21 траўня 2026, Чацвер, 6:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генерал Раян: УСУ знайшлі слабае месца расейскага войска

10
Генерал Раян: УСУ знайшлі слабае месца расейскага войска

Наступныя дні будуць яшчэ горшымі для акупантаў.

«Нечаканы» прарыў украінскіх войскаў у Херсонскай вобласці і панічнае адступленне расейцаў - гэта працяг доўгай серыі арганізаваных дзеянняў.

Пра гэта піша Мік Раян - ваенны экспэрт, генерал-маёр у адстаўцы, які адказваў за ўсё ваеннае навучанне і ваенную адукацыю ў Аўстраліі. Яго аналіз сітуацыі на фронце падае ТСН.

Паводле ягоных слоў, украінская наступальная кампанія на поўдні працягвае разгортвацца.

«Хоць гэта можа здацца «раптоўным» прарывам на поўдні, насамрэч гэта працяг доўгай серыі арганізаваных дзеянняў на поўдні і паўночным усходзе Украіны», - адзначыў генерал.

Раян звярнуў увагу, што ўкраінскія атакі на поўдні пачаліся месяцы таму. УСУ не толькі адваявалі тэрыторыю, але і ўдзельнічалі ў выведвальнай бітве, каб атрымаць звесткі пра супраціўніка.

На думку экспэрта, актыўныя дзеянні УСУ на поўдні ў жніўні прымусілі расейцаў сцягнуць дадатковыя падраздзяленні. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на ролю HIMARS у гэтай аперацыі.

«У той жа час, украінскія стратэгічныя планавальнікі ў Кіеве шукалі б іншыя магчымасці, дзе расейцы маглі б аслабіць сваю абарону, каб прыкрыць войскі, накіраваныя на поўдзень», – кажа аўстралійскі генерал.

Менавіта таму, на думку экспэрта, скарыстаўшыся паслабленнем расейцаў, украінскае войска пачало імклівы наступ у Харкаўскай вобласці.

«Тады, калі Харкаўская кампанія была ў разгары на паўночным усходзе, украінцы зноў шукалі слабыя месцы Расеі.

Яны знайшлі магчымасць на поўнач ад Херсона», - кажа Раян.

Экспэрт зрабіў некалькі высноў, «нават маючы зараз абмежаваную колькасць інфармацыі»:

Па-першае, украінцы мелі шырокі агульны аператыўны план, які прадугледжваў патэнцыйныя аперацыі на поўдні, паўночным усходзе - і, магчыма, дзе-небудзь яшчэ. Аднак іх запуск базаваўся не на пэўных тэрмінах, але і на тым, калі з'явіліся магчымасці.

Па-другое, ва ўкраінцаў відавочна былі як спецыялізаваныя, так і сітуацыйныя рэзервы, якія яны вылучылі для запланаваных наступаў. Стварэнне іх патрабавала добрай ацэнкі рызыкі, увядзенне ў зман супраціўніка, аператыўнай бяспекі і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння.

Па-трэцяе, украінцы правялі найлепшую выведку. Расейцы дрэнна валодаюць тактычнай выведкай. Гэта немалаважная частка прадухілення эфекту нечаканасці і распазнавання слабых месцаў супраціўніка, якія неабходна выкарыстоўваць.

Па-чацвёртае, пасля амаль 8 месяцаў поўнамаштабнага ўварвання (і 8 гадоў з таго часу, як Расея пачала гэтую вайну), у Украіны ёсць некалькі старэйшых камандзіраў, якія з'яўляюцца дасведчанымі стратэгамі і майстрамі аперацый. Яны добра ведаюць свайго ворага і ведаюць, як збалансаваць стратэгічную рызыку і магчымасці.

«І гэтыя камандзіры, у тым ліку генералы Залужны, Сырскі і Кавальчук, умела кіруюць сваімі штабамі і падпарадкаванымі камандзірамі шляхам планавання і выканання шырокамаштабных ваенных аперацый. Гэта рэдкі навык», - кажа аўстралійскі генерал.

Па-пятае, асіметрыя ў філасофіі камандавання, калі Расея цэнтралізавана кантралюе аперацыі, а Украіна дае больш свабоды для выкарыстання магчымасцяў.

Паводле ягоных слоў, у імклівых аперацыях, такіх як Харкаўская і Херсонская, тыя, каму не трэба ўвесь час звяртацца ў штаб, змогуць вызначаць і дамінаваць у аператыўным тэмпе, у рэшце, перахопліваючы ініцыятыву.

«Менавіта спалучэнне гэтых пяці чыннікаў, а таксама мужнасці ўкраінцаў у блізкім баі і адсутнасці матываванасці сярод расейскіх салдат, з'яўляецца асноўным фактарам поспеху Украіны ў адваёўванні значнай часткі яе тэрыторыі за апошнія некалькі тыдняў», – мяркуе Раян.

На ягоную думку, расейскае войска не можа адказаць на тое, што з ім робяць украінцы. Каскадныя збоі, верагодна, будуць працягвацца яшчэ некаторы час. А ўвядзенне мабілізаваных войскаў РФ не дапаможа развязаць праблему расейскаму камандаванню.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках