У Екацярынбургу пачалі паліць аўтамабілі з налепкамі Z
14- 30.11.2022, 14:08
- 19,408

Аўто закідалі «кактэйлямі Молатава» на тэрыторыі Чкалаўскага раёна.
Паліцыя ў Екацярынбургу шукае «па-прабандэраўску настроеных» падпальшчыкаў аўто з літарай Z, піша ura.ru са спасылкай на ГУ МУС Свярдлоўскай вобласці.
«Такія выхадкі сапраўды ў Екацярынбургу зарэгістраваны. Гэта адбылося нядаўна на тэрыторыі Чкалаўскага раёна», - заявіў афіцыйны прадстаўнік ГУ МУС палкоўнік Валерый Гарэлых.
З ягоных слоў, МУС спрабуе ўстанавіць асобы начных падпальшчыкаў. «Шпегі аналізуюць здымкі з камер відэаназірання, апытваюць жыхароў мікрараёна, таксама праводзяць іншыя аператыўныя мерапрыемствы, якія агалосцы не падлягаюць», - адзначыў Гарэлых. Палкоўнік заклікаў екацярынбуржцаў паведаміць інфармацыю пра зламыснікаў «хаця б канфідэнцыйна».
Відэа з падпалам аўтамабіляў з налепленымі на іх літарамі Z у Екацярынбургу 28 лістапада апублікаваў журналіст Аляксандр Няўзораў. Невядомыя закідвалі аўтамабілі «кактэйлямі Молатава» ці аблівалі бензінам і падпальвалі. Няўзораў адзначыў, што ён не ведае, хто ўчыняе падпалы, а відэа яму даслалі.
Раней у Екацярынбургу ўжо затрымлівалі мясцовага жыхара, які абліваў чырвонай фарбай аўто са знакамі Z і V. Ён растлумачыў свае дзеянні пацыфісцкімі поглядамі. На затрыманага склалі тры пратаколы аб «дыскрэдытацыі войска» (20.3.3. КоАП). Таксама ў пачатку кастрычніка невядомы пасек сякерай аўтамабіль з налепкай Z у адным з двароў у мікрараёне «Уралмаш».