25 красавiка 2024, Чацвер, 14:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Расеі падалі ў адстаўку мэры двух гарадоў пасля бунтаў праз мабілізацыю

11
У Расеі падалі ў адстаўку мэры двух гарадоў пасля бунтаў праз мабілізацыю

Пра сваё звальненне паведамілі кіраўнікі Ульянаўска і Махачкалы.

У Расеі падалі ў адстаўку кіраўнікі двух гарадоў, дзе адбываліся пратэсты праз мабілізацыю і бунты мабілізаваных рэзервістаў. Пра сваё звальненне паведамілі мэр Ульянаўска Дзмітрый Вавілаў і мэр Махачкалы Салман Дадаеў.

У інтэрв'ю 73online.ru Вавілаў адзначыў, што падаў заяву ў сувязі з пераходам на іншую працу. Ён расказаў, што хацеў пайсці добраахвотнікам на вайну з Украінай, але потым пастанавіў «дапамагаць дзяржаве» з крэсла намесніка дырэктара Ульянаўскага прыборабудаўнічага завода.

Вавілаў будзе займацца праграмай імпартазамяшчэння. «Я доўга сумняваўся, але наважыўся. 30 лістапада – апошні дзень маёй працы на пасадзе кіраўніка горада. Сям'я, хутчэй за ўсё, больш часу мяне бачыць не будзе. Але блізкія радыя, што будзе менш публічнасці, бруду», – адзначыў ён. Пры гэтым Вавілаў дадаў, што назаўжды сыходзіць з палітыкі не збіраецца.

У пачатку лістапада ва Ульянаўску адбыўся бунт мабілізаваных. Прызыўнікі запатрабавалі ад уладаў абяцаныя выплаты і выступілі са зваротам да расейцаў. «Мы, рызыкуючы ўласным жыццём, ідзем на дакладную смерць для вашай бяспекі і мірнага жыцця! Нашая дзяржава адмаўляецца выплаціць нам грашовыя сродкі памеры 195 тысячаў рублёў, якія нам абяцаў Уладзімір Пуцін! Дзеля чаго тады нам ісці ваяваць за гэтую дзяржаву, пакінуўшы свае сем'і без падтрымкі?!» – заявілі рэзервісты.

Пратэстоўцамі былі мабілізаваныя з Чувашыі. На перамовы з імі прыязджалі дэлегацыя з Масквы, губернатар Ульянаўскай вобласці, намеснік кіраўніка адміністрацыі рэспублікі, супрацоўнікі Следчага камітэта і пракуратуры. Страйк доўжыўся тры дні. У выніку кіраўнік Чувашыі Алег Нікалаеў пагадзіўся выплаціць мабілізаваным 50000 рублёў, таксама іх у поўным складзе адпусцілі ў звальненне на 2 дні.

Мэр Махачкалы Салман Дадаеў абвясціў пра сваю адстаўку на пазачарговай сесіі гарадскога сходу дэпутатаў. «Была прынятая ўзважаная пастанова для таго, каб развіваўся горад. Я прапаную разгледзець пытанне складання маіх паўнамоцтваў як мэра Махачкалы ў сувязі з тым, што мяне чакае іншая праца», – сказаў ён.

Ён таксама папрасіў прабачэння ў жыхароў за тое, што «не ўсё атрымалася»: «Гараджане чакалі ад нас крыху большага. Шкада, што не атрымалася апраўдаць цалкам давер». Дадаеў пераходзіць у кіраўніцтва адной з прэфектураў ураду Масквы.

Пасля абвяшчэння ў Расеі «частковай мабілізацыі» ў Махачкале ўспыхнулі масавыя пратэсты. Былі затрыманыя некалькі сотняў чалавек і пачатыя блізу 30 крымінальных справаў. Кіраўнік Дагестана Сяргей Мелікаў прызнаў «памылкі» падчас мабілізацыі, адзначыўшы, што на вайну заклікалі тых, хто не адпавядаў заяўленым крытэрам уладаў, і папярэдзіў кіраўнікоў гарадоў пра персанальную адказнасць. Крыніцы «Медузы» паведамлялі, што сітуацыяй у Дагестане занепакоіліся і ў Крамлі – у выпадку неабходнасці там рыхтаваліся прыціскаць пратэсты сілай.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках