У Беларусі забаранілі два гатункі алею
19- 28.11.2022, 16:21
- 24,266
Іх вытворца – РФ.
У Беларусі ў рэестр небяспечнай прадукцыі Дзяржстандарта ўнеслі два гатункі алею расейскага вытворцы «Базіс плюс» — «Кубанскі дар» і «Жаркоff». Выявілася, што іх сланечнікавы алей вышэйшага гатунку такім не з'яўляецца, піша zerkalo.io.
Алей сланечнікавы рафінаваны дэзадараваны вышэйшы гатунак з маркіроўкай «Кубанскі дар» не адпавядае патрабаванням тэхнічных рэгламентаў «Мытнага саюза».
«Фактычна пасля выпрабаванняў анізідынавы лік пры рэгламентаваным значэнні для алеяў сланечнікавых рафінаваных дэзадараваных вышэйшага гатунку - не больш за 3,0 склаў 5,0 для алею з маркіроўкай «Кубанскі дар». Прадукцыя не можа быць ідэнтыфікаваная як тая, за якую выдаецца: найменне харчовай прадукцыі, задэклараванае вытворцам у маркіроўцы, уводзіць спажыўца ў зман», - гаворыцца ў паведамленні.
Аналагічныя прэтэнзіі і да «Жаркоff». Але ў ім анізідынавы лік (паказчык, які вызначае змяшчэнне другасных прадуктаў акіслення ў алеях. - Заўвага.) пры рэгламентаваным значэнні для алеяў сланечнікавых рафінаваных дэзадараваных вышэйшага гатунку не больш за 3,0 склаў 5,5. Таму гэты алей таксама не можа быць ідэнтыфікаваны як той, за які выдаецца.
З 29 лістапада ўведзеная афіцыйная забарона на ўвоз і рэалізацыю названай прадукцыі ў нашай краіне.