27 красавiка 2024, Субота, 1:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінскі генерал: Армія РФ у Херсоне практычна акружаная

5
Украінскі генерал: Армія РФ у Херсоне практычна акружаная
Мікалай Маламуж

Фронт можа захістацца.

Узброеныя сілы Украіны ўзялі добры тэмп і цягам найбліжэйшых 2-3 тыдняў могуць праводзіць паспяховыя контрнаступальныя аперацыі – пакуль вораг не паспеў аднавіць свае рэзервы і падрыхтаваць толькі што мабілізаваных. Акупант можа бегчы з Херсона, паколькі практычна патрапіў у акружэнне. На іншых адрэзках фронту вораг можа ўпасці ў паніку.

У пэўны момант фронт можа захістацца. Калі УСУ змогуць прарваць абарону акупанта на Луганскім кірунку, можа адбыцца разрыў фронту. Тады ўкраінскае войска атрымае выдатную магчымасць для «працы» з данецкай групоўкай агрэсара. Такое меркаванне ў эксклюзіўным інтэрв'ю obozrevatel.com выказаў кіраўнік Службы знешняй выведкі Украіны ў 2005–2010 гадах, генерал арміі Мікалай Маламуж.

– У ноч на 5 кастрычніка вораг атакаваў Кіеўскую вобласць з дапамогай дронаў-камікадзэ. У Белай Царкве спрацавала СПА, але ўсё ж былі «прылёты». Паводле вашых ацэнак, што вораг можа планаваць у дачыненні да Кіева і вобласці? Ці застаецца Кіеў для яго прынадным кавалачкам?

– Новыя ўдары, асабліва масаваныя, якіх было 12, былі зробленыя пасля абвяшчэння аб анэксіі тэрыторый, на якіх праводзіўся так званы рэферэндум. Гэта знакавая падзея з мэтай запалохвання грамадзянаў Украіны.

Праціўнік прадэманстраваў, што ён здольны наносіць удары па Кіеўскай вобласці, па спадарожніку Кіева, горадзе Белая Царква, дзе ёсць магчымасць размяшчэння ваенных цэляў. Але гэта быў першы выведны ўдар.

Гэты ўдар мае і ваеннае значэнне – праверыць магчымасці нашай СПА ды іншых сістэмаў кантролю. Дроны больш складаныя, яны гэта разумеюць. Спачатку вораг адчувае іх пад Кіевам, а потым, магчыма, заплануе пайсці і на Кіеў, але з больш масавым ужываннем.

Наша сістэма СПА працуе на пяці ўзроўнях, і гэта праверка боем – якія з гэтых узроўняў працуюць, а якія – не.

Паводле ацэнак нашага ваеннага камандавання, даволі складана арганізаваць сістэмны кантроль неба і збіваць усе дроны. Цяпер навучыліся іх збіваць, асабліва ў зоне баявых дзеянняў, дзе працуюць не толькі СПА, але і тактычныя сродкі, напрыклад беспілотнікі, гелікоптары, зенітна-ракетныя комплексы, пэўныя САУ і гэтак далей.

Але ў Кіеўскім рэгіёне такой практыкі выяўлення і знішчэння дронаў яшчэ не было. Але я думаю, што практыку мы напрацуем. Хутчэй за ўсё, нашы сілы абароны не ўзялі да ўвагі, што вораг можа накіраваць такую вялікую колькасць дронаў – 12 – у раён сталіцы.

Цяпер Пуцін прымае пастанову, што рабіць далей. Ці то, падпісаўшы закон аб «далучэнні» тэрыторый Украіны, пачаць не проста маштабныя аперацыі, а абвяшчаць вайну, паколькі, як ён мяркуе, вайна ідзе ўжо на тэрыторыі Расеі. Ці то прадаўжаць «спецаперацыю».

– Што будзе азначаць абвяшчэнне Расеяй вайны?

– У такім выпадку змяняецца ўся мадэль. Гэта не толькі мабілізацыя, але і правядзенне воінскіх аперацый з разгортваннем франтоў. Гэта больш сур'ёзная канфрантацыя, хоць мы разумеем, што і без абвяшчэння вайны Пуцін задзейнічаў усе сілы, каб прадоўжыць агрэсію ва Украіне ці хоць бы стварыць умовы, каб адбіць атакі УСУ на тых кірунках, дзе яны праводзяць актыўныя контрнаступальныя аперацыі.

Для яго важна ўтрымаць анэксаваныя тэрыторыі. Важныя кірункі – Данецкі, Луганскі і Херсонскі, дзе ў найбліжэйшыя дні для ворага могуць быць праблемы. Таму Пуцін будзе спяшацца, магчыма, у змене статусу «спецаперацыі» і ўзмацненні кантынгенту на гэтых кірунках, на ўсходзе і поўдні.

Вядома, будзе нагнятацца абстаноўка на беларускім кірунку, але там яшчэ пакуль няма дастатковых мабілізацыйных сілаў і сродкаў. Сілы, якія паступаюць туды, не маюць ні баявога досведу, ні зладжанасці, ні тэхнікі, ні ўзбраенняў, ні жадання ваяваць, таму малаверагодна, што беларускі кірунак будзе тэатрам ваенных дзеянняў вялікага маштабу, хоць правакацыі для адрывання нашых Узброеных сілаў магчымыя.

Магчымыя правакацыі там, дзе Пуцін яшчэ мае пэўныя сілы, напрыклад на Запарожскім і Данецкім кірунку, на асобных адрэзках Херсонскага кірунку.

Гэта, з аднаго боку, новы сцэнар ціску на Украіну, а з другога боку, гэта спроба падвезці новыя рэзэрвы. У гэтым кантэксце вельмі небяспечная тэма – удары дронаў-камікадзэ, якіх у іх цяпер блізу 200. З іх выкарыстана блізу 50–60 (Генштаб заявіў пра выкарыстанне Расеяй 86 дронаў, 60 было збіта. – Рэд.).

Гэта значыць, што магчымы масаваны ўдар у бок Кіева. Але Кіеў, маючы практыку, ужо разумее, якія магчымасці трэба задзейнічаць, каб супрацьстаяць такім атакам. Гэта і ракетная тэхніка, і зенітна-ракетныя комплексы, у тым ліку атрыманыя з Нямеччыны, з Францыі, з ЗША, Брытаніі. Гэта комплексы, якія разгортваюцца на базе тэхнічных сродкаў, якія мы атрымалі.

Як я разумею, будуць задзейнічаныя і ўсе сродкі звычайных узбраенняў. Гэта і гаўбіцы, якія могуць страляць на нізкіх вышынях, буйнакаліберныя кулямёты, якія могуць збіваць дроны. Думаю, гэтыя сістэмы ўзмоцняцца.

Калі будуць ужывацца масаваныя напады дронамі – дзясяткі, сотні – большасць з іх можа быць збітая. Шанцы масаванага ўдару па Кіеве невялікія, але ўсё ж ёсць пагроза – з мэтай маральнага ўздзеяння на кіраўніцтва Украіны, каб схіляць яго да перамоўнага працэсу на ўмовах Пуціна. Гэты чыннік можа выкарыстоўвацца нароўні з іншымі – з мабілізацыяй і пагрозай ядзернай вайны.

Разам з тым сёння для ворага гэта складаная задача. Працуе магутная сістэма СПА, і дрону неабходна пераадолець вялікія адлегласці. Яны не пройдуць сотні кіламетраў бяскарна. Але рыхтавацца да адбіцця нападаў на Кіеў, вядома ж, неабходна.

– Гэтыя блізу 150 дронаў-камікадзэ, што засталіся ў ворага – куды яны могуць быць накіраваныя? Якая была асноўная мэта іх набыцця ў Ірана, хоць Іран і адхрышчваецца ад іх?

– Яны былі арыентаваныя на нанясенне ўдараў па ваенных аб'ектах, напрыклад па перадавых комплексах HIMARS, М270, радыёлакацыйных сістэмах, якія цалкам кантралююць увесь рэгіён у зоне баявых дзеянняў. Гэта найболей эфектыўнае іх выкарыстанне. Яны наводзяцца, практычна бясшумна туды накіроўваюцца. Іх складана выявіць, паколькі яны паскараюцца і наносяць удар. 50 кілаграмаў выбухоўкі, вядома, разносяць любую сістэму.

Але з улікам таго, што мы маем вельмі добрую мадэль абароны вайсковых аб'ектаў і нашых комплексаў, вораг зразумеў, што дроны-камікадзэ можна актыўна выкарыстоўваць і з мэтай запалохвання цывільнага насельніцтва, дзе няма такой сістэмы абароны.

Бо там, дзе працуюць HIMARS, ёсць маса іншых комплексаў, якія абараняюць іх. Тым больш гэты HIMARS яшчэ трэба знайсці, усё гэта вельмі складана, ён увесь час манеўруе. Нашы адпрацавалі мадэль абароны найноўшай тэхнікі вельмі дакладна.

Але што да цывільных аб'ектаў ці ваенных аб'ектаў савецкага часу, то яны абароненыя не так добра. Таму вораг і кідае на іх гэтыя сродкі – на інфраструктуру, складскія памяшканні і іншае.

– Кіраўнік Луганскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай заявіў, што на стан 5 кастрычніка УСУ вызвалілі некалькі населеных пунктаў у вобласці. Назіраецца добрая тэндэнцыя. Ці мяркуеце вы, што УСУ могуць захаваць гэтую пазітыўную дынаміку і ўжо ў найбліжэйшыя тыдні заняцца «старымі» акупаванымі тэрыторыямі Луганскай і Данецкай абласцей?

– Я мяркую, што дынаміка вельмі добрая пасля Харкаўскіх наступальных аперацый. Праціўнік ужо не мае сістэмных рэзерваў – падрыхтаваных, зладжаных воінскіх частак і злучэнняў. Цяпер яны спрабуюць іх сабраць, а пакуль хочуць перамагчы ў часе. Але гэта не атрымаецца.

Рэзервы падвезці таксама не атрымаецца, таму што мы бачым, што мабілізаваныя разбягаюцца, гэта значыць, яны яшчэ больш прыўносяць паніку. Гэта вялікі мінус для расейскіх войскаў. Новыя мабілізаваныя ствараюць сітуацыю нестабільнасці пры нанясенні ўдараў, напрыклад авіяцыяй ці артылерыяй.

Таму, пакуль не падвезеныя новыя рэзервы, навучаныя і падрыхтаваныя, дынаміка добрая. Мы маем магчымасць зайсці на нядаўна захопленыя тэрыторыі – Сватава, Лісічанск, Севераданецк. Тут ёсць і тэндэнцыя далейшых наступальных аперацый як на Луганскім кірунку, так і аж да Данецка.

Магчыма, гэта не прарыўныя наступальныя аперацыі, але тактычныя аперацыі будуць прадаўжацца. І тут ужо справа часу, каб вораг не паспеў падрыхтаваць рэзервы. Калі яны будуць падрыхтаваныя і кінутыя на фронт, адваяваць гэтыя тэрыторыі будзе цяжэй.

Расейскае камандаванне заявіла, што мабілізавана 200 тысячаў, але яны яшчэ нават не даехалі да пунктаў навучання. Адразу кідаць іх у бой – гэта не толькі недасканала для абароны, але гэта і поўны параза, таму што будзе масавая згуба і масавыя ўцёкі гэтых мабілізаваных.

Таму думаю, цягам 2-3 тыдняў мы маем магчымасць наступальных аперацый як на ўсходзе, так і на поўдні, таму што гэта таксама найважнейшы кірунак для вызвалення тэрыторый і, магчыма, для стварэння перадумоваў да вызвалення не толькі правабярэжнай Украіны, але і часткова левабярэжнай. УСУ могуць наносіць удары ў бок Мелітопаля, а гэта ўжо Запарожская вобласць.

Пакуль вораг не мае дастатковых сродкаў. І на Херсонскім, і на Луганскім ён знаходзіцца ў стане панікі ці блізкім да панікі. Яны гатовыя бегчы – мы ведаем гэта з радыёперахопу, з выведнай інфармацыі. Яны баяцца акружэння і любым спосабам спрабуюць атрымаць санкцыю на адыход. Напрыклад, ад Херсона.

Пуцін вельмі жорстка паставіў пытанне не выходзіць з Херсона. Але ён і датычна Лімана ставіў пытанне, каб яго трымалі да канца, але Ліман мы адваявалі і рухаемся далей. Таму я думаю, што Луганская, Данецкая і Херсонская вобласці дадуць перспектыву вызвалення тэрыторый у найбліжэйшыя 2-3 тыдні.

– Ці могуць у гэтыя найбліжэйшыя 2-3 тыдні быць вызваленыя самі гэтыя гарады – Луганск, Данецк, Херсон?

– У Херсоне ёсць перспектыва, што яны самі вызваляць горад, таму што вораг цяпер знаходзіцца там у адрэзаным стане і можа быць акружаны. Таму толькі адно выйсце – бегчы.

У Данбасе – часткова. Там найболей магутныя групоўкі, асабліва ў Данецкім рэгіёне. Там вельмі цяжка і складана наступаць. Але калі мы прарвём абарону на Луганскім кірунку і рушым на Лісічанск, Севераданецк і далей, гэта стане перадумовай разрыву фронту, заходу з тылу і з флангаў да данецкай групоўкі.

Калі ўвесь фронт захістаецца, можа ўзнікнуць агульная паніка. Калі мы будзем мець дастаткова рэзерваў, мы можам рухацца актыўна і масава далей.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках