5 траўня 2024, Нядзеля, 3:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прыхаваная мабілізацыя: каму ў Беларусі прыходзяць позвы

12
Прыхаваная мабілізацыя: каму ў Беларусі прыходзяць позвы

Беларусаў масава заклікаюць пад выглядам «праверкі ваеннаабавязаных».

У Генеральным штабе Украіны заявілі аб пагрозе паўторнага наступу з тэрыторыі Беларусі. Намеснік начальніка Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштаба УСУ Аляксей Громаў падчас брыфінгу паведаміў, што такая пагроза расце, але кірунак можа быць зменены на захад беларуска-ўкраінскай мяжы «для пераразання асноўных лагістычных артэрый паставак узбраення і вайсковай тэхнікі Украіне ад краін-партнёраў», паведамляе currenttime.tv.

Гаворачы аб захадзе беларуска-ўкраінскай мяжы, Громаў, імаверна, меў на ўвазе тэрыторыю, прылеглую да Польшчы, аднаму з асноўных партнёраў Украіны. Ён адзначыў, што на тэрыторыі Беларусі працягваюцца мерапрыемствы па разгортванні авіяцыйных і іншых падраздзяленняў расейскіх войскаў. Менск, паводле звестак украінскага Генштаба, працягвае падаваць сваю тэрыторыю для запуску балістычных ракет і дронаў. Таксама ў краіне працягваюцца мерапрыемствы па так званай прыхаванай мабілізацыі.

Тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» расказаў, як дэмбеляў 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння ў Мар'інай Горцы Менскай вобласці выклікаюць на вайсковыя зборы, якія, паводле парадку дня, пройдуць з 21 кастрычніка па 4 лістапада. Акрамя таго, ёсць звесткі, што павесткі прыходзяць былым міліцыянерам, рабочым шэрагу гарадзенскіх прадпрыемстваў, а таксама дэмбелям ПДВ. У Мінабароны Беларусі прызналі рассылку павестак, але называюць тое, што адбываецца, стандартнай праверкай уліку вайсковаабавязаных, а зусім не мабілізацыяй.

Першыя паведамленні аб выкліках у ваенкаматы з'явіліся пасля нарады Аляксандра Лукашэнкі з вайскоўцамі, дзе ён запатрабаваў «без гвалту і шуму» праверыць ваеннаабавязаных. Як пішуць некаторыя беларускія СМІ, у тых, хто прыйшоў у ваенкамат, правяралі асабістыя звесткі, вайсковую спецыяльнасць, некаторых забіралі на зборы.

Афіцыйна мабілізацыя ў Беларусі не абвешчаная, а ўсе публікацыі пра яе ў Міністэрстве абароны называюць фэйкам. На думку вайсковага экспэрта Сяргея Бульбы, пад выглядам так званай праверкі ваенкаматаў і ваеннаабавязаных у краіне або ўжо ідзе прыхаваная мабілізацыя, або вядзецца падрыхтоўка да яе: «Штат беларускіх падраздзяленняў нават сіл спецыяльных аперацый (ССА) - гэта тры брыгады: Берасце, Мар'іна Горка і Віцебск. Уласна кажучы, калі ад гэтага ліку адняць жаўнераў тэрміновай службы, то што мы маем каля трох-чатырох тысяч адносна падрыхтаваных. Але нават у гэтых сэсэашных падраздзяленняў штат запоўнены працэнтаў на 70, гэта значыць 30% штата не стае».

Што да іншых вайсковых падраздзяленняў, напрыклад артылерыі ці СПА, дадае Сяргей Бульба, недахоп асабовага складу яшчэ большы. Для таго каб укамплектаваць падраздзяленні, уважае экспэрт, у краіне і робяцца спробы «ціхай мабілізацыі». «З рэгіёнаў прыходзіць інфармацыя, што позвы, у тым ліку, як у Мазыры, раздавалі каля крамы. Але ўсё гэта заканчваецца тым, што прыйдзеце, удакладнім звесткі, гэта значыць далейшых дзеянняў няма», – кажы Бульба

Паводле звестак украінскай разведкі, пад выглядам прыхаванай мабілізацыі беларускія ўлады ў тым ліку вывучаюць патэнцыял пратэстных настрояў у краіне. «Гэта сведчыць аб тым, што самаабвешчаная беларуская «ўлада» не ўпэўнена ў падтрымцы шырокіх слаёў насельніцтва рашэнняў аб удзеле іх краіны ў вайсковых авантурах Расейскай Федэрацыі», - гаворыцца ў дакуменце міністэрства абароны Украіны.

Мабілізацыя ў Беларусі, на думку палітычнага аглядальніка Ігара Ільяша, можа істотна паспрыяць новым вулічным пратэстам, пакуль жа, дадае экспэрт, ідзе тэсціраванне мабілізацыйных інстытутаў: «Мы маем звесткі па некалькіх частках, калі вайсковыя зборы праходзяць і заканчваюцца, гэта значыць яны канчатковыя. Ізноў-такі, гэта не зусім характэрна для мабілізацыі, хай нават утоенай. Сэнс утоенай мабілізацыі - набраць людзей на вайсковыя зборы і не адпускаць да пачатку вайны. Я думаю, што зараз мае месца тэсціраванне мабілізацыйнай сістэмы з разліку на тое, што далейшая эскалацыя прывядзе да радыкальных сцэнароў уступлення Беларусі ў вайну».

Дадатковыя расейскія вайскоўцы пачалі прыбываць у Беларусь пасля таго, як Лукашэнка абвясціў аб разгортванні рэгіянальнай групоўкі войскаў Саюзнай дзяржавы дзясятага кастрычніка. У Міністэрстве абароны расказалі, што ў Беларусь прыбудуць да дзевяці тысяч вайскоўцаў з Расеі

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках