14 траўня 2024, aўторак, 10:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

RAND: Іранскае Wunderwaffe не ўратуе Расею ад паразы

2
RAND: Іранскае Wunderwaffe не ўратуе Расею ад паразы

Цудоўная зброя не пераможа ў вайне.

Калі хада Другой сусветнай вайны абярнулася супраць сіл Восі, Нямеччына ў роспачы ўсё больш стала спадзявацца на Wunderwaffe - шэраг распрацовак «цудоўнай зброі», - спадзеючыся, што гэта выратуе яе ад неўнікнёнай паразы. Сярод гэтых распрацовак былі першыя крылатыя і балістычныя ракеты, якія галоўным чынам з'яўляліся зброяй тэрору.

Пачынаючы з сярэдзіны чэрвеня 1944 года Нямеччына выпусціла прыкладна 6725 ракет V1 і 1400 балістычных ракет V2. Большасць з іх упала на Лондан. Так Бэрлін спадзяваўся зламаць брытанцаў маральна. Нямецкая кампанія прычынілася да загубы дзясяткаў тысяч брытанцаў, але ў выніку сталася бясплённай. Вялікая Брытанія працягвала барацьбу. Праз тры чвэрці стагоддзя Расея апынулася ў падобным цяжкім становішчы. Яе ўварванне ва Украіну зазнае крах. Так што ў часы, калі расейскае войска становіцца ўсё больш разбітым, Масква пачала атакаваць цывільную інфраструктуру ва Украіне з дапамогай уласнага Wunderwaffe - іранскіх беспілотнікаў-камікадзэ, спадзеючыся зламаць волю украінцаў.

«Гэтая тактыка, безумоўна, прынясе ўкраінскаму насельніцтву пакуты. Але калі гісторыя нечаму вучыць, то гэта таму, што такі падыход не прадухіліць паразу Расеі», – піша ў сваім артыкуле дырэктар праграмы стратэгій і дактрын у аналітычным цэнтры RAND Corp Рафаэль Коэн. Ягоны артыкул падае ZN,UA.

Ён тлумачыць, што Расея ўжо звярталася да тактыкі "цудоўнай зброі", хоць і ў абмежаваных маштабах. У першыя месяцы вайны яна выпусціла блізу дзясятак сваіх гіпергукавых ракет па розных цэлях ва Украіне. Калі Расея спадзявалася, што гэта шакуе Украіну і прымусіць падпарадкавацца, ці што гэта ўтрымае яе заходніх партнёраў, тады яе чакала расчараванне. Заходнія назіральнікі проста ўлічылі расейскую тактыку і працягнулі барацьбу.

Адрозна ад гіпергукавых ракет, у беспілотніках-камікадзэ няма нічога новага. Яшчэ на пачатку расейскага ўварвання ЗША далі Украіне сотні такіх апаратаў для выкарыстання супраць расейскіх сіл. Іншыя таксама выкарыстоўвалі такую зброю. Іран, напрыклад, выкарыстаў свае беспілотнікі-камікадзэ для ўдараў па нафтавых радовішчах Савудаўскай Арабіі ў 2019 годзе. «Ісламская дзяржава» таксама выпускала свае прымітыўныя аналагі такой зброі. Базавая канцэпцыя, якая палягае ў тым, каб вайскоўцы маглі разбіваць лятальны апарат з выбухоўкай аб цэль, існуе ўжо шмат дзесяцігоддзяў. І гэта мінімізуе шакавальны чыннік гэткай тактыкі.

«Больш за тое, Расея не мае дастатковай колькасці беспілотнікаў або якога-небудзь іншага Wunderwaffe, каб змяніць баланс сіл у вайне. Украіна падлічыла, што Масква хоча набыць у Ірана 2400 беспілотнікаў. Ці зможа Тэгеран выканаць гэты запыт у поўнай меры і ці ўсе гэтыя апараты будуць працаваць, застаецца пад пытальнікам. Нават калі яны будуць працаваць, іх колькасць трэба разглядаць у кантэксце. Расея выпусціла па Украіне блізу 3 тысячы крылатых ракет за першыя паўгода вайны, так і не зрабіўшы накаўту», - тлумачыць Коэн.

Ён дадае, што цяпер Украіна стала для Расеі больш страхотным ворагам. Украінскае войска, паводле пэўных ацэнак, цяпер больш і лепш узброенае, чым яно было на пачатку канфлікту. І гэта дзякуючы як вайсковай дапамозе Захаду, так і захопленаму расейскаму ўзбраенню. Да таго ж эксперт RAND адзначае, што беспілотнікі-камікадзэ сапраўды не назавеш непераадольнай зброяй. Вядома, пры масавым выкарыстанні яны могуць абцяжарыць сістэму супрацьпаветранай абароны. Але ўкраінскія вайскоўцы кажуць, што яны збілі больш за 70% з больш як 300 іранскіх беспілотнікаў, якія выпусціла Расея.

«Ужыванне беспілотнікаў-камікадзэ Расеяй, перш за ўсё, грунтуеццв на памылковай стратэгіі, якая мае на мэце пакараць насельніцтва і прымусіць яго падпарадкавацца. Менавіта так рабілі і немцы, калі ўжывалі ракеты V1 і V2», - піша эксперт.

Ён не сумняваецца, што расейскія атакі супраць украінскай інфраструктуры электразабеспячэння прынясуць пакуты цывільнаму насельніцтву, якому цяпер даводзіцца сутыкацца з вымыканнем электрычнасці і праблемамі з ацяпленнем перад зімой. Але гісторыя сведчыць, што бамбаванне цывільных рэдка спрацоўвае. Болей яно прывядзе да процілеглага эфекту: раззлуе людзей і ўмацуе іхні супраціў саступкам. Менавіта гэта адбылося ў Вялікай Брытаніі ў 1944 годзе. І, здаецца, гэта паўтараецца ва Украіне сёння. Апытанні сведчаць, што большасць украінцаў падтрымлівае працяг баёў і выступае супраць перамоў, нягледзячы на цану.

«Цудоўная зброя не пераможа ў вайне. Беспілотнікі-забойцы захаваліся ва ўяўленні людзей і правакуюць страх перад пэўнай футырыстычнай дыстопіяй. Але рэальнасць на полі бітвы зусім іншая. Расейцы засвойваюць ва Украіне навуку, якую Нямеччына ды іншыя дзяржавы ўзялі да іх. Ніякія тэхналагічныя інавацыі не могуць выратаваць краіну ад хібнай стратэгіі», - тлумачыць Коэн.

«Адзінае, што спыніць далейшае ўкраінскі наступ - гэта нежаданне ЗША, краін NATO і іншых партнёраў даваць падтрымку. Калі ж яна захаваецца, украінцы, здаецца, перамогуць», - уважае эксперт RAND.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках