Расейскія мытнікі затрымалі лукашысцкую кантрабанду на $1,6 мільёна
5- 3.12.2022, 10:36
- 12,744
Кіроўца фуры спрабаваў уцячы.
Расейскія мытнікі ў Смаленскай вобласці перахапілі буйную партыю беларускіх цыгарэтаў. Пра гэта паведамляе Цэнтральная мытная ўправа ФМС РФ.
Мытнікі спынілі грузавік для праверкі, аднак кіроўца адмовіўся паказваць дакументы на тавар і ўцёк. Аўтамабіль з грузам перагналі на склад. Праз тыдзень кіроўца сам прыйшоў у мытню, пасля чаго тавар даглядзелі.
У грузавіку мытнікі знайшлі 1 млн пачкаў беларускіх цыгарэтаў без дакументаў і расейскіх акцызных марак. Кошт партыі ацэньваецца больш чым на 100 млн расейскіх рублёў (1,6 млн даляраў).
Расейскія мытнікі рэгулярна перахапляюць кантрабандныя цыгарэты з Беларусі на вялікія сумы. Так, 21 лістапада яны затрымалі рэкордны груз на 4,3 млн даляраў. Тады кантрабандным спосабам спрабавалі завезці 2,3 млн пачкаў цыгарэтаў без акцызных марак.
Расейскія эксперты ацэньваюць пастаўкі з Беларусі як 92 адсоткі незаконнага абароту цыгарэтаў у Расеі.