2 траўня 2024, Чацвер, 4:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

NATO заклікае Еўропу дыверсіфікаваць крыніцы энэрганосьбітаў

1
NATO заклікае Еўропу дыверсіфікаваць крыніцы энэрганосьбітаў

Расея пастаўляе ў ЕЗ прыкладна трэць спажыванага блокам газу.

Еўропе трэба дыверсіфікаваць крыніцы энэрганосьбітаў, заявіў у нядзелю кіраўнік NATO.

Расея сканцэнтравала каля межаў Украіны блізу 120 тысяч вайскоўцаў і запатрабавала ад заходняга абароннага альянсу вывесці войскі з Усходняй Еўропы і не дапусціць уваходжання Украіны ў NATO, паведамляе «Голас Амерыкі».

Прадстаўнікі ЗША заявілі ў суботу, што Расея даставіла ў войскі прадметы медыцынскага прызначэння для лячэння пацярпелых у магчымым канфлікце.

Масква сцвярджае, што не плануе ўварвання, але заявіла ў нядзелю, што папросіць NATO ўдакладніць, ці мае намер альянс выканаць ключавыя абавязанні ў сферы бяспекі, раней заявіўшы, што адказ альянсу на яе патрабаванні не быў дастаткова падрабязным.

ЗША падкрэслілі, што NATO не выведзе войскі з Усходняй Еўропы і не будзе зачыняць дзверы для Украіны, але выказалі гатоўнасць абмеркаваць такія пытанні, як кантроль над узбраеннямі і меры ўмацавання даверу.

Вашынгтон ужо некалькі тыдняў імкнецца дасягнуць пагаднення з еўрапейскімі партнёрамі аб пакеце жорсткіх мер у выпадку нападу Расеі на Украіну.

Расея пастаўляе ў ЕЗ прыкладна трэць спажыванага блокам газу, і ўсе збоі ў пастаўках могуць пагоршыць існы энэргетычны крызіс, выкліканы дэфіцытам паліва.

"Мы занепакоеныя энэргетычнай сітуацыяй у Еўропе, бо яна дэманструе ўразлівасць празмернай залежнасці ад аднаго пастаўшчыка прыроднага газу, і менавіта з гэтай прычыны хаўруснікі з NATO згодныя з тым, што нам трэба працаваць і сфакусавацца на дыверсіфікацыі паставак", - заявіў генеральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг.

Вялікабрытанія заявіла ў нядзелю, што яна пашырыць ахоп уласных магчымых санкцый у законапраекце, які будзе разглядацца найбліжэйшымі днямі.

«Нам здаецца вельмі малаімаверным, што ён (прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін) збіраецца ўварвацца ва Украіну. Вось чаму мы робім усё магчымае з дапамогай стрымлівання і дыпламатыі, каб пераканаць яго адмовіцца ад гэтага», - заявіла міністарка замежных спраў Вялікабрытаніі Ліз Трас у інтэрв'ю BBC.

Трас, якая наведае Украіну і Расею найбліжэйшыя два тыдні, заявіла тэлеканалу Sky News, што прапанаваны законапраект дазволіць брытанскім уладам падставіць пад санкцыі значна шырэйшае кола аб'ектаў, «каб не было нікога, хто мог думаць, што яны будуць абаронены ад гэтых санкцый».

Адказваючы на пытанне, ці могуць новыя паўнамоцтвы ўключаць магчымасць канфіскацыі уласнасці ў Лондане, Трас заявіла BBC: «Нішто не выключаецца».

Амерыканская аналітычная арганізацыя «Цэнтр за амерыканскі прагрэс», заявіла, што брытанскія ўлады сутыкнуцца з праблемай пры выцясненні з Лондана багатых расейцаў, звязаных з Крамлём, улічваючы шчыльныя сувязі «паміж расейскімі грашыма і кіроўнай Кансерватыўнай партыяй, прэсай, сферай нерухомасці і фінансавай інвестыцыі».

Каментуючы гэта, Трас сказала: «Існуе рэальная пагроза свабодзе і дэмакратыі ў Еўропе. І гэта важней, чым кароткатэрміновыя эканамічныя выгады як для Злучанага Каралеўства, так і для нашых еўрапейскіх супольнікаў».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках