У Беларусі рэзка вырасла колькасць фальшывых грошай
8- 1.10.2022, 14:36
- 6,194
Падробленыя грашовыя банкноты канфіскаваныя з грашовага звароту ў 36 населеных пунктах.
У Нацыянальным банку назвалі колькасць фальшывых банкнотаў, выяўленых у Беларусі ў першым паўгоддзі 2022 года. У банку заўважылі, што колькасць падробленых банкнотаў у першым паўгоддзі 2022 года вырасла на 8,9% у параўнанні з аналагічным перыядам 2021 года.
Паводле інфармацыі Нацбанка, супрацоўнікі здолелі за 6 месяцаў 2022 года выявіць 414 фальшывых банкнотаў.
– У асноўным гэта былі даляры ЗША – 83,6%. Дзель падробленых расейскіх рублёў склала 11,1%, еўраў – 3,6%, беларускіх рублёў – 1,4%, іншых валютаў – 0,2%, – адзначылі ў Нацбанку.
Разам з тым колькасць фальшывых даляраў вырасла на 60,9%. Што да расейскіх рублёў, то на 63,8% знізілася колькасць падробак. А вось колькасць падробленых банкнотаў еўраў знізілася на 54,5%.
– Колькасць падробак беларускіх рублёў павялічылася ў абсалютным выразе на 2 штукі, – праінфармавалі ў Нацбанку.
І заўважылі, што ў Менску было выяўлена 65% усіх фальшывых грошай, а ў абласцях краіны – 3,6–8,2%.
Паведамляецца, што падробленыя грашовыя банкноты канфіскаваныя з грашовага звароту ў 36 населеных пунктах.