26 красавiка 2024, Пятніца, 10:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Праз гадзіну на выезд з Беларусі сабралася больш за 30 аўтобусаў»

12
«Праз гадзіну на выезд з Беларусі сабралася больш за 30 аўтобусаў»

Як выехаць за мяжу і чым беларусаў здзівіў навагодні Львоў?

Журналіст «Вечернего Гродно» Яўген Лебедзь расказаў пра тое, як сустрэў Новы год ва Украіне.

Надакучыў навагодні стол

Стамляе кожны год бегаць па крамах, нарэзаць салаты і сядзець за сталом. Хацелася ўцячы ад мітусні і змяніць абстаноўку хоць раз за некалькі гадоў. Праўда, з-за каранавіруса і закрытых межаў выбар невялікі: альбо Масква і Пецярбург на цягніку, альбо Кіеў і Львоў на аўтобусе. У бітве пераваг перамог Львоў, але знайсці тур з выездам з Гародні не ўдалося. Едзем у Менск. Першы за два гады выезд за мяжу - нібы свежы вецер, нібы рамантычны пацалунак пасля доўгага карантыну.

Ахвочых сустрэць Новы год у Львове беларусаў было шмат. Сталічныя турфірмы, здавалася, сцягнулі туды ўсе вольныя аўтобусы.

- Хутчэй, хутчэй, - усю дарогу падганяў турыстаў наш суправаджальнік Яраслаў. Ён разумеў, што важна як мага хутчэй прыехаць на мяжу 30 снежня.

Шэсць гадзін на мяжы

Да пункта пропуску «Макраны - Даманава» наш аўтобус пад'ехаў восьмым. Праз гадзіну на выезд з Беларусі сабралася больш за трыццаць аўтобусаў!

Забягаючы наперад, скажам, што апошні аўтобус прыехаў у Львоў а шостай вечара 31 снежня. Людзі прастаялі ў чарзе блізу сямнаццаці гадзін!

Нам пашанцавала больш - «толькі» шэсць гадзін пайшло на праходжанне беларуска-ўкраінскай мяжы.

B Украіну пускаюць з адмоўным ПЦР-тэстам, але на мяжы ўсё адно збіраюць па 15 даляраў з чалавека і патрабуюць медстрахоўку ад ковіду. Не плацяць тыя, хто мае сертыфікат з кітайскай вакцынай. Спадарожнік не пасуе.

Куды ні зірні - усюды кірмаш

Львоў любяць за яго гістарычны цэнтр, «брукаванку» на вулачках. Тут ёсць нешта падобнае да Вены, Прагі і Вільні.

Разынка Львова - шматлікія ўстановы з незвычайнай падачай страў. Вам могуць прынесці закатаны накрыўкай паўлітровы слоік піва або пачаставаць смачнымі дранікамі ў антымаскальскай «Криивке».

Наогул, на Новы год у цэнтры было дзве чаргі: першая ва ўстановы, дзе прадаюць вядомую вішнёвую настойку, другая - на ўваход у «рэберню», дзе сталовыя прыборы малююць маркерам на стале, а на шыю вешаюць фартух, каб наведвальнік не выпацкаўся сакавітымі рабрынкамі.

Кожная ўстанова спрабуе здзівіць і прыцягнуць увагу мінакоў. Каля кавярні стаіць перакрэслены знак «месца пацалункаў» з надпісам - «Цьомки пiсля карантину».

Свята не давала забыцца, што Украіна знаходзіцца ў стадыі вайсковага канфлікту, нягледзячы на тое, што да Данбаса больш за тысячу кіламетраў. Гэта адчуваецца ў храмах горада. У львоўскай базіліцы ёсць плакаты з партрэтамі загінулых салдат, ляжаць «прывітанні» з вайны: аскепкі набоеў і гільзы.

Калі разумееш, што краіна ледзь не штодня страчвае маладых людзей, святочны настрой знікае…

Еўрапейскія гарады немагчыма ўявіць без каляднага кірмашу. У Львове гандлёвыя шэрагі размясцілі ў некалькіх месцах. Рамеснікаў і гандляроў можна было сустрэць каля арсенала і вакол ратушы. Галоўная алея расцягнулася ля Тэатра оперы і балета. Тут нават у навагоднюю ноч можна было купіць сувеніры і добра паесці. Талерка бульбы і вялізная сасіска каштавалі 10 рублёў. Магніты каштуюць ад 5 да 8 рублёў, бутэлька вады - 2 рублі.

Адзначаюць усім горадам

У навагоднюю ноч у цэнтры Львова яблыку не было дзе ўпасці. Людзі запоўнілі ўсю плошчу перад «операй» і суседнія вуліцы, шпацыравалі па кірмашы і фатаграфаваліся каля галоўнай ялінкі горада. Паліцыя вызваліла цэнтр ад аўтамабіляў, перацяла вуліцы, але не агароджвала плошчу турнікетамі і не правярала людзей.

Тут не было сцэны і гадзінніка, а на апошняй хвіліне 2021 года ў натоўпе пачалі самастойны адлік секунд. Роўна апоўначы з плошчы ў неба ўзляцеў феерверк. Вось і ўся святочная праграма. Людзі забаўлялі самі сябе: адкаркоўвалі шампанскае, запальвалі бенгальскія агні. Паліцыя нікога не праганяла і давала турыстам і жыхарам горада адзначыць Новы год.

— Мы паклалі дзяцей спаць, а самі прыйшлі сюды, — расказвае малады львовец, наліваючы жонцы келіх шампанскага.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках