З Мікалая Статкевіча прадаўжаюць здзекавацца ў калоніі
6- 2.11.2022, 17:33
- 11,232
Палітвязня перавялі ў ШІЗА.
Пра новыя здзекі з лідара беларускай апазіцыі і палітвязня Мікалая Статкевіча стала вядома ад жонкі палітвязня. У лісце Мікалай напісаў, што яго выклікалі на камісію за чарговыя «парушэнні». Марына Адамовіч мяркуе, што Статкевіч зноў апынуўся ў штрафным ізалятары.
Да гэтага Мікалай знаходзіўся ў ШІЗА ў верасні, у жніўні яго перавялі ў адзіночную камеру на паўгода.
Адміністрацыя калоніі паставіла Статкевіча на ўлік як «схільнага да экстрэмізму», а ў ліпені пазбавіла яго перадач і таксама адправіла ў ШІЗА на 8 дзён.
Сам Мікалай так піша аб сваім стане і настроі:
«У мяне ўсё добра, адчуваю сябе добра. Тут усё, як звычайна - чытаю, займаюся фізкультурай...
Калі ласка, не хвалюйся за мяне. Я не мерзну, ежы мне дастаткова. Да ШІЗА я, як сапраўдны беларус таксама прывык. Да таго ж, там камера ў разы большая, чым адзіночка. Ёсць дзе пагуляць. Бо паўгадзіны шпацыру мне мала, а гулянне па камеры не зусім тое, хаця я там шмат хаджу».
Таксама Статкевіч заклікае захоўваць бадзёры настрой:
«Разумею, што быць пазітыўным у такіх складаных умовах цяжка. Але ўсё адно – трэба цешыцца! ...Імкніся быць на пазітыве, думай аб добрым, шукай радасных заняткаў».