26 красавiка 2024, Пятніца, 8:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Washington Post: Казахстан кідае выклік Пуціну

12
The Washington Post: Казахстан кідае выклік Пуціну

Расейскі дыктатар губляе ўплыў на Азію праз правал у вайне ва Украіне.

Правалы Расеі ў вайне супраць Украіны і няздольнасць падпарадкаваць суседнюю краіну зніжае ўплыў прэзідэнта Уладзіміра Пуціна на рэгіянальных хаўруснікаў. Прынамсі, на краіны Цэнтральнай Азіі, якія Масква разглядае як сферу сваіх інтарэсаў.

Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на The Washington Post.

Цэнтральная Азія паварочваецца на Захад?

Як адзначае выданне, найбольш заўважныя змены ў Казахстане, які ўмацаваў сувязі з Кітаем, Турцыяй і Еўропай і прыцягнуў сотні заходніх кампаній. Гэтая краіна таксама паслужыла перавалачным пунктам для расейцаў, якія хаваюцца ад мабілізацыі.

Напярэдадні прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў сустрэўся з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам. Яго візіт у Парыж рушыў услед за паездкай прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіеева на мінулым тыдні, а таксама за самітам Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), які скончыўся абвінавачваннямі прэм'ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна ў адсутнасці падтрымкі ў канфлікце з Азербайджанам. Выглядае, што ён таксама пастанавіў дыстанцыявацца ад Пуціна падчас групавога фота.

Нягледзячы на тое, што выбары ў Казахстане, пасля якіх пераабралі Такаева, былі прызнаныя неканкурэнтнымі, Еўропа працягвае падлашчвацца да гэтай краіны ў пошуках альтэрнатыўных крыніц энэргіі для замены расейскай нафты. У кастрычніку краіны Цэнтральнай Азіі наведаў прэзідэнт Еўрапейскай Рады Шарль Мішэль, а ў гэтым месяцы - кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль.

А памочнік дзяржсакратара ЗША Дональд Лу прапанаваў інвестыцыі 25 млн даляраў на развіццё гандлёвых стасункаў з краінамі рэгіёну. Як падкрэслілі ў Дзярждэпе, паездка была накіраваная на падтрымку іх незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці.

Казахстан кідае выклік Пуціну

Выданне адзначае, што аднойчы самазадаволены Уладзімір Пуцін, які вечна спазняецца, прымусіў брытанскую каралеву Элізабэт II чакаць сустрэчы 14 хвілін. Але на вераснёўскім саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) адбылося неймавернае - ужо расейскі прэзідэнт па некалькі хвілін правёў у чаканні лідараў Індыі, Турцыі, Азербайджана і Кыргызстана.

Мяркуецца, што Пуцін падарваў давер неапраўданым уварваннем ва Украіну, агаліўшы ўяўленне аб Расеі як аб сусветнай дзяржаве, якая імкнецца дамінаваць над суседзямі. Але ваенныя правалы таксама агалілі спустошанасць яго войска.

Казахстанскі прэзідэнт заявіў аб падтрымцы тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Расея ў адказ паспрабавала адвесіць Такаеву аплявуху, часова прыпыніўшы працу каспійскага нафтаправода. Акрамя таго, расейскія нацыяналісты прыстрашылі, што Казахстан стане наступнай краінай для ваеннага ўварвання. А Пуцін наўмысна перакручваў імя Такаева і пазбягаў сустрэчы на саміце ва Узбекістане.

«Няправільнае вымаўленне Пуціным не было ўспрынятае, быццам стары проста забываецца на імёны. Гэта было ўспрынятае як наўмыснае дзеянне Пуціна», - адзначыў аналітык па Цэнтральнай Азіі з Фонду Карнэгі за міжнародны мір Тэмур Умараў.

Але Такаеў і вокам не міргнуў. У верасні ён прымаў значна больш уплывовага госця - кітайскага лідара Сі Цзіньпіна, які здзейсніў свой першы замежны візіт з пачатку пандэміі COVID-19. На сустрэчы ў Астане ён шматзначна паабяцаў падтрымаць тэрытарыяльную цэласнасць Казахстана. Аналагічнае абяцанне даў прэзідэнт Турцыі Раджэп Таіп Эрдаган падчас візіту ў кастрычніку.

«Для Казахстана вельмі важна, што Сі Цзіньпін прыехаў і абвясціў, што Кітай будзе і надалей падтрымліваць тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт Казахстана. Ён паслаў сігнал Расеі аб тым, што ўся драпежная рыторыка, якая зыходзіць з Масквы проста цяпер у дачыненні да Казахстана, непрымальная», - дадаў Умараў.

У адказ Такаеў абвясціў аб дыверсіфікацыі нафтавых маршрутаў, замарозіў шэраг праектаў з РФ і прыняў дзясяткі тысяч маладых расейцаў, якія ратуюцца ад мабілізацыі. У той жа час, са слоў заснавальніка дэмакратычнай арганізацыі «Эркін Казахстан» Дзімаша Альжанава, большасць казахаў спачуваюць Украіне, бо на поўначы краіны пражывае вялікая колькасць этнічных расейцаў.

«У прынцыпе можна сказаць, што грамадства на баку Украіны. Пасля ўсіх гэтых абраз на адрас Казахстана з боку расейскіх афіцыйных асобаў людзі вельмі насцярожана ставяцца да Расеі. Парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны звязанае і з казахстанскім грамадствам, бо яны асцерагаюцца, што тое ж самае можа адбыцца і з Казахстанам, асабліва на поўначы краіны», - дадаў ён.

Хаўруснікі не хочуць рызыкаваць

Але Такаеў - не адзіны рэгіянальны лідар, які кінуў выклік Пуціну. На мінулым тыдні прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян абвінаваціў АДКБ у тым, што яна падвяла ягоную краіну, і адмовіўся падпісаць дэкларацыю саміту, а расейскі прэзідэнт у абурэнні кінуў асадку на стол.

У кастрычніку прэзідэнт Кыргызстана Садыр Жапараў грэбліва адазваўся аб 70-годдзі Пуціна, а таксама аб саміце СНД у Санкт-Пецярбургу. Раз'юшаны вераснёўскімі сутычкамі з таджыкскім войскам ён нават скасаваў вайсковыя вучэнні ў рамках АДКБ.

Але самым нечаканым стаў папрок ад прэзідэнта Таджыкістана Эмамалі Рахмона. На кастрычніцкім саміце ў Астане ён перасцярог Пуціна ад ігнаравання малых краін.

«Мы хочам, каб нас паважалі ў адказ. Я прашу вас не праводзіць палітыку ў дачыненні да краін Цэнтральнай Азіі, як калі б яны былі былым Савецкім Саюзам», - падкрэсліў ён.

Суседзі Расеі маюць свае ўласныя інтарэсы, але вайна ва Украіне выявіла відавочныя рызыкі лідарства Масквы ў пытаннях калектыўнай бяспекі. На думку Тэмура Умарава, у доўгатэрміновай перспектыве расейскія пазіцыі ў Цэнтральнай Азіі непазбежна пагоршацца на фоне росту ўплыву Кітая.

«Расея мае патрэбу ў Цэнтральнай Азіі значна больш, чым калі-небудзь раней, бо яна ізаляваная, і кожная краіна, якая прадаўжае падтрымліваць хаўрусніцкія стасункі з Расеяй, стала нашмат больш каштоўнай», - дадаў ён.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках