У Берасцейскай вобласці здохлых кароў «ажыўлялі»
9- 7.10.2022, 21:30
- 10,420

А затым перапрадавалі з вялікай набаўкай.
Фінансавая міліцыя і КДК Берасцейскай вобласці выкрылі злачынную схему: мясцовыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы збывалі за бесцань здохлую жывёлу пад маркай жывой пасярэднікам, а тыя перапрадавалі мяса з набаўкай 400%. Пракуратура ўжо распачала 8 крымінальных спраў і разглядае пытанне пра новыя, паведамілі ў Камітэце дзяржаўнага кантролю.
Высветлілася, што работнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў прыдумалі схему для таго, каб схаваць здыхату жывёлы. Для гэтага яны рэгістравалі здохлых кароў пад маркай жывых і прадавалі прыватнаму пасярэдніку за мінімальную цану - 1,86 рубля за кілаграм.
Той у сваю чаргу рэалізаваў мяса з набаўкай больш як 400%, такім чынам атрымліваючы неабгрунтаваны прыбытак. Пры гэтым у КДК падкрэслілі, што перапрацоўка і вытворчасць мяса здохлай буйной жывёлы забароненыя.
Паводле фактаў хавання здыхаты пракуратура распачала 8 крымінальных спраў.
Камерцыйная пасярэдніцкая структура за супрацьпраўныя дзеянні выключаная з рэестра прадпрыемстваў, якія ажыццяўляюць дзейнасць для атрымання харчовай сыравіны жывёльнага паходжання, і з рэестра экспарцёраў гэтай прадукцыі. Яе службовых асоб таксама могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці.