самым версе або УЕФА не хоча ствараць нейкі прэцэдэнт, заплюшчваючы на гэта вочы. Цяпер такі момант, калі гэтае пытанне стала выходзіць на палітычны ўзровень. Ён перастае быць толькі спартовым, таму што пастановы УЕФА ідуць у поўны разрэз з агульным заходнееўрапейскім трэндам датычна Беларусі. Ідзе трэнд на ізаляцыю рэжыму, ідзе трэнд на санкцыйныя пастановы, трэнд ціску на беларускія ўлады. Але пры гэтым яны наадварот прадаўжаюць фінансаваць Беларускую федэрацыю футболу, якая з'яўляецца часткай рэпрэсіўнай машыны. То-бок гэта ўсё ідзе на шкоду і ўсё больш пачынае турбаваць еўрапейскіх палітыкаў. Таму пытанне будзе яшчэ палаць і палаць у найбліжэйшы час.

– Вы згадалі перанос чэмпіянату свету ў хакеі. Як вы мяркуеце, ці моцна б'юць па дыктатару падобныя рэчы?

– Вельмі моцна б'юць. Тут пытанне не ў тым, каб закрануць нейкія асабістыя амбіцыі ці любоў да хакею. Тут падыход выключна прагматычны. Лукашэнка бачыў гэты чэмпіянат свету выключна для легітымізацыі сябе. Калі б чэмпіянат свету ў хакеі адбыўся, не было б чацвёртага і пятага санкцыйнага пакету, не было б самалёта з Пратасевічам, нічога не было б. Чэмпіянат у траўні прайшоў бы, усе папляскалі б у далоні, Лукашэнка ўсіх узнагародзіў бы. Прыехалі б якія-небудзь еўрапейскія чыноўнікі на ўсю гэтую справу, ну, і кола пракруцілася б.

Таму чэмпіянат трэба было пераносіць. Не дзеля таго, каб забраць свята ў дыктатара. Рэч у тым, што мы забіралі пляцоўку легітымізацыі рэжыму. І ўсе пераносы, усе скасаванні буйных спартовых спаборніцтваў у Беларусі – гэта ўсяго толькі пазбаўленне рэжыму ўласнай пляцоўкі для легітымізацыі. Вось для чаго гэта трэба, а не для таго, каб нашкодзіць ці пазлаваць Лукашэнку. Пляваць на яго. Ёсць пытанне значна шырэйшага плану. Калі ты праводзіш буйныя міжнародныя спаборніцтвы, то так ці інакш да цябе прыязджаюць міжнародныя федэрацыі, міжнародныя журналісты, усялякія дэлегаты, інспектары, спартоўцы. Натуральна, што з усяго гэтага робіцца шоу.

Той самы чэмпіянат Еўропы ў велатрэку. У звычайны час яго не заўважыў бы ніхто. Але ў актуальных падзеях з гэтага зрабілі б вялікую піяр-кампанію. Прапагандысты сказалі б на ўвесь свет: які ў нас круты велатрэк, які круты Менск, які круты рэжым і які круты Лукашэнка. Яны паказалі б школьнікаў шчаслівых ці што-небудзь яшчэ. Гэта значыць, зладзілі б піяр. У канцы выйшаў бы Лукашэнка, узнагародзіў бы ўсіх медалямі. Знайшліся б пару якіх-небудзь прадажных дэлегатаў, інспектараў ці каментатараў, якія ўсё гэта абставілі б, як прарыў у Еўропу.

– Ёсць такая ходкая фраза: «спорт па-за палітыкай». Ці можа сёння спартовец у Беларусі быць па-за палітыкай?

– Не, абсалютна выключана. Гэта ўжо немагчыма ні з аднаго, ні з другога боку. Таму што калі рэжым збірае спартоўцаў на абмеркаванне новай «Канстытуцыі», то гэты збор нічым не адрозніваецца ад асуджэння спартоўцамі вынікаў выбараў. Ідзе змушэнне да палітыкі як з аднаго, так і з другога боку. І гэта абсалютна нармальна, таму што спартоўцы – грамадзяне. У Беларусі цяпер няма дзялення на спартоўцаў, артыстаў і кагосьці яшчэ. Ёсць грамадзяне, якія хочуць пераменаў, лепшага для краіны, якія разумеюць, што Беларусь цяпер можа надоўга адстаць ад усяго свету. І ёсць група кансерватыўных грамадзянаў, якія маюць статычнае мысленне, якія не хочуць, каб Лукашэнка некуды падзеўся. Таму спартоўцы – гэта ў першую чаргу грамадзяне. Натуральна, што яны не могуць абстрагавана ставіцца да таго, што адбываецца. Тым больш калі адбываецца нейкая дзікасць.

Гэта значыць, у гэтым выпадку гаворка ідзе не пра палітыку як барацьбу дэмакратаў, сацыял-дэмакратаў і лібералаў. Гаворка ідзе пра тое, што ў краіне адбываецца беззаконне і ты не можаш неяк да гэтага абыякава ставіцца. Калі ты абыякава да гэтага ставішся, то ты з'яўляешся звычайным суўдзельнікам. І людзі, якія бачаць, што адбываецца беззаконне, але думаюць «я спартовец, я павінен быць па-за гэтым», глыбока памыляюцца. Беззаконне датычыцца абсалютна ўсіх.

З іншага боку, калі ідзе нейкая палітычная барацьба, але ідзе законна і роўна для ўсіх, тады сапраўды не вельмі камільфо спартоўцам удзельнічаць у выбарчых ці палітычных кампаніях. Хоць усё гэта пачалося яшчэ з прыходу Лукашэнкі на пасаду кіраўніка Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Спартоўцы заўсёды з'яўляліся ўдзельнікамі выбарчых кампаній Лукашэнкі. І першы, хто змусіў беларускіх спартоўцаў да палітыкі, гэта быў якраз сам Лукашэнка. Таму яму няма на што крыўдзіцца.

– Пасля падзей 2020 года ўсё часцей можна было бачыць радасць простых беларусаў ад паразы нашых хакеістаў, ідзе байкот футбольных матчаў. Як вы гэта патлумачылі б?

– Так, гэта існуе. Адбываюцца катастрафічныя падзеі для краіны, а нехта робіць выгляд, што нічога не адбываецца, прыкідваецца шлангам. Таму грамадзяне Беларусі, заўзятары, гэтае замоўчванне з боку палітыкаў і спартоўцаў успрымаюць як суўдзел у гэтым усім. Адбываецца дзікасць, злачынствы. Адбываецца рэальнае беззаконне – пасадкі, збіццё, забойствы, увогуле, саміх заўзятараў. Некаторыя спартоўцы робяць выгляд, што «ўсё о’кей, мы катаем мячык далей». Адпаведна калі ты на гэта ніяк не рэагуеш, дык ты становішся чалавекам з нізкай маральнай планкай.

Вось гэтая спроба быць «па-за» абарочваецца менавіта тым, што гэты чалавек становіцца бліжэй да суўдзельніка. Таму, адпаведна, заўзятары ад гэтага калектыўна адварочваюцца.

– Вы выхадзец з гандболу. Нашыя гандбалісты заўсёды паказвалі даволі нядрэнныя вынікі, з часоў СССР у нас ёсць нядрэнная школа. Аднак чаму на дзяржаўным узроўні стаўка робіцца на дарагі хакей, які не дае ніякіх вынікаў. Можа, ёсць сэнс зважаць на тыя віды спорту, дзе ў нас нешта атрымліваецца?

– Сэнс ёсць, але Лукашэнка мае іншую логіку. Ён ідэалізуе хакей і тысячу іншых прадпрыемстваў, якія цяпер не даюць нічога. У сутнасці, ідзе інвеставанне не з прыбытку, а са знешняга запазычання. Адсюль такая касмічная знешняя пазыка, за якую будуць плаціць усе грамадзяне Беларусі. У сутнасці капрыз аднаго чалавека абслугоўваюць падаткаплацельнікі. Няма такога паняцця, што Лукашэнка нешта ўзяў, пабудаваў ці зрабіў. Спартовыя аб'екты даюцца ў нагрузку так званым алігархам і забудоўнікам, якія атрымліваюць пэўныя месцы пад забудову жылля ці іншага цывільнага будаўніцтва. Кошт спартовага аб'екта ўкладваецца ў каштарыс будаўніцтва гэтага жылля. У выніку за гэтыя квадратныя метры таксама разлічваюцца грамадзяне. У сутнасці ўсе аб'екты спартовай інфраструктуры пабудавалі самі грамадзяне. І інвеставанне ў хакей адбываецца за кошт насельніцтва і асабістага жадання Лукашэнкі, а не з ягонай кішэні.

Падзеі 2020 года і адбыліся таму, што беларусы сталі ўсведамляць, што «якога х*ра мы за гэта плацім?», пры тым, што прыязджае пэўная група «чувакоў», тыя ж дзеці дыктатара, і кажуць, што гэта іхнія дасягненні. Але гэта дасягненне ўсёй краіны. Ну і так, хакей – гэта не той від спорту ў Беларусі, які нешта паказвае. Пры гэтым хакей і футбол – даволі дарагія віды спорту.

– Якім вы бачыце развіццё беларускага спорту ў вольнай Беларусі?

– Складана сказаць. Усё залежыць ад сацыяльна-эканамічнай мадэлі. Спорт не можа самастойна існаваць і так ці інакш будзе з ёю звязаны. Адпаведна, калі будзе сфармаваная канцэпцыя сацыяльна-эканамічнай мадэлі, тады і будзе фармавацца канцэпцыя развіцця спартовай індустрыі. Але так ці інакш спорт будзе развівацца паводле сусветных тэндэнцый.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».