Жыхар Баранавічаў скраў у падлетка шпіца, каб падарыць жонцы
20- 25.11.2022, 16:56
- 6,620
Сабака быў прывязаны за павадок каля крамы.
Жыхарка Баранавічаў заявіла ў міліцыю, што ў ейнага сына-падлетка на дварэ скралі шпіца. Выкрадальнікам аказаўся 52-гадовы мужчына, які забраў сабаку, каб падарыць жонцы. Падрабязнасці расказалі ва УУС Берасцейскага аблвыканкама.
Як высветлілася, 13-гадовы хлопчык пайшоў па прадукты і заадно надумаў выгуляць шпіца. Ён прывязаў сабаку за павадок каля дзвярэй крамы, а калі вярнуўся, яго ўжо не было.
Раніцай гаспадыня жывёліны, маці падлетка, пачула брэх на дварэ і, вызірнуўшы ў акно, убачыла свайго шпіца. Праўда, на сабаку не было ні павадка, ні аброжка. Пасля гэтага жанчына звярнулася ў міліцыю.
Выкрадальніка адшукалі — гэта быў непрацоўны 52-гадовы жыхар Баранавічаў. Мужчына растлумачыў, што п'яным ішоў дадому, убачыў сабаку, які яму спадабаўся, і захацеў прынесці яго ў падарунак сваёй жонцы. Аднак тая не ацаніла прэзент, і муж і жонка выгналі жывёліну на двор.
На мужчыну пачалі крымінальную справу за крадзеж.