11 траўня 2024, Субота, 3:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінскі генерал: Войска Расеі трывае каскад паражэнняў

8
Украінскі генерал: Войска Расеі трывае каскад паражэнняў

Гэта можа прывесці да развалу РФ.

Узброеныя сілы Украіны змянілі дынаміку вайны. Паспяховае контрнаступленне на Харкаўскім кірунку працягнулася на Херсонскім. Войска краіны-акупанткі Расеі церпіць каскад паражэнняў аператыўнага маштабу. Калі такая тэндэнцыя захаваецца, кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін можа задзейнічаць ядзерны аргумент.

У выпадку адлучэння Пуціна ад улады Украіна будзе цалкам вызваленая і вернецца да межаў 1991 года. Цяпер пуцінская Расея набліжаецца да стану фашысцкай Германіі ўзору вясны 1945 года. Такое меркаванне ў эксклюзіўным інтэрв'ю OBOZREVATEL выказаў экс-намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл Украіны генерал-лейтэнант Ігар Раманенка.

- Кіраўнік Пентагона Лойд Осцін заявіў аб тым, што Узброеным сілам Украіны ўдалося дасягнуць пэўнага прагрэсу ў прасоўванні ў Херсонскай вобласці, яны змянілі дынаміку баявых дзеянняў. Ці згодны вы з такімі ацэнкамі? Калі так, то ў чым яшчэ выяўляецца гэтая змена дынамікі?

- Пачатак змен дынамікі быў пакладзены контрнаступальнымі дзеяннямі УСУ на Харкаўскім кірунку з іх цяперашнім прасоўваннем у кірунку Лімана на поўначы Данецкай вобласці і Лісічанска ў Луганскай вобласці. Пасля пэўнай паўзы - на Херсонскім кірунку.

Наступальныя дзеянні распачаліся 29 жніўня. У выніку УСУ захапілі першую лінію абароны ворага. Сродкамі артылерыі і авіяцыі УСУ была істотна аслабленая правабярэжная групоўка ворага.

На дадзеным этапе УСУ праводзяць контнаступальныя дзеянні на Херсонскім накірунку, на поўначы і на поўдні. Сведчаннем гэтага з'яўляецца вызваленне некалькіх населеных пунктаў.

Дынаміка, якая агулам была закладзеная Узброенымі сіламі на Харкаўскім накірунку, мае працяг на Херсонскім накірунку.

– New York Times апублікавала матэрыял навуковага супрацоўніка Фонду Карнегі Аляксандра Баўнава. Ён праслухаў прамову Пуціна ад 30 верасня і сярод прапагандысцкіх клішэ і адкрытага трызнення знайшоў тры ўказанні на тое, што мае намер рабіць далей Пуцін. Гэта прадаўжэнне энэргетычнага шантажу, які выйдзе на новы ўзровень, далей - імкненне пасадзіць Украіну за стол перамоваў на фоне паражэнняў расейскага войска, а трэцяе - новыя ядзерныя пагрозы. Ці згодны вы з такім спісам? Па-вашаму, якія задачы можа ставіць агрэсар?

- Пачну з апошняга пункта. На сёння за кошт частковай мабілізацыі Пуцін разлічвае прадоўжыць вайну канвенцыйным шляхам, гэта значыць, у рамках выкарыстання звычайных, не ядзерных узбраенняў. Гэта з аднаго боку.

З іншага ж, правёўшы «рэферэндумы» на акупаваных тэрыторыях і анэксаваўшы іх, Пуцін стварыў перадумовы для выкарыстання ядзернай зброі ў рамках ужо дзейнага заканадаўства РФ, бо міжнародным заканадаўствам Расея ўжо даўно не кіруецца.

Пакуль войска ворага церпіць каскад паражэнняў аператыўнага маштабу - на Харкаўскім і Херсонскім накірунках. Калі гэта спыніцца, магчыма, Пуцін пяройдзе да падыходу, звязанага з ужываннем ядзернай зброі.

Што да энэргетычнага шантажу, то гаворка ідзе аб спыненні паставак энэргарэсурсаў ва Украіну і ў Еўропу. Мэта гэтых дзеянняў - прымусіць Украіну пагадзіцца на легітымацыю захопленых зямель і перамовы ў інтарэсах РФ.

- Мы бачым, што Крэмль даўно жыве ў сваёй рэальнасці. Навошта патрэбная яшчэ нейкая легітымацыя таго, што ён робіць? Бо і так зразумела, што такім дзеянням няма ніякіх апраўданняў.

- Вы разважаеце ў рамках дзеяння міжнароднага заканадаўства, якім кіруецца і Украіна. Але ў Расеі ўсё гэта адкідаецца. Яны дзейнічаюць, у першую чаргу, у разліку на ўнутранага спажыўца РФ. Бо за мяжой такія трактоўкі не праходзяць.

Мы бачым сем месяцаў «спецаперацыі», і з кожным днём вынікі толькі горшыя. Тыя стратэгічныя мэты, якія былі пастаўленыя, - адсунуць мяжы NATO, «дэнацыфікаваць» і «дэмілітарызаваць» Украіну - усе гэтыя мэты праваленыя. Адбываюцца адваротныя працэсы. У сувязі з гэтым Пуцін вымушаны, як ён мяркуе, ісці на такія крокі.

- Прадстаўнік ГУР Андрэй Юсаў заявіў, што Пуцін ужо асуджаны, яго чакае фіяска. З яго слоў, асобныя прадстаўнікі вайскова-палітычнага кіраўніцтва РФ спрабуюць адысці ад Пуціна. Пытанне толькі ў тым, што будзе з Расеяй. Вы ведаеце, што абвяшчэнне мабілізацыі ў Расеі выклікала хвалю пратэстаў, прынамсі, у нацыянальных рэспубліках на перыферыі РФ. Калі выказаць здагадку, што Пуцін нейкім чынам сыходзіць з улады, а РФ распадаецца, што мы атрымліваем ва Украіне, напрыклад, на фронце?

- Мы атрымліваем вызваленне нашых захопленых зямель у рамках 1991 года. На іншае мы не пагодзімся. ЗША, як і падчас распаду Савецкага Саюза, прытрымліваюцца пазіцыі, што трэба захоўваць РФ. Нагадаю, у Кіеў прылятаў прэзідэнт ЗША, выступаў у Вярхоўнай Радзе і прапаноўваў застацца ў Савецкім Саюзе (Джордж Буш-старэйшы выступіў з прамовай у Кіеве 1 жніўня 1991 года, у ёй ён перасцерагаў ад «самазабойчага нацыяналізму». - Рэд.). Ён быў не вельмі добра сустрэты. Украіна не прыслухалася да гэтых заклікаў.

Тут таксама вельмі важны фактар часу. З кожным днём у Расеі ўсё мацней будзе ўключацца фактар нацыянальных ускраін. Гэта можа прывесці да развалу РФ. Але стабілізаваць гэты працэс можа сыход Пуціна.

Прапаганда знойдзе прымальнае тлумачэнне для гэтага. На змену Пуціну можа прыйсці кіраўніцтва, якое будзе рэалізоўваць ягоныя ж падыходы, ці гэта будзе больш дэмакратычнае і ліберальнае кіраўніцтва, якое дазволіць рэалізаваць у РФ рэальную федэрацыю або канфедэрацыю.

Калі ж гэтага не адбудзецца і РФ будзе развальвацца каскадным чынам, адбудуцца кардынальныя перамены ўжо не ў Расеі, а ў асобных суб'ектах федэрацыі.

Такія далягляды ёсць. Але я б хацеў адзначыць, што на гэты момант мае месца кіраванне Пуціным. Тыя апазіцыйныя сілы, якія ёсць у РФ, у тым ліку ў так званых вежах Крамля, яшчэ не да канца вызначыліся з планам дзеянняў. Паколькі такога кшталту дзейнасць у выпадку правалу можа быць спалучаная з сур'ёзнымі рэпрэсіямі аж да знішчэння.

Паводле гістарычнай аналогіі, сітуацыя ў Расеі набліжаецца да падзей вясны 1945 года ў фашысцкай Нямеччыне. Вядома, Расея - не Германія, у яе ёсць свае асаблівасці, але працэсы могуць быць падобныя.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках